17 верасня 2016 г.
Глыбокапаважаны ксёндз пробашч, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Кожную суботу Каталіцкі Касцёл успамінае Панну Марыю. Гэта знак нашай удзячнасці той, якая адыграла ключавую ролю ў збаўленні чалавецтва. Удумаемся толькі: усемагутны Бог справу збаўлення свету, які знаходзіцца ў палоне граху, абумовіў згодай чалавека, якім стала Марыя. І Яна не падвяла. Яна не паўтарыла памылкі першай нашай маці – Евы. Яна згадзілася з Божай воляй, дзякуючы чаму пачалося практычнае ажыццяўленне Божага плану збаўлення.
Мы праслаўляем Марыю пад рознымі тытуламі. Нам вядома Маці Божая Будслаўская, Вастрабрамская, Чэнстахоўская, Лагішынская, Тракельская і г.д. На жаль, у выніку жорсткага пераследу веры ў часы ваяўнічага атэізму прытупілася памяць аб каранаваным з дазволу Папы Бэнэдыкта XIV папскімі каронамі ва Усходняй Еўропе ў 1761 г. абразе Марыі, якім з’яўляецца цудадзейны абраз Маці Божай Бялыніцкай. Гэты быў другі ў Беларусі пасля Жыровіцкага абраз Маці Божай, каранаваны папскімі каронамі.
2. Дзякуючы сацыяльна-палітычным пераменам, якія адбыліся ў нашай краіне напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, мы атрымалі новыя магчымасці для практыкавання наша веры. У выніку гэтага была адроджана парафія ў Бялынічах. Таксама 10 гадоў таму была зарэгістравана парафія Маці Божай Бялыніцкай і св. Ганны ў Горках. Старажытны горад Горкі вядомы сваёй Сельскагаспадарчай акадэміяй, у якой у свой час вучыўся апякун сібіракоў св. Рафал Каліноўскі. З-за жорсткага і трываючага тры пакалення пераследу веры, які, быццам духоўны Чарнобыль, не толькі нішчыў духоўнасць, але і стараўся выкрэсліць з памяці людзей нават знакі, якія нагадвалі б пра рэлігію, былі знішчаны многія касцёлы, крыжы, Кальварыі і г.д. Быў таксама знішчаны існуючы ў Горках касцёл.
Дзякуючы святарам, якія пасля адраджэння парафіі працавалі тут, рэлігійнае жыццё ў горадзе Горкі пачало адраджацца. Асабліва хачу падзякаваць кс. Андрэю Кеўлічу, які не толькі энергічна займаецца арганізацыяй душпастырства, але і шмат клапоціцца пра належныя ўмовы яго ажыццяўлення. Дзякуючы яго старанням у парафіі з’явілася капліца, дзе вернікі могуць сустракацца з Богам.
3. Як я ўзгадваў вышэй, г. Горкі вядомы сваёй славутай акадэміяй, якая рыхтуе добрых спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Усім нам патрэбна добра развітая сельская гаспадарка, каб мы мелі што есці. Аднак чалавек – гэта не толькі цела, але і душа, і яна патрабуе духоўнай ежы і духоўнага выхавання.
Дзе чалавек можа атрымаць гэта? Дзе можа знайсці магчымасці для духоўнага выхавання? У Касцёле. Таму, карыстаючыся аналогіяй з Сельскагаспадарчай акадэміяй, неабходна, каб ваш горад стаўся таксама духоўнай акадэміяй, якая будзе выхоўваць людзей на вечна жывых і нязменных хрысціянскіх каштоўнасцях.
4. Дзесяць гадоў адраджэння парафіі – гэта няшмат, аднак, беручы пад увагу ўмовы, у якіх яно распачалося і працягваецца, асабліва атэістычную спадчыну, гэта не малы час, за які былі дасягнуты адпаведныя вынікі.
Адным з іх з’яўляецца група людзей, якія сёння прымаюць сакрамэнт канфірмацыі, як сакрамэнт сталага хрысціянства. Касцёл хоча бачыць у нас духоўна моцных людзей, якія будуць бараніць веру і яе абвяшчаць у часы, калі ўсё больш праяўляецца абыякавасць адносна яе і пашыраецца бязвер’е.
5. Мы толькі можам сабе ўявіць, якім мужным трэба было быць, каб у часы ганенняў на веру не адмовіцца ад яе. Многія за гэта заплацілі крывёю. Аднак у наш час, калі ніхто не забараняе верыць і адначасова калі ўсё больш распаўсюджваецца матэрыялістычны атэізм і ідэалагічная бязбожная каланізацыя, неабходна не меншая мужнасць.
