Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XIII Звычайную нядзелю, Год С

Мінскі архікатэдральны касцёл, 26 чэрвеня 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Чытанні, якія Касцёл прапануе нам на сённяшнюю нядзелю, засяроджваюць нашу ўвагу найперш на справе паклікання. Калі Езус клікаў некаторых людзей, каб пайшлі за Ім, то яны як быццам згаджаліся, але заўсёды пад рознымі ўмовамі. Яны вышуквалі розныя прычыны, каб адкласці рашэнне на потым.

Гэтым самым яны паказвалі сваю нерашучасць і негатоўнасць пакінуць усё і пайсці за Езусам. Ён жа, гледзячы на ўсё гэта, казаў, што той, хто, узяўшыся за плуг, азіраецца назад, не годны Божага Валадарства. І сапраўды, калі гаспадар бярэ ў рукі плуг, то глядзіць наперад, а не азіраецца, бо яму трэба араць і садзіць, каб мець добры ўраджай. Падобна і ў кожнай сферы жыцця: калі мы бярэмся за нейкую справу, то трэба імкнуцца выконваць яе да канца.
 
2. Нехта сказаў, што калі б у наш час Езус паслаў сваіх дванаццаць вучняў на тэст перад прыняццем іх на працу мэнэджэрамі ў нейкую арганізацыю, то мог бы атрымаць наступны адказ: “Дзякуем за прадстаўленне біяграфій і характарыстык гэтых людзей, якіх вы прадставілі як кандыдатаў на пасады мэнэджэраў у нашай фірме. Усе яны прайшлі адпаведныя тэсты, якія потым былі апрацаваны нашай камп’ютарнай праграмай. Пасля неабходных у такіх выпадках інтэрв’ю з псіхолагам і мэнэджэрам-кансультантам у нас ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што абсалютная большасць з прадстаўленых кандыдатаў не з’яўляюцца адпаведнымі для працы ў нашай фірме. Яны не маюць патрэбнай адукацыі і практыкі, каб быць мэнэджэрамі”.

Сымон Пётр эмацыйна неўраўнаважаны. Андрэй не мае патрэбных лідару якасцяў. Браты Якуб і Ян больш клапоцяцца пра свае індывідуальныя справы, чым пра супольныя. Тамаш адзначаецца скептычнасцю. Мацвей мае дрэнную мінулую рэпутацыю мытніка. Якуб, сын Алфея, і Тадэвуш радыкальна настроены. І толькі аднаго з кандыдатаў мы можам браць пад увагу – гэта Юда Іскарыёт, бо ён мае патэнцыйныя здольнасці быць мэнэджэрам, ён ведае, як весці дыялог з людзьмі, як выгадна выкарыстаць грошы і г.д.

3. Аднак, нягледзячы на тое, што сучасныя фірмы вынеслі б такое меркаванне аб кандыдатах на высокія пасады, тым не менш Хрыстус выбраў іх, простых галілейскіх рыбакоў, быць мэнэджэрамі Евангелля, калі так можна выказацца. Усё гэта дае нам надзею, што і мы можам і павінны слухаць голас Пана, клічучага нас да той ці іншай мсісіі, каб быць Яго сведкамі.

Як Бог выкарыстаў простых галілейскіх рыбакоў для місіі будавання свайго Валадарства на зямлі, так можа выкарыстаць і нас, людзей ужо XXI стагоддзя. Прыкладам можа быць св. Павел. Ён пераследаваў Касцёл, аднак Божая ласка ўчыніла яго найвялікшым у гісторыі хрысціянства місіянерам.

Таму ў святле сённяшняга Евангелля паўстае пытанне: “Ці гатовы мы дазволіць Езусу выкарыстаць нас у Яго плане збаўлення чалавецтва?” Езус паклікаў простых рыбакоў быць Яго апосталамі. Яны ўсведамлялі сваю нягоднасць, аднак пайшлі за Ім, бо даверыліся Яму, даверыліся таму, што Божая ласка з грэшных і простых людзей можа ўчыніць святых і адказных за даручаную ім місію.

4. Езус кліча некаторых да сямейнага жыцця. Сучасная сям’я перажывае небачаны дасюль крызіс. Сіноды Біскупаў на тэму сям’і, якія адбыліся ў 2014 і 2015 гг., паказалі, што маладыя людзі баяцца адказнасці за сямейнае жыццё, баяцца стаць бацькамі і маці.

Сучасныя сем’і таксама вельмі часта распадаюцца, бо, уступаючы ў сужэнскі саюз, маладыя людзі не да канца разумеюць сэнс паклікання да сужэнства. Яны таксама замест таго, каб жыць ахвярнай любоўю, шукаюць толькі задавальненняў. Гэта толькі некаторыя прычыны крызісу сям’і.

Некаторых Езус кліча да святарства і кансэкраванага жыцця. І ізноў мы бачым вельмі вялікі крызіс паклікання. Усе парафіі хочуць мець святара і манахінь. Але адкуль іх узяць, калі маладыя людзі не ідуць у семінарыі ці манаскія супольнасці? Многія вагаюцца, бо не ведаюць, ці змогуць быць добрымі святарамі, манахамі і манахінямі. Тут трэба памятаць, што, калі Бог кагосьці кліча, то знойдзе магчымасць дапамагчы.

Усе мы пакліканы быць добрымі хрысціянамі, сведкамі Евангелля. Гэта наша агульнае пакліканне. На жаль, сучаснае хрысціянства не заўсёды можа пахваліцца гэтым. Вельмі часта з хрысціянствам і Касцёлам нас злучае толькі пасведчанне хросту, і больш нічога. Мы, хрысціяне, не даём належнага прыкладу хрысціянскага жыцця сучаснаму свету. Мы жывём, не захоўваючы Божага закону, як язычнікі. Імкнёмся да паслаблення Божага права, кажам, што цяпер іншыя часы, не сярэднявечча, і таму таксама і Божы закон павінен быць зменены.

Пры гэтым мы забываемся, што Касцёл – гэта не парламент, не грамадская арганізацыя ці клуб па інтарэсах, але ўстанойлены Езусам боска-чалавечы арганізм, у якім дзейнічаюць Яго законы, якіх нельга адмяніць, бо тады Касцёл перастане быць Касцёлам у тым значэнні, у якім яго стварыў Езус.

Як хрысціяне, мы не заўсёды бярэм прыклад з міласэрнага Езуса і нярэдка гатовы ў лыжцы вады ўтапіць бліжняга. Сённяшняе Евангелле распавядае, як апосталы Якуб і Ян прасілі Езуса, каб знішчыў Самарыю, якая Яго не прыняла. Езус не пагадзіўся. Ён пакінуў час на навяртанне.

Распавядаюць, што аднойчы адзін генерал папракаў прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Лінкольна за яго мяккасць адносна ворагаў, бо ён не імкнуўся іх знішчыць. На такія папрокі прэзідэнт адказаў, што ён знішчае воргаў, робячы з іх сваіх сяброў.

5. Дарагія браты і сёстры!

Калі мы сумняемся ў нашым пакліканні і баімся адказнасці, то паглядзім на пакліканне апосталаў і на тое, як яны выканалі сваю місію, і адкажам словамі св. Аўгустына: “Калі іншыя маглі стаць святымі, то чаму ты, Аўгустын, не можаш?” І ён стаў. Таксама і мы, гледзячы на шматлікія прыклады паклікання да сямейнага жыцця, святарства, кансэкраванага жыцця і проста хрысціянства, скажам, што калі яны змаглі, то і мы з Божай дапамогай зможам. Амэн.

Адноўлена 26.06.2016 19:50
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі