Гамілія падчас адпустовай урачыстасці ў парафіі Святога Ліна ў Пелясе |
25 верасня 2016 г. 1. Глыбокапаважаны пробашч, дарагія святары, прадстаўнікі дзяржаўнай улады Беларусі і Літвы, дарагія госці і вернікі парафіі Св. Ліна ў Пелясе! Сёння дзякую Богу за магчымасць маліцца разам з вамі падчас парафіяльнага свята святога Ліна. Бог, аднак, дзейнічае праз людзей. Таму выказваю сваю глыбокую ўдзячнасць пробашчу кс. Элію Анатолію Маркаўскасу за запрашэнне наведаць вас і ўзначаліць св. Імшу ў парафіяльнае свята. Ваша парафія шматнацыянальная. Тут мірна жывуць беларусы, літоўцы і палякі. Разам працуюць, моляцца, дапамагаюць адно аднаму. Таму да мясцовых жыхароў можна адрасаваць словы з Дзеяў апосталаў пра жыццё першых хрысціян: «Як добра, калі браты жывуць у адзінстве». 2. Гарантам такога адзінства ў сусветным Касцёле з’яўляецца Папа як наступнік св. апостала Пятра. Езус выбраў Пятра з усіх апосталаў і даў яму ўладу прымату, гэта азначае першынства ў сваім Касцёле. Дзякуючы гэтаму Касцёл мае пункт аднясення, вакол якога яднаюцца ўсе вернікі. Дзякуючы Пантыфіку — як вікарыю Езуса на зямлі — Касцёл мужна пераадольвае розныя цяжкасці і вырашае ўзнікаючыя праблемы. Умацаваны самім Езусам, пераемнік Пятра ўмацоўвае народ Божы ў веры. У антычныя рымскія часы язычнікі ўслухоўваліся ў шэлест лісця на дрэвах на Ватыканскім узгорку і ў ім імкнуліся пачуць, прачытаць сваю будучыню. Сёння не толькі католікі, але і ўвесь свет услухоўваецца ў голас Святога Айца, які гучыць з Ватыкана, каб, кіруючыся маральнымі прынцыпамі, вырашаць сусветныя праблемы і, жывучы паводле этычных нормаў хрысціянства, не адгадваць, а гарантаваць сваю шчаслівую будучыню, пра якую ўсе мараць. Напрыканцы ліпеня ў Кракаве адбыліся XXXI Сусветныя дні моладзі, у якіх прынялі ўдзел таксама і 5 тысяч маладых вернікаў з Беларусі. У галоўнай святой Імшы ўдзельнічала больш за 2 мільёны чалавек, і гэта пры спёцы 35 градусаў! Яны прыехалі самі. Іх ніхто не змушаў. Прыехалі чаму? Таму, што ў вучэнні Папы бачаць шлях да шчасця. Гэтыя Сусветныя дні моладзі Пантыфік назваў пілігрымкай сведчання веры і братэрства. Менавіта гэтага найбольш патрабуе сучасны свет. 3. Сёння парафія ў Пелясе адзначае галоўнае парафіяльнае свята — успамін святога Ліна. Ён быў другім Рымскім Папам, непасрэдным наступнікам святога Пятра. Ён быў тым пунктам, вакол якога ў часы жорсткіх ганенняў аб’ядноўваліся хрысціяне яшчэ апостальскіх часоў. Ён, падобна Пятру, прыкладам і коштам свайго жыцця адказаў Езусу: «Так, Пане, я люблю Цябе». Нашы продкі ў часы пераследу Касцёла сваім хрысціянскім сведчаннем і нават мучаніцкай смерцю пацвердзілі любоў да Езуса. Сёння і мы, радуючыся свабодзе веравызнання і адначасова перажываючы трывожныя часы рэлігійнай абыякавасці, скажам: «Пане, мы любім Цябе». Любіць Бога — азначае жыць Яго вучэннем, памятаць пра тое, што Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, а каб яно змяняла нас. Святы Лін, наш добры апякун, выпрасі нам у Бога ласку заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і традыцыі нашых продкаў, каб наша краіна славілася ў свеце не толькі трактарамі, МАЗАМі і БелАЗАМі, але і людзьмі, якія жывуць паводле духу Евангелля. Амэн. |
Адноўлена 25.09.2016 19:24 |