6 жніўня 2016 г.
З радасцю ўвойдзем у дом Пана
1. Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Так і хочацца спяваць гэтыя словы, бо вялікая наша радасць, таму што на мапе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з’яўляецца яшчэ адзін касцёл, як месца спаткання чалавека з Богам.
Выказваю шчырую падзяку ўсім, хто паспрыяў будаўніцтву гэтага касцёла. Найперш вернікам, якія вельмі актыўна і нават настойліва імкнуліся да мэты – мець свой касцёл. Як заўсёды, пры атрыманні дазволу, праектаванні і будаўніцтве ўзнікае шмат праблем. Але вы не паддаваліся і імкнуліся наперад. Без вашай настойлівасці і арганізацыйнага ўкладу яго не было б.
Дзякую Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і, якая ўсклала на свае плечы заданне па практычнай рэалізацыі гэтага праекту. Дзякую дабрадзеям, спонсарам і вернікам, якія працавалі пры будаўніцтве. Са словамі ўдзячнасці звяртаюся да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады за дазвол на будову. Касцёл і дзяржава – гэта аўтаномныя адзінкі, кожная з якіх кіруецца сваімі законамі. Аднак і Касцёл, і дзяржава для чалавека. Новапабудаваны дом малітвы будзе служыць людзям і іх выхаванню на маральных прынцыпах, каб былі добрымі вернікамі і грамадзянамі нашай краіны.
Словы падзякі кірую да архітэктараў і будаўнікоў.
2. Сённяшняе Евангелле распавядае аб тым, як Езус узяў з сабой на высокую гару Табор вучняў Пятра, Яна і Якуба і перад імі перамяніўся. Сцэна Перамянення заварожвае кожнага, хто пра яе чуе. Яна таксама прадстаўляе шмат матэрыялу для разважанняў.
І гэта натуральна. Колькі паэмаў напісана пра горы! Колькі людзей кожны дзень накіроўваюцца ў горы, вельмі часта нават рызыкуючы сваім жыццём! Горы іх прыцягваюць, як магніт.
На вяршыні гары дзьме моцны вецер і там чыстае паветра, што разам з панарамай, якая адкрываецца вачам, натхняе не зацыклівацца толькі на зямных справах, але накіроўвае наш розум і сэрцы да Бога. Вяршыня гары – гэта натуральнае месца для спаткання з Богам. Біблія прадстаўляе нам шмат сведчанняў таго, як Бог выбіраў вяршыню гары, каб аб’явіць сябе і свой збаўчы план. На гары Сінай Ён даў Майсею дзесяць запаведзяў як праграму жыцця чалавека. Таксама на гары Езус прамовіў сваё славутае казанне з васьмю благаслаўленнямі. Ён часта ўзыходзіў на гару, каб памаліцца. І, нарэшце, быў укрыжаваны на Кальварыйскай гары.
3. Сваім Перамяненнем Езус рыхтаваў апосталаў да цяжкіх выпрабаванняў. Падчас Перамянення на гары Табор разам з апосталамі прысутнічалі таксама Майсей і Ілля, якія размаўлялі з Езусам пра Яго блізкую крыжовую смерць. Майсей – вялікі даўца Божага закону, а Ілля – вялікі прарок. Тады з нябёсаў прагучаў голас Бога: “Гэта Мой Сын умілаваны, Яго слухайце”. Такім чынам распачаўся пераход ад Старога Запавету да Новага.
Езус не прыйшоў, каб адмяніць закон, але каб яго выканаць. Хрысціянства – гэта не абстрактная, ускладзеная на чалавека ідэя, але спатканне з асобай Езуса Хрыста, – як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI. А Езус – гэта праўдзівы Бог і чалавек, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём. Мы павінны Яго слухаць і следаваць за Ім. У Пасланні да Габрэяў чытаем, што ў мінулыя часы Бог прамаўляў праз прарокаў, а цяпер прамаўляе праз свайго Сына.
