XXVI Звычайная нядзеля, Год С, 2 кастрычніка 2016 г.
Глыбокапаважаны пробашч, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Каталіцкая парафія ў старажытным Ракаве сёння адзначае юбілей 110-годдзя асвячэння касцёла Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка. Гісторыя каталіцкай веры ў вёсцы над Іслаччу вельмі багатая і адначасова трагічная. Першы драўляны каталіцкі касцёл быў пабудаваны ў другой палове XVII стагоддзя. Будаўніцтва сучаснага касцёла пачалося ў 1904 г.
Сёння трэба схіліць свае галовы і падзякаваць яго будаўніку кс. Яўстафію Карповічу, які вельмі хутка, за два гады, пабудаваў гэтую прыгожую святыню. Неабходна падзякаваць парафіянам і ўсім мэцэнатам, якія дапамагалі ў яго будаўніцтве. Дзякуючы іх сумесным высілкам і паўстаў гэты велічны, прыгожы Божы дом.
2. Яго лёс быў складаным. Пасля II Сусветнай вайны касцёл быў канфіскаваны і ў ім спачатку знаходзілася майстэрня для рамонту аўтамабіляў, а потым зернясховішча. Можна толькі ўявіць, як цяжка было вернікам знесці такую несправядлівасць. Пабудаваны іх продкамі касцёл больш не з’яўляўся домам малітвы і месцам спаткання чалавека з Богам, а служыў гаспадарчым мэтам. Напэўна, многія з іх паўтаралі словы сённяшняга першага чытання: «Чаму, Пане, Ты не бачыш несправядлівасці?» — і ўслухоўваліся ў адказ Бога, што зняможа несправядлівы, а праведны будзе жыць.
Многія прыходзілі сюды на працу, але не на малітву, хаця нельга выключыць, што маглі быць і такія, якія паціху шапталі малітвы і прасілі Бога, каб змяніліся часы. Для іх гэта быў не склад, але касцёл.
Памятаю, калі я працаваў вікарыем у Вострай Браме ў Вільнюсе, аднойчы ў сакрыстыю прыйшла адна жанчына і распавяла цікавую гісторыю. Непадалёку ад Вострай Брамы знаходзіцца касцёл св. Казіміра. У савецкія часы ў ім быў музей атэізму. І вось гэтая жанчына пайшла туды, стала на калені і малілася. Да яе падышла супрацоўніца музея і сказала, што тут нельга маліцца, бо гэта музей. На што жанчына адказала: «Для вас музей, а для мяне — касцёл».
Думаю, што многія парафіяне ў часы ганенняў таксама казалі падобна: «Для бальшавікоў гэта зернясховішча ці майстэрня, а для нас — касцёл». І прыйшлі часы, калі ён ізноў стаў домам малітвы і спаткання з Богам, так, як гэта было прадбачана ім.
3. Ракаўскі касцёл займае вельмі важнае, я б сказаў, нават стратэгічнае як у геаграфічным, так і ў маральным сэнсе значэнне ў жыцці каталіцкай супольнасці нашай краіны. Ён знаходзіцца непадалёк ад трасы, якая вядзе ў Гродна і Вільнюс. Кожны, хто па ёй праязджае, бачыць высокія вежы касцёла і воляй-няволяй задумваецца аб духоўным. Вежы, якія ўзносяцца ў вышыню, адрываюць позірк чалавека ад зямлі і падымаюць уверх. Нават у часы атэізму, калі касцёл быў зачынены, ён сваім сакральным выглядам і вежамі, якія імкнуцца ў вышыню, евангелізаваў. Спаўняліся словы Езуса: калі вы будзеце маўчаць, то камяні будуць прамаўляць. Касцёл, у якім забаранілі абвяшчаць Божае слова, прамаўляў сваёй прысутнасцю.
Калі напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя прыйшла “перабудова” і Папа Ян Павел II прызначыў мяне біскупам, то свецкая ўлада прапанавала мне вяртанне ракаўскага касцёла ў якасці катэдры. Улада добра ведала, што для біскупа патрэбна катэдра, і адначасова не жадала, каб ён пастаянна прабываў у Мінску, і таму прапанавала Ракаў. Менавіта таму, калі еду ў Ракаў ці праязджаю побач, то заўсёды ўспамінаю гэту гісторыю і кажу, што гэта мой катэдральны касцёл.
4. Сёння, калі мы ўрачыста адзначаем 110-годдзе асвячэння ракаўскага касцёла, неабходна задацца пытаннем: а што для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, азначае Касцёл? Мы жывём у часы, калі наш кантынент страчвае свае хрысціянскія карані. Еўропа становіцца постхрысціянскай. Працэсы секулярызацыі дасягаюць таксама і нашай краіны, і мы павінны бараніцца.
