Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўмураванне вуглавога каменя ў фундамент санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Мінску

1 кастрычніка 2016 г.

Глыбокапаважаны пробашч, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сёння пачынаецца месяц кастрычнік, які ў каталіцкай касцёльнай традыцыі прысвечаны ружанцовай малітве, у якой мы праслаўляем Божую Маці і разважаем над таямніцамі нашага збаўлення. Ружанец з’яўляецца як быццам скарачэннем ці кампендыем Евангелля.

Пасля рэформы ружанцовай малітвы, праведзенай св. Янам Паўлам II, яна складаецца з чатырох частак: радасныя таямніцы, таямніцы святла, балесныя і хвалебныя таямніцы. Пачынаючы ад Звеставання, праз уцелаўленне Божага Сына, Яго дзейнасць, абвяшчэнне Евангелля, цярпенні, смерць на крыжы, уваскрасенне, унебаўшэсце, спасланне Святога Духа, унебаўзяцце Марыі з целам і душой і Яе ўкаранаванне як Валадаркі неба і зямлі, Ружанец робіць нас духоўнымі ўдзельнікамі таямніцы нашага збаўлення, вучыць, як мы павінны жыць — найперш па прыкладзе Марыі згаджацца з Божай воляй, несці крыж свайго жыцця разам з Езусам, каб потым прыйсці ў нябесную славу і заняць месца побач са Збаўцам і Маці Божай.

2. Ружанец стаўся той малітвай, дзякуючы якой вера ў цяжкія дзесяцігоддзі ганенняў захавалася і была перададзена новым пакаленням. Такім чынам Ружанец у тыя часы адыграў незаменную ролю евангелізатара. Гэта быў бачны знак Божай міласэрнасці, бо дзякуючы яму ў атэістычныя часы з пакалення ў пакаленне перадавалася вера.

Значэнне ружанцовай малітвы не змяншаецца з часам. Наадварот, яна становіцца ўсё больш актуальнай і вельмі зручнай з практычнага пункту гледжання. Калі для іншых малітваў найчасцей патрэбны малітоўнік і адпаведныя абставіны, то ў выпадку з ружанцам на ім можна маліцца не толькі ў касцёле ці дома, але і ў падарожжы, у машыне, аўтобусе, цягніку і г.д.

Ружанец з’яўляецца малітвай, якая яднае вернікаў і сем’і. Таму Касцёл заклікае не толькі да індывідуальнай ружанцовай малітвы, але і да супольнай.

Гэтая малітва мае асаблівае значэнне для сям’і. Сучасныя сем’і маюць усё менш магчымасцяў быць разам. Калісьці супольны стол, гэта азначае пасілак, збіраў усіх разам. Сёння, калі з касмічнай хуткасцю змяняюцца сацыяльныя ўмовы жыцця, калі бацька і маці працуюць, а дзеці вучацца, то магчымасцяў быць разам становіцца ўсё менш і менш. Таму ружанцовая малітва, акрамя свайго значэння як малітвы, спрыяе еднасці сям’і і яе кансалідацыі.   

Да ружацовай малітвы заклікае і Панна Марыя. У аб’яўленнях апошніх стагоддзяў Яна з’яўлялася з ружанцам у руках і прасіла на ім маліцца. Асабліва гэта важна ў святле Юбілейнага Года Божай міласэрнасці, які мы зараз перажываем. Важна гэта і ў перспектыве надыходзячага юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў і перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай, якая пачынаецца 13 кастрычніка і якая павінна паслужыць як умацаванню нашай веры, надзеі і любові, так і новаму адкрыццю значэння і духоўнага багацця ружанцовай малітвы.

Як бачна, малітва святога Ружанца — гэта дадзены нам Богам інструмент з мэтай яднаць нас з Богам і Марыяй, а таксама паміж сабой. Таму зразумела, што Касцёл, і асабліва апошнія Пантыфікі, настойліва заклікаюць да штодзённага практыкавання гэтай такой простай і адначасова такой магутнай малітвы.

3. Сёння ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у жывапісным мінскім раёне Лошыца адбываецца яшчэ адна знакавая падзея — асвячэнне вуглавога каменя пад будучую святыню, якой адначасова прызначана роля быць санктуарыем Божай Міласэрнасці.