Маладому чалавеку, які перажывае свае цяжкасці, хтосьці прапануе спачатку закурыць, потым выпіць, а далей паспрабаваць наркотык. Так паволі чалавек ўцягваецца ў нарказалежнасць, з якой выбрацца вельмі цяжка.
Моладзь захапляецца рознага роду магіяй, выкліканнем духаў, гульнёй з д’яблам і г.д. і лічыць гэта нявіннай забавай. Аднак на самой справе гэта не забава, але шлях у новую духоўную залежнасць. Аж дзіву даешся, калі чытаеш, што натхнёныя ідэямі Гары Потэра людзі ў Мінску стварылі Школу вядзьмарства і чараўніцтва. І гэта ў XXI стагоддзі.
Нехта прапануе мужчыну ці жанчыне: расслабся, усе ж так жывуць, здраджаюць сваім мужам і жонкам, чаму ты не можаш. Гэта пачатак шляху, які вядзе да разбурэння сям’і.
Хтосьці іншы кажа маладой дзяўчыне: ну чаму ж ты не хочах распачаць сексуальнае жыццё, сучасная моладзь так жыве, сёння не сярэднявечча, акрамя гэтага – гэта ж не што іншае, як любоў. А Бог кажа любіць адно аднаго.
Ці маем мы адвагу ў такіх і падобных сітуацыях выявіць сваю веру і рашуча сказаць, што хочам жыць згодна з Божым законам? Жыццё паказвае, што далёка не заўсёды.
6. Гэта нялёгка, аднак магчыма. Бог дапускае спакусу, але не звыш нашых сіл, і ўсё магчыма таму, хто давярае Яму і ў Ім шукае дапамогі. Без Мяне нічога не зможаце зрабіць, – кажа Езус. Ён не пакінуў нас адных і спяшаецца з дапамогай. Прыходзіць са сваім заўсёды жывым і дзейсным словам. Умацоўвае патрэбнай для збаўлення ласкай у сакрамэнтах.
Сёння ў сакрамэнце канфірмацыі Ён пасылае нам Святога Духа з Яго сямю дарамі, каб учыніць нас сапраўднымі хрысціянамі, моцнымі верай, здольнымі яе бараніць і сведчыць у штодзённым жыцці.
7. Аднак толькі самога прыняцця сакрамэнту канфірмацыі далёка не дастаткова. Можна мець вельмі добрую бібліятэку, але заставацца непісьменным, бо кнігі трэба чытаць і па іх вучыцца. Веды самі па сабе не прыйдуць.
Падобна і з дзеяннем Святога Духа. Яно не будзе поўным і дастаковым, калі мы не будзем свядома з ім супрацоўнічаць і не дазволім яму дзейнічаць.
Святы Ян Павел II на пачатку свайго пантыфікату заклікаў чалавецтва адчыніць дзверы Хрысту. Калі мы не ўпусцім Бога ў нашы сэрцы і душы, то Ён туды не ўвойдзе. Ён усемагутны, але шануе чалавечую свабоду. І толькі ад нас залежыць, ці дазволім мы Яму дзейнічаць у нашым сэрцы.
8. Гісторыя цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай вельмі складаная, і гісторыкі павінны яшчэ шмат папрацаваць, каб даць канчатковы адказ пра яго паходжанне. Аднак ёсць шмат легенд пра яго. Паводле адной з іх, пасля заваявання Кіева мангольскімі войскамі ў 1240 г. манахі вывезлі абраз Маці Божай на нашы землі над рэчкай Друць. Там, да іх здзіўлення, абраз пачаў выпраменьваць незвычайнае святло, што асабліва было бачна на працягу некалькіх начэй. У памяць аб гэтым здарэнні тое месца назвалі “белымі начамі”, адкуль і паўстала назава Бялынічы, а абраз стаў называцца Бялыніцкім.
Марыя дазволіла Богу валадарыць у Яе сэрцы. Па Яе прыкладу і прыкладу Яе маці св. Ганны, якая выхавала Марыю на духоўных каштоўнасцях, умацаваныя дарамі Святога Духа і ўдзячныя за 10 гадоў адраджэння парафіі ў Горках, дазволім Богу сваёй ласкай і дарамі Святога Духа нас перамяняць, каб у сучаснай цемры секулярызму мы свяцілі святлом Евангелля і жылі паводле яго прынцыпаў, што будзе гарантыяй шчаслівага жыцця на гэтай зямлі і ў вечнасці. Амэн.
|