Вядома, што дрэва з падрэзанымі каранямі засохне. Падобнае адбываецца і з духоўным становішчам свету. Без каранёў няма развіцця. Сучасны свет адракаецца ад духоўных каштоўнасцяў і звяртаецца да бездухоўных і дэструктыўных, тым самым заганяючы сябе ў сляпы завулак, з якога цяжка выбрацца. Мы павінны памятаць і цаніць нашу хрысціянскую спадчыну, імкнуцца яе не страціць і адрадзіць.
Гэтаму ў першую чаргу павінен служыць Касцёл. Сярод многіх фактараў, якія ўплываюць на наша жыццё, збаўчае пасланне Евангелля, якое Касцёл абвяшчае, заўсёды застаецца крыніцай веры, надзеі, любові, спачування, міласэрнасці, мастацкага натхнення. Евангелле сфармавала наш народ у хрысціянскі і паказвае нам, кім мы павінны быць. Яно вядзе нас да Хрыста, які з’яўляецца нашай дарогай, праўдай і жыццём.
Мы будуем касцёлы з цэглы, каб у іх будаваць жывы Касцёл, як Божы народ. Будуем іх, каб яны нагадвалі, кім мы павінны быць, і дапамагалі такімі быць. Касцёлы пазначылі наш ландшафт, дапамагаюць нам сфакусаваць наша жыццё на Богу і вучаць, што Бог ніколі не адварочваецца ад нас.
Мы прыходзім у касцёл, каб умацоўвацца ў нашай хрысціянскай ідэнтычнасці, паводле слоў св. апостала Паўла, што мы належым да Хрыста. Гэта збаўчая праўда аб тым, кім мы з’яўляемся і ў кім можам быць шчаслівымі.
Мы прыходзім у касцёл не толькі для таго, каб маліцца, але найперш каб змяніцца. Святы апостал Павел вучыць, што тут мы становімся домам, у якім жыве Бог. Таму мы не павінны быць толькі тымі, хто наведвае касцёл. У касцёле, як доме малітвы, мы павінны станавіцца часткай Касцёла, як Божага народу, быць яго жывымі цаглінамі, каб яго прыгажосць адлюстроўвала нашы цноты, а літургія, якая ў ім цэлебруецца, — наша жыццё.
5. Прыгожы ракаўскі касцёл моцна ўросся ў ландшафт нашай гісторыі як жывы помнік веры нашай зямлі. Гэта не музей, а месца, дзе жыве Бог і дзе чалавек духоўна адраджаецца. У касцёле Пан прыходзіць да чалавека ў заўсёды жывым і дзейсным Божым слове, у сакрамэнтах і ў іншай касцёльнай дзейнасці. Прыходзіць, бо хвалой Бога з’яўляецца жывы чалавек, жывы найперш духоўна.
У сённяшнім Евангеллі апосталы просяць Езуса, каб памножыў, гэта азначае ўмацаваў, іх веру. Яна ўмацоўваецца найперш праз сакрамэнты, у тым ліку праз сакрамэнт канфірмацыі, які сёння ўдзяляецца ў ракаўскай святыні. Гэта сакрамэнт сталага хрысціянства, у якім Святы Дух умацоўвае нас сваімі сямю дарамі.
Умацаваныя Святым Духам, нашы продкі мужна зносілі цяжкасці часоў ганенняў і не выракліся веры. Падыміце і вы ветразі сваіх душаў, дазвольце Святому Духу напоўніць іх, каб у новых абставінах з аднаго боку свабоды, а з іншага — адыходу ад Бога, заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і несці ў секулярызаваны свет ідэалы вечна жывога хрысціянства.
6. Ракаўскі касцёл, сёння ты пачынаеш пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Пачынаеш, адноўлены і які аднаўляецца далей, за што дзякую пробашчу і спонсарам. Няхай яна будзе напоўнена пастаянным адраджэннем чалавека праз абвяшчэнне Евангелля, цэлебрацыю Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, малітвай і ўчынкамі міласэрнасці, каб узрастала яго вера, надзея і любоў.
110 гадоў таму нашы продкі ўваходзілі ў гэты касцёл са словамі псальма: «З радасцю ўвойдзем у дом Пана». Няхай гэтыя словы будуць дэвізам нашага жыцця ўжо ў XXI стагоддзі. З радасцю паспяшаемся сюды, бо тут нас чакае Езус — адзіны Збаўца свету.
Няхай апякуны парафіі — Маці Божая Ружанцовая і св. Дамінік — выпрасяць нам у Бога ласку жывой веры і хрысціянскага сведчання, каб праўда Евангелля ўсё больш укаранялася ў нас, нас перамяняла, а праз нас — аблічча нашай зямлі. Амэн.
|