Ужо сам факт, што ў гэтым раёне сталіцы Беларусі ёсць капліца і пачынаецца будаўніцтва новага касцёла, з’яўляецца не чым іншым, як знакам Божай міласэрнасці. Гэта асабліва відавочна, калі ўспомнім недалёкія мінулыя часы, калі ў Мінску не было ніводнага касцёла.

Цяпер сітуацыя змянілася кардынальна і далей працягвае змяняцца ў лепшы бок, хаця праблемы ўсё яшчэ застаюцца. Усё як у прыказцы: «Чым далей у лес, тым больш дроў». Тым не менш, мы павінны радавацца пазітыўным зменам, дзякаваць Богу за іх і імкнуцца належным чынам згодна з Божай воляй выкарыстоўваць новыя магчымасці, якія нам дае Божы Провід.

4. Асвячэнне вуглавога каменя пад будаўніцтва новага касцёла — гэта значная падзея ў жыцці як парафіі, так і дыяцэзіі. Яна нагадвае аб тым, што ў будучыні паўстане яшчэ адно месца спаткання чалавека з Богам, а таксама аб дынамізме Касцёла, які адраджаецца.

Наогул вуглавы камень пры кожнай будоўлі мае вялікае значэнне. Ён з’яўляецца апорай вугла будоўлі і яе змацоўвае. Калі паглядзім на старыя будынкі, напрыклад, на вялікія касцёлы, то лёгка заўважым, што ў вуглах знаходзяцца масіўныя цёсаныя камяні.

Сёння ў будаўніцтве выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, і роля былога вуглавога каменя памяншаецца. Аднак яго сімвалічнае значэнне застаецца, асабліва пры сакральных будоўлях.

У Святым Пісанні можна знайсці шмат успамінаў пра вуглавы камень. Так, ужо ў Кнізе Ёва стварэнне зямлі параўноўваецца да вялікага будынка з вуглавым каменем, які гарантуе яго трываласць. У Кнізе Псальмаў гаворыцца пра тое, што адкінуты будаўнікамі камень стаўся вуглавым. Гэты не што іншае, як прароцтва аб непрыняцці Выбраным Народам Месіі, як вуглавога каменя Божай будоўлі, якой з’яўляецца Божы народ.

Езус таксама параўноўвае сябе да гэтага каменя. Так Яго таксама называлі Ягоныя вучні, аб чым чытаем у Дзеях апосталаў: «Ён вуглавы камень, і ні ў кім іншым няма збаўлення». Яўрэйскі народ хацеў збавіцца праз выконванне закону Майсея, не думаючы аб тым, што закон Майсея ўказваў на Хрыста, як адзінага Збаўцу. Таму Хрыстус з’яўляецца адзіным падмуркам, на якім будуецца сапраўдны Касцёл.

5. Заданне Касцёла — выхоўваць сапраўдных хрысціян, якія павінны быць жывымі камянямі. Такім каменем найперш быў Пётр, бо так яго назваў Хрыстус. Такімі камянямі былі іншыя апосталы, святыя, мучанікі і многія вернікі, якія будавалі сваё жыццё на вучэнні Хрыста.

Такімі жывымі камянямі, з якіх ствараецца духоўная будоўля Касцёла,  павінны быць усе хрысціяне.

Евангелле выразна вучыць, што той, хто не будуе на Хрысце, будуе на пяску, без фундамента. Вядома, што будынак на пяску нетрывалы і хутка развальваецца. Нам трэба памятаць, што разрыў сувязі з Хрыстом вядзе да духоўнай стэрылізацыі і роспачы, а таксама вызваляе дрымучыя дэструктыўныя сілы. Кожная спроба выключэння Хрыста з нашага жыцця завяршаецца трагічна. Пазбаўлены духоўнага фундаменту, чалавек падвяргаецца распаду, падобна як будынак без падмурка і вуглавога каменя. Мы былі сведкамі гэтага ў мінулым ХХ стагоддзі.

Даручым працу па будаўніцтве новай святыні, якая распачынаецца, апякунцы гэтай святыні — Маці Божай Ружанцовай. Няхай Яна выпрасіць нам у свайго Сына Езуса Хрыста ласку быць духоўнымі камянямі жывой святыні, якой з’яўляецца Касцёл як Народ Божы, і будаваць сваё жыццё на духоўным фундаменце Евангелля. Амэн.

Адноўлена 30.09.2016 15:13
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі