Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXV Звычайную нядзелю, Год С

Мінскі архікатэдральны касцёл, 18 верасня 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты i сёстры!

1. Чытанні XXV Звычайнай нядзелі нагадваюць нам, што мы з’яўляемся распарадчыкамі Божых спраў і Бог чакае ад нас вернага і разумнага распараджэння Яго дарамі. Яны заклікаюць нас выкарыстоўваць дадзеныя нам Богам таленты і Яго благаслаўленне разумна, каб такім чынам дасягнуць радасці вечнага жыцця.

У першым чытанні прарок Амос папракае несправядлівых яўрэйскіх гандляроў, якія жылі ў VIII стагоддзі да Хрыста, і заклікае іх, а праз іх таксама і нас, быць вернымі запавету з Богам праз практыкаванне цнотаў справядлівасці і міласэрнасці, як верныя распарадчыкі Божых дароў. Ён таксама заклікае не рабіць багоў з матэрыяльных каштоўнасцяў.

У другім чытанні св. апостал Павел вучыць хрысціян першага стагоддзя, каб праз абвяшэнне Добрай Навіны язычнікам яны былі сапраўднымі распарадчыкамі Евангелля Хрыста.

Само ж сённяшняе Евангелле распавядае пра хітрага і адначасова несправядлівага распарадчыка матэрыяльных каштоўнасцяў аднаго багатага чалавека, якому ён служыў. Сённяшняй мовай мы б сказалі, што гэта парабала пра несумленнага мэнэджэра і адначасова пра заданні для нас мудра выкарыстоўваць дадзены нам Богам час, таленты, здароўе і матэрывяльныя каштоўнасці, каб яны служылі для нашага дабра ў вечнасці.

2. Ёсць адзін вельмі прыгожы аповед дацкага філосафа К’еркегора аб краіне, дзе жылі толькі качкі. Аднойчы ў нядзелю яны, перакульваючыся з адной нагі на другую, прыйшлі ў свой малельны дом і зручна ўселіся ў лаўках. Да пульпіта выйшаў іх духоўны лідар і пачаў казанне. Ён з усёй моцай вучыў: “Вы, качкі, маеце крылы і таму павінны ўзносіцца ўверх, ляцець у неба, а не толькі хадзіць па зямлі”. Качкі, згаджаючыся, гучна адказалі “Амэн” і, спакойна перакульваючыся з адной нагі на другую, разышліся па сваіх дамах, не думаючы нават аб крылах і аб тым, што ім неабходна ўзвіцца ў неба.

Як шмат праўды ў гэтай казцы пра нас саміх. Выкарыстоўваючы тэрміналогію сённяшняга Евангелля, Езус заклікае нас, як дзяцей святла, перастаць хадзіць, перакульваючыся з адной нагі на другую, але падняць галаву ўверх і сваім духоўным жыццём узвіцца ўверх. Для гэтага мы павінны мудра і разважліва выкарыстоўваць Божыя дары, якія шчодра атрымліваем ад Яго.

3. Парабала, якую Езус прадстаўляе нашай увазе, заўсёды выклікала вялікае здзіўленне слухачоў і даследчыкаў Святога Пісання. Нават св. Аўгустын казаў: “Не магу паверыць, што Езус мог сказаць такое”. Сапраўды, Хрыстус распавядае парадаксальную гісторыю пра распарадчыка ў аднаго багатага чалавека.

Распарадчык быў несумленным і злоўжываў дадзенымі яму правамі і сваёй пасадай. Калі ён адчуў, што за гэта будзе звольнены з працы, то паклікаў даўжнікоў свайго гаспадара і зменшыў ім іх даўгі. Такім чынам, фальсіфікуючы дакументы, ён тым самым запэўніў сваю будучыню. Даўжнікі гаспадара будуць яму ўдзячныя за змяншэнне доўга і дапамогуць у жыцці. Яны таксама нікому нічога не скажуць, бо ў адваротным выпадку на святло выйдзе факт падману і яны будуць пакараны.

4. Як ні дзіўна, але гаспадар пахваліў свайго аканома. Чаму ён так зрабіў? Трэба памятаць аб тым, што гэта толькі парабала, якую Езус выкарыстоўвае для таго, каб вучыць нас, як мы павінны выкарыстоўваць дадзеныя нам Богам дары. Мы атрымліваем аб Бога адпаведныя ласкі, дары, час і г.д. і імі павінны належным чынам карыстацца, каб заслужыць Божае сяброўства і месца ў краіне вечнага шчасця.

