Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы распачацця новага навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы

Касцёл свв. Сымона і Алены, 3 верасня 2016 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, выкладчыкі, студэнты, браты  сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Грыгорыя Вялікага, Папу і доктара Касцёла. Ён нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. і жыў у VI-VII стагоддзях. На пачатку прысвяціў сваё жыццё палітычнай дзейнасці, потым жа, пачуўшы голас клічучага Пана, стаў духоўнай асобай і нават быў прызначаны папскім легатам у Канстанцінопалі, а ў 590 г. быў абраны Наступнікам св. апостала Пятра.

Выконваючы функцыі вікарыя Хрыста, ён праявіў сябе як сапраўдны пастыр, які ахвярна і пакорна клапаціўся пра Паўсюдны Касцёл. Гэта ён называў сябе «Servus servorum Dei» — «Слуга слугаў Божых», тытул, якім сябе называюць Пантыфікі. Ён вельмі шмат увагі прысвячаў абароне і распаўсюджванню веры, напісаў шмат трактатаў па маральнай тэалогіі. Хаця вельмі паспрыяў пашырэнню хвалы Бога і еднасці паміж людзьмі, тым не менш заўсёды ўказваў на Бога як крыніцу ўсялякага дабра. Падобна св. апосталу Паўлу, ён лічыў, што нічога не азначае ні той, хто сее, і ні той, хто палівае, а толькі той, хто дазваляе расці, а менавіта Бог. Святы Грыгорый Вялікі скончыў сваё зямное жыццё ў 604 г., каб перайсці ў вечнае.    

2. Божы Провід так распарадзіўся, што новы навучальны год у Мінскім тэалагічным каледжы св. Яна Хрысціцеля распачынаецца ў дзень памяці вялікага Папы св. Грыгорыя. Яго прыклад павінен заахвочваць нас, асабліва ў наш час секулярызацыі духоўнага жыцця, да абароны веры і яе распаўсюджвання. Касцёл па сваёй прыродзе місійны, і такім ён павінен быць у наш час, калі галоўным яго заданнем з’яўляецца навая евангелізацыя. Місійнасць Касцёла павінна праяўляцца не толькі як місія «Ad gentes» — гэта азначае там, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася, — але і народам з вялікай хрысціянскай традыцыяй, якія, аднак, страцілі веру і з’яўляюцца толькі намінальнымі, а не сапраўднымі хрысціянамі.

Зразумела, што яе нельга ажыццявіць без адпаведна падрыхтаваных людзей — спецыялістаў сваёй справы. Для гэтай мэты і быў заснаваны каледж. Сёння ён паспяхова пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі, а менавіта сёмы навучальны год.

Мінулыя гады адзначыліся працэсам станаўлення і паступовага развіцця гэтай касцёльнай установы. Шматлікія яе выпускнікі паспяхова працуюць катэхетамі ў нашых парафіях. Іх таксама можна спаткаць у сферы дабрачыннасці і мас-медыя. Некаторыя на месцы сваёй працы і ў сваім асяроддзі праз тэалагічныя веды і духоўнае жыццё з’яўляюцца сведкамі хрысціянства, што вельмі важна ў наш час.    

3. Праграма навучання ў гэтым каледжы ўключае ў сябе не толькі тэаратычныя і практычныя веды, але і духоўную фармацыю. На што прашу звярнуць асабліву ўвагу ў працэсе падрыхтоўкі новых спецыялістаў. Сучасны чалавек хоча не толькі ў святарах і кансэкраваных асобах, але і ў катэхетах, супрацоўніках каталіцкіх дабрачынных арганізацый і медыя бачыць як добрых спецыялістаў, так і людзей, звязаных з жыццём і служэннем Касцёла.

Чаму ў секулярным свеце і нават у некаталіцкіх краінах вельмі папулярныя каталіцкія ўніверсітэты? Чаму бацькі-некатолікі ахвотна пасылаюць сваіх дзяцей у каталіцкія школы і ўніверсітэты? Бо там не толькі выдатна пастаўлены навуковы працэс, але таксама вялікая ўвага звяртаецца на выхаванне маладога чалавека на духоўных прынцыпах, чаго няма ў свецкіх школах.

Пасля таго, як была зарэгістравана Мінская тэалагічная акадэмія імя св. Яна Паўла II, да мяне прыходзіць шмат людзей і пытаецца, ці будзе яна таксама рыхтаваць свецкіх спецыялістаў, напрыклад, па эканоміцы, паліталогіі, філасофіі і інш. Я пытаюся ў іх, чаму, бо ёсць свецкія ўніверсітэты, якія рыхтуюць выдатных спецыялістаў. Яны адказваюць: «Так, сапраўды ёсць, і ёсць дастаткова, але там адсутнічае духоўны элемент, без якога немагчыма думаць аб належнай будове новага грамадства».

Гэта не што іншае, як крык душы людзей, якія хочуць бачыць збудаваную на духоўных каштоўнасцях будучыню.

4. Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля, таксама як і Катэхетычны каледж у Баранавічах ці катэхетычныя курсы ў Гродне, — гэта першыя ластаўкі таго навучальнага працэсу, аб якім мараць людзі, якім не абыякавая будучыня нашай Бацькаўшчыны.

У каледжы вучацца ў асноўным маладыя людзі. Да іх Святы Айцец Францішак падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве звярнуўся з заклікам, каб не станавіліся заўчаснымі пенсіянерамі, не былі людзьмі канапы, якія толькі адпачываць. Наадварот, Папа заклікаў сучасную моладзь абуцца, ісці ў свет і несці ў яго святло Евангелля.

Дарагія навучэнцы каледжа, прыміце глыбока да сэрца гэтыя словы Святога Айца. Няхай тры гады навучання і фармацыі спрыяюць таму, каб вы сталі тымі, хто па прыкладу і з моцаю апекуна каледжа св. Яна Хрысціцеля і апекуна сённяшняга дня св. Грыгорыя Вялікага, Папы і доктара Касцёла, будзе абвяшчаць вечную праўду Евангелля і прыкладам свайго жыцця панясе яе ў сучасны свет, каб ён пазнаў, што Хрыстус ёсць дарога, праўда і жыццё і ніхто не прыходзіць да Нябеснага Айца, як толькі праз Яго. Амэн.

Адноўлена 01.09.2016 18:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі