Мінскі архікатэдральны касцёл, 10 ліпеня 2016 г.
Хто мой бліжні?
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Евангелле, якое Касцёл прапануе нам на сённяшнюю нядзелю, закранае вельмі важную тэму любові да бліжняга і міласэрнасці, на што вялікую ўвагу звяртае Папа Францішак, асабліва ў кантэксце Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці.
Хто мой бліжні? На гэта пытанне нялёгка адказаць, калі ўсё часцей праяўляюцца тэндэнцыі эгаізму і адасобленасці чалавека ў адносінах да іншых.
2. На пытанне кніжніка, што трэба рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця, Езус распавёў жыццёвую гісторыю, якая нярэдка здаралася ў тыя часы і таксама паўтараецца ў нашы дні. Святар Старога Запавету і левіт, гэта азначае вядомыя і паважаныя ў габрэйскай супольнасці асобы, прайшлі каля пабітага і абрабаванага разбойнікамі чалавека, якому патрабавалася дапамога.
Інакш паступіў самаранін, які не належаў да габрэйскага народа. Ён перавязаў раны параненага чалавека, прывёз яго ў заезд і заплаціў гаспадару за апеку над ім. Па словах Езуса, прыклад самараніна, які праявіў міласэрнасць у адносінах да абрабаванага і пабітага чалавека, з’яўляецца шляхам у вечнае жыццё.
Гонар не дазволіў святару і левіту схіліцца над параненым чалавекам, а любоў да бліжняга стала той сілай, якая натхніла самараніна дапамагчы яму. Менавіта таму ён застаўся ў гісторыі як міласэрны самаранін, вобраз якога часта ўспамінаецца і ў чый гонар засноўваюцца розныя дабрачынныя арганізацыі. У той жа час ніхто не ўспамінае ні святара, ні левіта. Гэта ўсё азначае, што для дасягнення вечнага шчасця мы павінны адмовіцца ад сваёй ганарлівасці, не закрываць вочы на патрэбы бліжніх і быць міласэрнымі да іх, як міласэрны наш Нябесны Айцец.
3. Божая міласэрнасць бязмежная, і да яе можа прыбягаць кожны. Толькі той, хто не звяртаецца да Бога з просьбай аб міласэрнасці, не спазнае яе, падобна таму, як чалавек, які закрываецца ад сонца, не спазнае яго святла і цяпла.
Міласэрнасць з‘яўляецца прыкметай Бога і нават Яго іменем, – як кажа Папа Францішак. Таму і мы, створаныя па вобразу і падабенству Божаму, таксама павінны быць міласэрнымі.
4. Спазнаўшы Божую міласэрнасць, мы самі павінны стаць яе сведкамі і носьбітамі ў сучасным свеце.
Вельмі добра аб гэтым нагадвае лагатып Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. На ім мы бачым міласэрнага Нябеснага Айца, які на сваіх плячах нясе патрабуючага дапамогі чалавека. Калі ўважліва ўгледзімся ў гэтую выяву, то ўбачым, што твары Бога і беднага чалавека прыціснуты адзін да аднаго.
Аднак, у той жа час, мы лёгка заўважым, што там толькі тры вока. Кожны твар мае два вока. Чаму ж на гэтай выяве не чатыры, а тры вока? Гэта не памылка і не праяўленне мадэрнісцкага, часам цяжкага для разумення, мастацтва. Ідэя аўтара лагатыпа ў тым, што чалавек павінен быць міласэрным, як міласэрны наш Нябесны Айцец, што ён павінен глядзець на праблемы іншага чалавека вачыма міласэрнага Бога, што позірк чалавека павінен супадаць з позіркам Бога. Менавіта таму сярэдняе вока – гэта адначасова вока Бога і чалавека.
Папа Францішак нагадвае аб тым, што пшаніца і зелле растуць разам. Таму мы павінны прыняць логіку спачування патрабуючым, слабым і грэшнікам. Хто найбольш запэцкаў свае рукі? Езус. Ён не баяўся ісці да грэшнікаў і прымаў іх такімі, якімі яны былі, але не такімі, якімі павінны быць.
5. Любоў да бліжняга заўсёды застаецца творчай. Успомнім гераічную смерць у Асвенцімскім канцэнтрацыйным лагеры св. Максімільяна Кольбэ. Ён аддаў сваё жыццё за бацьку сям’і. Кольбэ загінуў, але жыццё засталося. Многія вязні гэтага жудаснага лагера смерці, дзякуючы яго прыкладу, знайшлі надзею, якая дапамагла ім ператрываць час зняволення. Тыя ж, якія завяршылі там сваё зямное жыццё мучаніцкай смерцю, праз яго прыклад спаткалі яе з надзеяй на новае жыццё ў Божым Валадарстве.
Святы Айцец Францішак кажа, што дзейсная любоў з’яўляецца візітнай картачкай хрысціяніна. А святы Ян Павел II вучыць, што адзінае магчымае сярод хрысціян суперніціва можа быць толькі ў тым, чыя любоў большая.
6. Вядомы французскі філосаф і тэолаг, прафесар Сарбонскага ўніверсітэта, першы свецкі аўдытар Другога Ватыканскага Сабору Жан Гютон (Jean Giutton) у адной са сваіх кніг прадстаўляе сябе на ложку смерці. Ён размаўляе з рознымі асобамі. Першым, каго ён сустракае, з’яўляецца д’ябал. Ён кажа яму: «Будучы маім самым вялікім ворагам, на самой справе ты з’яўляешся маім самым лепшым сябрам. Калі ты мяне спакушаеш, то выстаўляеш на выпрабаванне і гэтым самым змушаеш аднаўляць маю веру ў Бога».
Мараль гэтай гісторыі ў тым, што той, хто нас абражае, з’яўляецца нашым сябрам, бо дапамагае нам кінуць пад нашы ногі нашае «я» — першага і галоўнага ворага любові да бліжняга.
7. Будучы Сынам Божым, Адзінародным Айцу, Езус быў пакорны сэрцам. Ён быў зняважаны, але не адрокся ад любові да чалавека, любіў кожнага і аказваў сваю міласэрнасць патрабуючым, хворым і нават найбольшым грэшнікам.
Адкажам сёння і мы на фундаментальныя пытанні: ці нашы сэрцы і душы сфармаваны ў адпаведнасці з Божым законам любові да Бога і бліжняга? Ці мы разумеем у духу Евангелля, хто наш бліжні? Ці стараемся дапамагчы яму? Калі так ёсць на самой справе, то служэнне бліжняму будзе лёгкім і прыемным. Амэн.
|