25 мая 2016 г., Гродна
Эўхарыстыя – знак Божай міласэрнасці
Глыбокапаважаныя браты i сёстры!
1. Евангелле, якое мы толькi што пачулi, распавядае пра цуд памнажэння хлеба на пустынi. Заварожаныя вучэннем Езуса, людзi iдуць за Iм, iдуць нават за горад у пустыню, не задумываючыся аб тым, што там не будзе нi хлеба, нi вады. Такiм чынам яны падвяргаюць сябе небяспецы, а можа, нават i смерцi.
Езус заўважае складаную сiтуацыю, у якой апынулiся Яго слухачы, i кажа апосталам iх накармiць. У Ягоных вучняў адразу ўзнiкае лагiчнае пытанне: “Адкуль узяць хлеба на такую вялiкую колькасць людзей?” Яны ведаюць, што адзiн хлопчык мае пяць боханаў хлеба i дзве рыбы, але гэта кропля ў моры ў параўнанні з патрэбамі.
Нягледзячы на гэта, Езус кажа апосталам рассадзiць людзей на зямлі. Потым бярэ ў рукі хлеб, моліцца, ламае яго i дае вучням, каб раздавалі людзям. Хаця агульная колькасць боханаў хлеба была абмежаванай, яго хапіла на ўсіх. Больш за тое, засталося яшчэ 12 кашоў нез’едзеных кавалкаў хлеба.
Гэта стала магчымым таму, што ў руках Езуса абмежаваная колькасць хлеба стала такой, што яго хапiла ўсiм. Пяццю боханамi хлеба Езус накармiў пяць тысяч мужчын, не лічачы жанчын i дзяцей. Гэта тое, што мы называем цудам памнажэння хлеба.
Натуральна, што пасля гэтага цуду за Езусам пайшла яшчэ большая колькасць людзей. Езус накарміў іх задарма, i яны ішлі за Ім. Тое ж самае мы бачылі б i сёння. За хлеб трэба плаціць. А калi яго нехта дае задарма, то чаму ж не стаць у чаргу.
2. Езус, як добры псіхолаг, добра прачытаў iнтэнцыi людзей i выкарыстаў сітуацыю, каб падрыхтаваць іх да ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыi. Ён сказаў ім, што iх продкі елi манну ў пустыні, але памерлі. У той жа час Ён паабяцаў даць iм хлеб вечнага жыцця. Вядома, што яны адразу папрасілі Яго аб гэтым. Упэўнены, што i мы паступілі б гэтак жа.
I тут наступае рашучы момант вучэння Езуса пра Эўхарыстыю. Ён кажа, што гэтым хлебам ёсць Яго цела. Гэтыя словы Езуса габрэi зразумелі iнструментальна i таму іх не прынялі. Яны не былі ганiбаламi i не елi чалавечага мяса, i таму адышлі.
Аднак Езус гаварыў пра Эўхарыстыю. У цудзе памнажэння хлеба Езус прадэманстраваў сваю міласэрнасць i не пакінуў галодных людзей адных з iх праблемамі. Таму цуд памнажэння хлеба з’яўляецца запаведдзю ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыi.
3. Калi наблізіўся час выканаць даручаную Езусу Нябесным Айцом мiсiю збаўлення чалавецтва, то падчас Апошняй Вячэры Ён устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыi, якая з’яўляецца хлебам вечнага жыцця. Тады Ён таксама ўстанавіў сакрамэнт святарства. Гэтыя два сакрамэнты непарыўна звязаны паміж сабой. Святарства вынікае з Эўхарыстыi, якой не можа быць без сакрамэнту святарства.
Езус ведаў, што пасля завяршэння даручанай Яму мiсii збаўлення чалавека праз пасхальную таямніцу крыжовай смерці i Уваскрасення Ён вернецца ў дом свайго Нябеснага Айца. Ён таксама ведаў, што павінен назаўсёды застацца з людзьмі, якіх збавіў.
Ён ёсць з намi ў Святым Пiсаннi, у сакрамэнтах i ў дзейнасці Касцёла. Кожны сакрамэнт – гэта асабістая сустрэча з Езусам. Аднак у Эўхарыстыi мы не толькі сустракаемся з Ім, але i прымаем Яго. Ён становіцца нашай духоўнай ежай. Для падтрымання біялагічнага жыцця неабходна ежа. Тое ж самае правіла дзейнічае i ў духоўнай сферы.
Дзве тысячы гадоў святары цэлебруюць Эўхарыстыю i кормяць людзей хлебам вечнага жыцця. Цуд памнажэння хлеба працягваецца. Езус корміць усіх жадаючых, каб не былі духоўна галоднымі. 4. Сёння мы святкуем сярэбраны юбілей адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусi i заснавання Гродзенскай дыяцэзii. Дзень 13 красавіка 1991 г. кардынальна змяніў сітуацыю Касцёла ў нашай краіне. Колькасць святароў i святынь непараўнальна большая, чым гэта было 25 гадоў таму.
Мы добра ведаем, як цяжка, калi няма месца, дзе паесці, напрыклад, няма сталовай. Калi ў 1990 г. у Гродне была заснавана духоўная семiнарыя, то не было сваёй сталовай i трэба было шукаць месца, дзе можна было б карміць семінарыстаў. Мы хадзілі з аднаго месца ў другое. Не паўсюль нас прымалі, пакуль мы не дамовіліся са сталовай Гродзенскага аблвыканкама.
Нешта падобнае ў часы ганенняў на веру было i з Эўхарыстыяй, з яе цэлебрацыяй i ўдзелам у ёй. Тады Беларусь была як быццам духоўнай пустыняй, асаблiва на ўсходзе, дзе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя не было ніводнага касцёла i ніводнага святара. Гэта была выпаленая духоўным Чарнобылем зямля.