Менавіта таму Езус кажа, што дзеці святла павінны быць мудрымі, як дзеці гэтага свету.

Дзеці гэтага свету – гэта дзеці цемры, якія клапоцяцца толькі пра справы гэтага свету. Яны жывуць для яго, канцэнтруюць усю сваю ўвагу толькі на ім, інвестуюць толькі ў яго і ў ім бачаць сэнс свайго існавання. Хрысціяне, як дзеці святла, на першае месца павінны ставіць духоўныя каштоўнасці. Дзеці гэтага свету лічаць сябе ўладальнікамі, у той жа час хрысціяне, як дзеці святла, лічаць сябе толькі “мэнэджэрамі” атрыманых ад Бога дароў і ласк. Для хрысціян “багацце” мае як духоўнае, так і чалавечае вымярэнне. Таму распараджэнне ім патрабуе выкарыстоўваць нашы магчымасці, каб таксама дапамагаць іншым.

На самой справе Езус не хваліць хітрага і несправядлівага распарадчыка, але хваліць яго знаходлівасць. Парабала заклікае хрысціян быць падобнымі ў духоўных справах. Хрыстус хоча, каб у абвяшчэнні Божага слова і практыцы хрысціянскага жыцця мы паступалі падобна таму, як паступаюць мэнэджэры ў зямных справах.   

5. У адзін гатэль позна ўначы, калі ліў праліўны дождж, увайшоў чалавек і папрасіў пераначаваць. Дзяжурны яму адказаў, што ўсе пакоі заняты. Чалавек засмуціўся. Тады дзяжурны прапанаваў яму пакой, дзе ён сам адпачываў. Чалавек з удзячнасцю прыняў прапанову. Раніцай ён яшчэ раз падзякаваў яму і сказаў, што дзяжурнаму падыходзіць быць мэнэджэрам вялікага гатэля. Праз некалькі гадоў дзяжурны атрымаў ліст з запрашэннем у Нью-Ёрк. Да запрашэння быў прыкладзены авіябілет у два бакі. Ён паляцеў, і той чалавек, якому ён прадаставіў начлег, прапанаваў яму пасаду мэнэджэра новага велізарнага гатэля.

За дабро Бог і людзі аддзячваюць дабром.

6. З сённяшніх тэкстаў Святога Пісання вынікаюць наступныя жыццёвыя пасланні:

- Быць вернымі ў малых справах. Святы Ян Хрызастом любіў казаць, што вернасць у малых справах з’яўляецца вялікай справай. А кананізаваная тыдзень таму св. Тэрэза Калькуцкая заклікала чыніць малыя справы з вялікай любоўю.
- Нам неабходна мудра выкарыстоўваць нашы духоўныя рэсурсы. Распарадчык з сённяшняга Евангелля паступіў вельмі мудра, хаця і несправядліва, з мэтай забяспечыць сабе спакойную будучыню. Падобна і мы павінны мудра паступаць у духоўных справах, належным чынам выкарыстоўваючы дар святой Імшы, сакрамэнтаў, Святога Пісання, вучэння Касцёла, учынкаў міласэрнасці і г.д.
- Нам, як распарадчыкам Божых дароў, неабходна быць падрыхтаванымі даць справаздачу з нашай дзейнасці. Мы страхуем наш дом, памяшканне, машыну, жыццё ад няшчасных выпадкаў і г.д. Але ці страхуем мы наша духоўнае жыццё, бо прыйдзе час спаткацца з Богам-суддзёй, калі трэба будзе даць справаздачу з нашага жыцця і калі Бог спытаецца, як мы выкарыстоўвалі Яго дары і ласку?

Святы Айцец Францішак кажа, што хрысціяне павінны быць людзьмі паслязаўтрашняга дня. Лёгка быць людзьмі ўчарашняга дня, бо, можа, нам і шкада чагосьці, але ўжо нічога не зменім. Учарашні дзень – гэта ўжо гісторыя. Нялёгка часамі перажыць сённяшні дзень з яго цяжкасцямі, але мы бачым, якім ён ёсць. Мы ведаем таксама і заўтрашні дзень, бо нас чакае канец нашага зямнога жыцця. Але што будзе паслязаўтра, калі наступіць спатканне з Богам, калі трэба будзе здаць справаздачу з нашага “мэнэджэрства”?

Выкарыстаем жа сённяшняе Божае слова так, каб яно дапамагло нам быць сапраўднымі “мэнэджэрамі” дадзеных нам Божых дароў і Яго ласкі, а таксама было арыенцірам на нашым жыццёвым шляху ў вечнасць. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі