Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы ў межах ХХХІ Сусветных дзён моладзі

Кракаў, 29 ліпеня 2016 г.

Быць прыладай Божай міласэрнасці

 

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Чытанні падчас святой Імшы апошняга дня катэхез XXXI суветнага форуму моладзі ў Кракаве нагадваюць нам евангельскую сцэну адведзінаў Марыяй святой Альжбеты. Марыя, якая падчас Звеставання назвала сябе слугой Бога, жадае таксама быць і слугой бліжняга. Яна спяшаецца ў дом Альжбеты і Захарыі.

Евангелле прадстаўляе нам сцэну сустрэчы Марыі і Альжбеты. Гэта была сустрэча не толькі дзвюх жанчын, якія знаходзіліся ў благаслаўлёным стане, але і дзвюх яшчэ не народжаных асобаў – Езуса і св. Яна Хрысціцеля. Ласка Збаўцы, які знаходзіўся ва ўлонні Марыі, пачынае дзейнічаць, і Яго будучы папярэднік, св. Ян Хрысціцель, які быў ва ўлонні Альжбеты, быў вызвалены ад першароднага граху.    

Натхнёная Святым Духам, Альжбета пазнае ў Марыі не толькі сваю сваячку, але і Маці Збаўцы, і таму ўсклікае: “Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне!” На гэтае поўнае веры эмацыйнае прывітанне Марыя ў адказ спявае свой славуты гімн “Magnificat”, у якім праслаўляе Бога за тыя вялікія рэчы, якія Ён учыніў Ёй.

2. У духу Сусветных дзён моладзі, прысвечаных тэме міласэрнасці, неабходна сказаць, што сцэна адведзін Марыяй св. Альжбеты вельмі добра ёй адпавядае. Марыя спяшаецца з дапамогай сваёй сваячцы Альжбеце. Яна спяшаецца ў яе дом не адна. Пад Яе сэрцам ужо б’ецца сэрца Збаўцы. Яна прыносіць у дом Альжбеты Езуса і Яго ласку.

Гэта вельмі важна. Найчасцей, калі мы кажам пра справы дабрачыннасці, то маем на ўвазе найперш матэрыяльную дапамогу патрабуючым. І гэта праўда. Аднак дабрачыннасць мае яшчэ і духоўнае вымярэнне. Нездарма катэхізіс вучыць пра ўчынкі міласэрнасці адносна цела і душы. Трэба дапамагаць тым, каму патрэбна матэрыяльная дапамога, але не меншае заданне – дапамагаць тым, каму патрэбна духоўная. Гэта вельмі важна ў наш час, калі людзі ў першую чаргу клапоцяцца пра матэрыяльныя справы і забываюцца пра духоўныя.

Але ёсць яшчэ адно вымярэнне дабрачыннасці. А менавіта тое, што, дапамагаючы матэрыяльна, мы таксама дапамагаем і духоўна. У Маскве адзін брат францішканін кожную суботу хадзіў у хоспіс і дапамагаў паміраючым. Ён іх мыў, перавязваў, карміў, размаўляў з імі і г.д. Супрацоўнікі хоспіса дзівіліся і пыталіся ў яго, што ім кіруе. Мы працуем і атрымліваем зарплату, казалі яны, а ты прыходзіш дабравольна. Яго тлумачэнне, што ён чыніць гэта з любові да бліжніх, змяняла светапогляд супрацоўнікаў хоспіса.

Ужо з першых стагоддзяў хрысціянства дабрачыннасць была адным з евангелізацыйных элементаў і многім адкрыла вочы на Евангелле любові. Дзякуючы гэтаму яны сталі веруючымі.

Так ёсць і сёння. Як шмат людзей на постсавецкай прасторы знайшло Бога дзякуючы бескарыснаму служэнню іншых.

3. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Марту. З Евангелля мы ведаем, што Марта жыла разам са сваёй сястрой Марыяй і братам Лазарам, якога Езус уваскрасіў. З Евангелля таксама ведаем, што, калі Езус быў у гасцях у іх доме, то Марта Яму прыслугоўвала, а Марыя Яго слухала.

Вядома, што Марце гэта не падабалася, і яна папрасіла Езуса сказаць Марыі, каб дапамагала ёй. На што Езус адказаў, што Марыя выбрала лепшую частку. Многія даследчыкі Евангелля звяртаюць увагу на крытыцызм Езуса адносна Марты. Аднак, на самой справе, гэта была не крытыка ў яе адрас і не прыніжэнне хатняй працы, але запрашэнне для Марты, каб нават падчас працы яна слухала Яго. Жыццё паказвае, што жанчыны на кухні вельмі добра ведаюць, што адбываецца ў іншых частках дома.  