4. Перамяненне Езуса на гары Табор мела вялікае значэнне як для Яго самога, так і для апосталаў. Яно стала зваротным пунктам у жыцці і дзейнасці Езуса. Да гэтага часу Ён быў вядомы як выдатны прамоўца і цудатворца. Цяпер Ён павінен быў пайсці на Кальварыю. Таму Перамяненне на гары Табор стала як быццам уводзінамі ў Яго славу, якую Ён атрымаў у пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і Уваскрасення. Падчас Перамянення Бог яшчэ раз пацвердзіў, што Езус – гэта Яго ўмілаваны Сын, што раней было Ім выказана падчас хросту Хрыста ў Ярдане.
Для апосталаў Перамяненне Пана стала выключным досведам глыбокай павагі да Езуса. Яны ніколі не бачылі Яго такім, якім убачылі на гары Табор. Іх перажыванні былі настолькі глыбокімі, што Пётр усклікнуў: “Пане, як добра нам тут. Давай збудуем тры шатры, адзін Табе, другі Майсею і трэці Іллі”. Гэта азначае, што апосталам было так добра, што яны былі гатовы там застацца.
5. Аднак гэтаму не было суджана здзейсніцца. Разам з Езусам яны павінны былі сысці з гары, каб стаць сведкамі Яго цярпенняў і Уваскрасення. Усё так, як у прыказцы: “Per aspera ad astra” – “Праз цярпенні да славы”.
Словы Пятра, што ім там было добра, сведчаць аб тым, што апосталы не хацелі пакінуць гару Табор. Не хацелі яны таксама чуваць разам з Езусам у Гетсіманскім садзе. Не хацелі быць разам з Ім, калі Ён быў арыштаваны, і разбегліся.
Кожны з нас можа ідэнтыфікаваць сябе з імі, бо на гары нашай кар’еры ці шчаслівага жыцця мы таксама хацелі б застацца назаўсёды. Аднак жыццё пражыць – гэта не поле перайсці. У жыцці чалавека шмат выпрабаванняў. Мы часта падобныя да апосталаў і ўцякаем ад цяжкасцяў. Забываемся, што Хрыстус не абяцаў нам сад з ружаў, але аліўны сад і цярновую карону. Хрыстус кажа, што калі хтосьці хоча ісці за Ім, то павінен узяць свой крыж і следаваць за Ім.
6. Сімвалічна, што асвячэнне новага касцёла адбываецца ў парафіяльную ўрачыстасць Перамянення Пана, бо першаснае заданне Касцёла – духоўна перамяняць чалавека і весці яго шляхам збаўлення. Маючы на ўвазе тое, што чалавек грэшны, уцякае ад жыццёвага крыжа, неабходна ўвесь час папраўляць яго жыццёвы шлях, каб ён адпавядаў Божаму плану.
На касмічных ракетах устанаўліваецца гіракампас – такі апарат, які аўтаматычна карэктуе траекторыю іх палёту, каб не адхіліліся ад зададзенага курсу. Мы, як хрысціяне, атрымалі ад Бога свой жыццёвы курс, а менавіта Яго закон. Аднак, у той жа час, мы добра ведаем, што ў жыцці не заўсёды так ёсць, мы вельмі часта адхіляемся ад гэтага курсу, і існуе патрэба яго карэктаваць. Таму, выкарыстоўваючы навуковую касмічную тэрміналогію, можна сказаць, што Касцёл павінен быць такім гіракампасам.
Ён ім становіцца праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, дабрачынную і іншую дзейнасць.
Перамяненне Пана стала тым досведам, які рыхтаваў апосталаў да будучых выпрабаванняў. Святая Імша – Эўхарыстыя – гэта таксама перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса. Яна ўмацоўвае нашы духоўныя сілы і рыхтуе да пераадольвання цяжкасцяў.
7. Дарагія вернікі Негарэлага, вы так доўга чакалі, каб мець свой касцёл, у якім будзе цэлебравацца Эўхарыстыя. Нарэшце ва ўзнёслай радасці вы можаце паўтарыць разам са св. Пятром: “Пане, як добра нам тут быць”. Сапраўды добра, бо тут у слове Божым, сакрамэнтах, перад усім у Эўхарыстыі, ёсць Хрыстус. Менавіта Ён умацоўвае ў жыццёвых цяжкасцях, каб мы заўсёды маглі казаць, што нічога нас не аддзеліць ад Божай любові, якая стала бачнай у Езусе Хрысце, які жыве ў сваім Касцёле. І няхай так будзе. Амэн.
|