Але стаўся цуд, мы атрымалі свабоду веравызнання. Хрыстус праз сваіх святароў памнажае духоўны хлеб i ім корміць людзей. Колькасць духоўных сталовых павялічылася, i яны гатовы заўсёды накарміць жадаючых. Гэта не што іншае, як знак Божай міласэрнасці. Мы маем права задарма атрымаць хлеб вечнага жыцця.
5. Але як мы ставімся да гэтага? Як успрымаем гэты дар Божай міласэрнасці? Цi спяшаемся на нядзельную Імшу? Цi часта прымаем святую Камунiю? Ці прымаем удзел у адарацыi Найсвяцейшага Сакрамэнту? Цi даюць бацькі прыклад дзецям i ці прымаюць разам з iмi ўдзел у Эўхарыстыi кожную нядзелю i свята?
А можа, падобна габрэям, мы адыходзім, бо не жадаем зразумець значэння Эўхарыстыi ў нашым жыцці? Можа, Эўхарыстыя для нас з’яўляецца надзвычай неахвотным рэлігійным абавязкам? Можа, удзельнічаем у ёй толькі з традыцыі, не засяроджваючы ўвагі на яе духоўным значэнні?
На гэтыя i падобныя пытанні нам неабходна адказаць.
У часы вялікай міграцыі з Еўропы ў Злучаныя Штаты Амерыкi адна бедная сям’я пазычыла грошы, каб адправіцца шукаць шчасця за акiянам. Яны ўзялi з сабой дастатковую колькасць хлеба i сыру, каб мець што есцi. Праз некалькі дзён такая ежа збрыдла для малога хлопчыка, які хацеў нармальнай гарачай ежы. На апошнія грошы яны пайшлі ў рэстаран, каб пакарміць дзіця. Якое ж было iх здзіўленне, калi даведаліся, што ежа ўваходзіць у кошт білета.
У кошт нашага хрысцiянскага білета, калi так можна выказацца, уваходзіць i Эўхарыстыя. Мы маем магчымасць задарма кожны дзень атрымліваць хлеб вечнага жыцця. Ці ведаем мы аб гэтым i ці набліжаемся да боскага стала?
Неразумным трэба назваць чалавека, які тоне і не хапаецца за выратавальны круг. Эўхарыстыя ратуе нас, бо ўмацоўвае нашы духоўныя сілы, каб мы не патанулі ва ўзбураным моры секулярызму.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас Сусветных дзён моладзі ў Кёльне ў 2005 г. сказаў, што Эўхарыстыя змяняе нас, каб мы маглі змяняць свет.
Як Эўхарыстыя нас змяняе? Зразумець гэтую таямніцу нам дапамогуць простыя жыццёвыя прыклады. Калi чалавек п’е шмат малака, то ў яго арганізме павялічваецца колькасць кальцыю. Калi есць шмат мяса, то павялічваецца колькасць жалеза. Падобна гэтаму, калi ён часта прымае Эўхарыстыю, то абагаўляецца.
Ёсць наступная прыказка: “Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл”. Сапраўдны Касцёл – гэта Божы народ, якi самым дасканалым чынам праяўляецца падчас Эўхарыстыi.
6. Удзячныя Богу за дар гэтага сакрамэнту, зробім рахунак сумлення адносна нашага стаўлення да Эўхарыстыi i ўдзелу ў ёй. Як нельга паесці, толькі гледзячы на смачную ежу праз акно вітрыны магазіна, таксама нельга духоўна насыціцца, не прымаючы ўдзелу ў святой Iмшы.
Успомнім часы пераследу веры. Людзі ехалі сотні i тысячы кіламетраў, каб толькі ўдзельнічаць у святой Імшы. Трэба было бачыць іх радасць! Сёння мы часта маем касцёл пад бокам, але не ведаем дарогі да яго.
Адзін глыбока веруючы хрысціянскі пiсьменнiк наведаў Францыю. Ён жыў у гатэлі, дзе абслуга насіла вялікія крыжы на шыi, таму спытаўся ў іх, а каторай гадзіне святая Імша ў касцёле. Ніхто не ведаў. Гэта ілюстрацыя таго, што часта мы з’яўляемся непрактыкуючымi ананімнымі веруючымі.
У той жа час Езус выразна кажа, што хто прымае Яго Цела i п’е Яго Кроў, будзе жыць вечна.
Адна гісторыя распавядае пра тое, як у поўдзень у касцёл стаў прыходзiць адзін чалавек. Ён станавіўся на каленi i вельмі хутка выходзіў. Святар зацікавіўся ім i спытаў, чаму ён так паступае — прыходзіць i адразу выходзіць. Чалавек адказаў, што моліцца. “Але якая ж гэта малітва — увайсці i выйсці?” – спытаў ксёндз. Чалавек адказаў, што становіцца на каленi i кажа: “Вітай, Езу, я Ян”, пасля чаго выходзіць. Ён хацеў бы памаліцца больш, але не мае часу, бо касцёл можа наведаць толькі падчас абедзеннага перапынку ў працы. Праз нейкі час гэтага святара заклікалі да хворага, у якім ён распазнаў таго самага чалавека, які яму сказаў: “Ксёндз, я бачу Езуса. Ён мне кажа: вітай, Ян, увайдзі ў Маё Валадарства”.
Езус заўсёды застаецца верным сваім абяцанням. Будзьма i мы вернымі нашым хрысціянскім абавязкам адносна Эўхарыстыi, бо яна ёсць хлебам вечнага жыцця, якім у сваёй бязмежнай міласэрнасці Бог нас адорвае. Амэн.
|