4. Гэтая заўвага Езуса сведчыць, што ў Касцёле ёсць месца як для малітвы, так і для ўчынку. Адно патрабуе другога. Марта і Марыя прадстаўляюць два тыпы чалавечай актыўнасці, якія можна і неабходна пагадзіць і якія павінны ісці нага ў нагу. Вельмі добра аб гэтым нагадвае св. Бэнэдыкт, дэвізам служэння якога былі словы “Ora et labora” – “Маліся і працуй”.

Марта выявіла сваю глыбокую і моцную веру ў сцэне ўваскрашэння Лазара, калі сказала, што верыць ва ўваскрасенне цел напрыканцы свету. У сцэне служэння Езусу яна паказала жывую веру, бо без учынку вера памірае, – як вучыць св. апостал Якуб.

5. Святы Аўгустын піша, што Марта і Марыя былі не толькі сёстрамі, але і што іх аб’ядноўвала таксама пабожнасць. Абедзве былі адданыя Богу і абедзве ахвотна служылі Езусу. Марта прыняла Яго так, як належыць прыняць жаданага госця. У рэчаіснасці яна прыняла Яго, як стварэнне прымае свайго Стварыцеля. Тая, якая павінна была атрымаць духоўную ежу, прыняла Яго, каб ахвяраваць Яму матэрыяльную. Яна прыняла Яго як спадарожніка, які прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі. Тым, аднак, хто Яго прыняў, Ён даў моц стаць дзецьмі Божымі.

Можа, некаторыя кажуць, што благаслаўлёныя тыя, якія жылі ў часы Езуса. Яны маглі Яго бачыць, слухаць і Яму служыць. Не трэба наракаць, што мы не бачым Яго ў чалавечым целе. Мы таксама можам спаткаць Яго ў кожным іншым чалавеку, асабліва ў бедным і патрабуючым. Нездарма Езус кажа: што зрабілі аднаму з Маіх самых малых братоў, Мне зрабілі. Таму, праяўляючы міласэрнасць у дачыненні да бліжняга, мы не толькі бачым Езуса, але і становімся сучаснымі Мартамі, якія клапоцяцца аб патрабуючых. Мы таксама становімся сучаснымі Марыямі, якія слухаюць голас Езуса і жывуць паводле яго.

6. Евангелле кажа, што Езус знаходзіцца ў доме не Лазара ці Марыі, але ў доме Марты. Яна ў ім праз сваю паслугу адыгрывае галоўную ролю. Гэта азначае, што служэнне бліжняму вядзе да Бога.

Божы Провід паставіў кожнага з нас у нейкім месцы. Гэта наш дом. Як мы ў ім сябе паводзім? Ці знаходзім у мітусні сучаснага свету час на малітву? Ці памятаем аб Божым законе любові да Бога і бліжняга? Ці мой бліжні – гэта кожны чалавек? А можа, толькі той, хто мне падабаецца? Ці спяшаюся я дапамагчы яму, быць міласэрным да яго, як Бог міласэрны да мяне?

7. Святы Айцец Францішак заклікае нас засяродзіцца над сведчаннем міласэрнасці, над тым, каб мы былі сапраўднымі носьбітамі Божай міласэрнасці, як была Марыя – Маці Божая, і як была Марта. Гэта азначае, што дзякуючы нам Божая міласэрнасць павінна быць дынамічнай, а не статычнай. Бог не мае рук і ног. Мы павінны стаць Яго нагамі і рукамі, каб дар Божай міласэрнасці дасягнуў кожнага.

У адным з варшаўскіх касцёлаў знаходзіцца крыж з выявай Укрыжаванага, але без рук і ног. Пад крыжам ёсць надпіс: “Будзь Маімі рукамі і нагамі”. Гісторыя гэтага крыжа вельмі цікавая і павучальная. Калі абстрэльвалі Варшаву падчас II Сусветнай вайны, то моцна пашкодзілі гэты касцёл. А калі яго аднаўлялі, то знайшлі крыж з выявай Езуса без ног і рук. Пробашч хацеў іх дарабіць. Аднак вернікі папрасілі не рабіць гэтага. Яны сказалі, што будуць рукамі і нагамі Езуса.

Дарагая моладзь!

Будзьма рукамі і нагамі міласэрнага Езуса, каб кожны чалавек, з якім мы сустракаемся, спазнаў збаўчую ласку Божай міласэрнасці. Амэн.

Адноўлена 29.07.2016 17:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі