Мінскі архікатэдральны касцёл, 15 мая 2016 г.
Дарагія дзеці, іх бацькі, блізкія, браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае вельмі вялікую ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, якой завяршаецца велікодны перыяд. Святы Дух ужо 2000 гадоў ажыўляе духоўнае жыццё і вядзе Касцёл па ўзбураных хвалях акіяну кожнага часу са сваімі выклікамі.
Спасланне Духа Святога традыцыйна яшчэ называецца Зялёнымі святамі. Сёння, асабліва ў вёсках, касцёлы ўпрыгожваюцца бярозавымі зялёнымі галінкамі. Гэта вельмі сімвалічна. Наступіла вясна, і на галінках дрэў з’яўляюцца зялёныя лісткі – знак жыцця.
Таксама і Святы Дух з’яўляецца знакам духоўнага жыцця і дзякуючы сваім сямі дарам нас ажыўляе. Калі засыхаючае дрэва паліць вадой, то яно ажывае, таксама і мы, якія засохлі духоўна, дзякуючы Святому Духу ажываем да новага жыцця.
Праз свайго Духа Езус прысутны па ўсёй зямлі і дзейнічае сваёй ласкай. Ён таксама прысутны сёння і ў нашай катэдры, дзе дзеці прымаюць Першую святую Камунію.
2. Вельмі-вельмі даўно адна пабожная законніца прыйшла да св. Тэрэзы Вялікай і сказала ёй, якой яна была б шчаслівай, калі б жыла ў часы Езуса, бо магла б бачыць і чуць Яго. Яна казала, што тады, напэўна, была б святой.
Святая Тэрэза паслухала яе, усміхнулася і сказала, што Езус і сёння з намі на гэтай зямлі. Мы Яго можам бачыць, пачуць і нават прыняць як хлеб нашага жыцця. Ён ёсць з намі ў Святым Пісанні і ў сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі.
3. Сёння, дарагія дзеці, упершыню вы наблізіцеся да Езуса, каб прыняць Яго ў свае сэрцы. Вы не бачыце Езуса сваімі вачыма, як бачылі хлопчыкі і дзяўчынкі 2000 гадоў таму. Аднак праз веру і веды, якія вы атрымалі падчас катэхізацыі, вы шмат ведаеце пра Яго.
Успомнім евангельскі аповед пра нявернага Тамаша, які казаў, што ніколі не паверыць ва ўваскрасенне Езуса, пакуль не ўбачыць Яго жывым і не ўкладзе пальцы сваіх рук у Яго раны. Але прыйшоў час, калі гэта здарылася, і Тамаш усклікнуў: “Пан мой і Бог мой”. А Езус яму адказаў, што ён паверыў, бо ўбачыў, але благаслаўлёныя тыя, якія не бачылі, але паверылі. І вы благаслаўлёныя, бо верыце ў Езуса, які прыходзіць да вас у святой Камуніі.
З Евангелля мы ведаем, што Марта і Марыя прынялі Езуса ў свой дом як самага дарагога і чаканага госця. Сёння Ён прыходзіць у дом вашых душаў і сэрцаў. Перад прыняццем Камуніі мы ўсе скажам: “Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая”. Гэта азначае, што Езус прыходзіць да нас як лекар нашых душ.
4. Каб прыняць такога дастойнага госця, трэба быць адпаведна падрыхтаваным. Недастакова быць убраным у прыгожыя святочныя адзенні. Патрэбна яшчэ і духоўная вопратка, гэта азначае стан ласкі. Веру ў тое, што два гады падрыхтоўкі да першай споведзі і Камуніі не прайшлі дарма. Вы вывучалі гісторыю збаўлення і праўды веры, вучыліся маліцца і маліліся, прайшлі першую споведзь і падчас гэтай святой Імшы прымеце Езуса.
Трэба заўважыць, што Камунію мы прымаем падчас святой Імшы, удзел у якой рыхтуе нас да прыняцця Езуса ў нашы сэрцы. Таму мы павінны ўважліва, пабожна і з належнай пашанай да Езуса прымаць у ёй удзел. Мы не можам даць Езусу вады ці ежы, не можам Яго абняць і пацалаваць, як гэта робім з бацькамі і блізкімі. Аднак мы ўшаноўваем Яго падчас Імшы, калі чынім знак крыжа, адказваем на заклікі святара, спяваем рэлігійныя песні, становімся на калені і г.д., а не бегаем па касцёле і размаўляем паміж сабой. Гэта вельмі важна і на гэта трэба звяртаць увагу праз усё жыццё. Святы Аўгустын кажа, што нельга прымаць Камуніі, не ўшанаваўшы перад гэтым Езуса.
Пасля прыняцця Камуніі мы вяртаемся на свае месцы. І што далей? Ці можам мы размаўляць адзін з адным? Не, мы павінны размаўляць з Езусам. Мы ўжо ўспаміналі, што Марта і Марыя з радасцю прынялі Езуса ў сваім доме. Мы больш шчаслівыя, бо прымаем Яго не ў нашых дамах, але ў душах. Ён становіцца нашай ежай і такім чынам злучаецца з намі.
Што мы павінны Яму сказаць? Найперш падзякаваць за тое, што захацеў прыйсці да нас. Далей праслаўляць Яго і ўшаноўваць. Неабходна размаўляць з Ім, выказваць Яму нашу любоў, перапрашаць за ўсе знявагі і маліцца ў канкрэтных інтэнцыях, напр. за бацькоў, блізкіх, святароў, катэхетаў і г.д.
Праслаўляючы Усявышняга за такі вялікі дар, якім з’яўляецца Першая Камунія для дзяцей, падзякуем Яму за гэты вялікі дар Ягонай бязмежнай міласэрнасці. Няхай Ён учыніць, каб сённяшні дзень меў свой працяг і каб гэтыя дзеці як мага часцей прымалі Езуса – іх надзею на шчаслівае жыццё.
У дзень Першай Камуніі жалаю вам, дарагія дзеці, каб вы заўсёды крочылі шляхам Хрыста, гэта азначае шляхам праўды, любові і веры, а добры Бог няхай заўсёды апякуецца вамі. Вы ж, дарагія бацькі і блізкія гэтых дзяцей, давайце ім добры прыклад хрысціянскага жыцця, частай споведзі і святой Камуніі, бо толькі тады яны будуць выхоўвацца ў хрысціянскіх цнотах і патрэбнай для шчаслівага жыцця і збаўлення Божай ласцы. Амэн.
|