Мінскі архікатэдральны касцёл, 25 чэрвеня 2016 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. У чарговы раз сёння мы становімся ўдзельнікамі прэзбітэрскага пасвячэння. Выпуснік духоўнай семінарыі ў Пінску дыякан Аўгуст Калясінскі стане святаром.
Гэтым самым Мінска-Магілёўскі Касцёл узбагаціцца на аднаго святара. Бог пачуў наш голас: “Пашлі працаўнікоў на сваё жніво” — і пасылае. На вялікае жніво Пана прыходзіць новы працаўнік. Таму наша радасць павінна быць вялікай, бо з ім мы звязваем новыя надзеі.
2. Як арцыбіскуп і пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла, дзякую ўсім, хто стаяў на шляху да святарства гэтага маладога чалавека. Гэта бацькі і блізкія, якія стваралі атмасферу хатняга Касцёла, дзе ён узрастаў у духу любові да Бога і бліжняга, а таксама ў духу паслухмянасці Божай волі. Дзякую святарам, якія паспрыялі таму, што ён адкрыўся на голас клічучага яго да святарства Пана. Дзякую выхальнікам, выкладчыкам і ўсім супрацоўнікам семінарый, дзе ён праходзіў фармацыю да святарства.
Семінарыя – гэта кузня духоўных кадраў. Падобна таму, як у кузні метал разаграецца да белага напалу і каваль вырабляе з яго адпаведны твор, таксама і семінарыя дапамагае кандыдату адкрыцца на агонь Святога Духа, даверыцца Езусу, які праз семінарыйнае кіраўніцтва фармуе з юнакоў будучых святароў.
3. Дыякан Аўгуст сёння становіцца святаром Новага Запавету. Паразважаем над тым, да якой годнасці ён будзе ўзнесены.
Касцёл, асабліва Другі Ватыканскі Сабор, вучыць, што моцаю хросту мы становімся ўдзельнікамі агульнага святарства Езуса Хрыста. Аднак Езус выбірае некаторых, каб публічна выконвалі абавязкі службовага святарства. Езус сам быў пасланы ў гэты свет сваім нябесным Айцом, і Ён, у сваю чаргу, пасылае выбраных Ім апосталаў. Яны і іх наступнікі, біскупы, а таксама дапаможнікі біскупаў – прэзбітэры, далей працягваюць Яго служэнне настаўніка, святара і пастыра. Прэзбітэры з‘яўляюцца супрацоўнікамі біскупаў і пакліканы служыць Божаму народу.
Прэзбітэрскае пасвячэнне згодна з традыцыяй адбываецца праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння. Дзякуючы гэтаму кандыдат у прэзбітэры становіцца святаром Новага Запавету для абвяшчэння Евангелля, цэлебрацыі сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, і кіравання Божым народам праз служэнне яму.
Надзвычай важным у наш час, калі ўсё часцей людзі адыходзяць ад Бога і нават жывуць так, як быццам Яго зусім няма, з’яўляецца заданне абвяшчэння Божага слова. Няхай тваё вучэнне будзе сапраўднай духоўнай ежай для народа, да якога ты будзеш пасланы, а прыклад жыцця няхай умацоўвае веру вернікаў і вядзе да Бога тых, хто Яго яшчэ не спазнаў.
З такім самым пасвячэннем ты павінен будзеш спаўняць абавязак асвячэння людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў. Памятай, што будзеш чыніць гэта не сваёй моцай, але ад імя Хрыста. Таму кожны дзень памірай для граху, каб самому жыць Хрыстом, чыёй моцай будзеш дзейнічаць і чыёй ласкай будзеш адорваць людзей.
Калі будзеш хрысціць, то будзеш далучаць ахрышчаных да Касцёла, як Містычнага Цела Езуса. Калі будзеш спавядаць, то ад Імя Езуса будзеш адпускаць грахі, каб ажыццяўляць бязмежную Божую міласэрнасць і вяртаць да жыцця ў Божай ласцы заблукалых. Калі будзеш цэлебраваць сакрамэнт намашчэння хворых, то будзеш дапамагаць ім з чыстай душой перайсці да новага жыцця. Калі будзеш цэлебраваць Эўхарыстыю, то праз цябе некрывавым спосабам будзе ажыццяўляцца збаўчая ахвяра Галготы. Калі будзеш маліцца, то будзеш чыніць гэта за ўвесь Божы народ. Ты з народу ўзяты і для народу пастаўлены, каб весці яго да Бога. Святар, як кажа Папа Бэнэдыкт XVI, павінен быць спецыялістам па сустрэчы чалавека з Богам.
4. У выконванні сваіх святарскіх абавязкаў, дарагі духоўны сын, на першае месца стаў Хрыста, які цябе паклікаў і які павядзе сваёй дарогай. Неабходна толькі да канца даверыцца Яму, бо без Яго мы ніхто, – як кажа Папа Францішак.
Няхай заўсёды будзе табе прыкладам Добры Пастыр Хрыстус, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць і збавіць тых, якія загінулі.
11 верасня гг. у Карагандзе адбудзецца беатыфікацыя слугі Божага святара Уладзіслава Букавінскага. Ён нарадзіўся ва Усходняй Польшчы. Пасля завяршэння вучобы ў Кракаўскім універсітэце паступіў у кракаўскую духоўную семінарыі і быў пасвечаны як святар для Кракаўскай архідыяцэзіі.
Але яго цягнула на Усход, і ён стаў святаром Луцкай дыяцэзіі, якая потым адышла да Савецкага Саюза. Некалькі разоў быў арыштаваны, апынуўся ў Карагандзе. У сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя ўлады прапанавалі яму выехаць у Польшчу. Ён, аднак, адмовіўся і застаўся да канца з вернікамі Караганды, каб ім служыць. За яго вернасць пакліканню, святасць і ахвярнае служэнне людзям яго чакае хвала алтара.
Дарагі кандыдат у стан прэзбітэра дыякан Аўгуст, няхай твая ўвага будзе засяроджана на Хрысце, моцаю якога ты будзеце дзейнічаць, і на народзе Божым, да якога ты будзеш пасланы.
Ты павінен будзеш ім кіраваць праз служэнне з любоўю і ахвярнасцю. Для гэтага найперш неабходна самому аднаўляцца ў Хрысце і быць Яго сведкам у штодзённым жыцці, – як вучыць св. Ян Павел II.
І няхай так будзе. Амэн.
|