Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы асвячэння фігуры Маці Божай Фацімскай

Фаціма, 4 кастрычніка 2016 г.

Марыя, з далёкай Фацімы благаславі Беларусь!

Глыбокапаважаныя пілігрымы!

1. Сардэчна вітаю вас на гэтым святым і такім дарагім кожнаму з нас месцы, дзе 99 гадоў таму Божая Маці аб’явілася простым фацімскім пастушкам, каб перад абліччам надыходзячай пагрозы ваяўнічага атэізму на нашых землях заахвоціць да малітвы і навяртання.

Марыя, як наша духоўная маці, заўсёды клапоціцца пра сваіх дзяцей. Але, як кожнай маці, найбольшы боль сэрца Ёй дастаўляе церпячае дзіця. Такім дзіцём у 1917 годзе быў наш народ, які прыняў хрысціянства яшчэ напрыканцы Х стагоддзя і апынуўся перад новым выклікам бязбожжа.

2. Як Божая пасланніца, Марыя добра ведала, якая пагроза навісла над ім і якімі балючымі будуць яе наступствы. Менавіта таму Яна паспяшалася з дапамогай, заклікала да малітвы і навяртання. Яе заклік можна звесці да двух сказаў: «Калі будзеце маліцца і навернецеся, то ўсё будзе добра. Калі не, то трагедыя непазбежная». Гэты заклік Марыі сугучны з першымі словамі, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле». Сугучны ён таксама і з папярэджваннем Хрыста, што без Яго нічога нельга зрабіць.

Усё гэта вядзе да прапісной ісціны, што без Бога не да парога, што чалавек сваімі сіламі без Божай дапамогі не зможа шмат зрабіць. Тым больш, што ў нашым выпадку гаворка ідзе пра захаванне веры і супрацьстаянне выклікам атэізму, паводле якога рэлігія — гэта опіум для народа.

3. Ведала Марыя і аб тым, што людзі Яе не паслухаюць. Замест таго, каб жыць паводле Божага закону, яны будуць жыць паводле закону злога духа. Не будуць маліцца. Не будуць навяртацца. Іх сэрцы стануць жорсткімі да Бога і Яго закону. У выніку чаго распачнецца II Сусветная вайна і не бачны дагэтуль у гісторыі пераслед рэлігіі і Касцёла.       

Аднак перад абліччам такой нявернасці чалавека Марыя застаецца Маці міласэрнасці. Падобна як Бог, караючы нашых першых бацькоў Адама і Еву, даў ім надзею збаўлення і вызвалення з няволі граху, таксама і Марыя не пакінула заблукалых людзей без надзеі. Менавіта таму Яна сказала, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Гэтыя словы Божай Маці падтрымлівалі наш народ на працягу трох пакаленняў ганенняў. Яны былі надзеяй нават насуперак надзеі. І гэтая надзея ажыццявілася.

4. У гэтым працэсе сутнасную ролю адыграў св. Ян Павел II, які стаў наступнікам св. апостала Пятра ў 1978 г. Яго пантыфікат быў выразна хрыстацэнтрычным і укаранёным у бязмежным даверы Марыі. Аб гэтым вельмі добра сведчыць яго першая праграмная энцыкліка «Redemptor hominis» («Адкупіцель чалавека»). Сведчыць аб гэтым і папскі герб — крыж, пад якім вялікая літара «М», што значыць Марыя, і дэвіз служэння «Totus Tuus» («Увесь Твой, Марыя»). Гэтым самым Папа Вайтыла хацеў падкрэсліць, што сваё служэнне ён даверыў Хрысту і Маріі, з якой разам хацеў несці свой нялёгкі крыж Пятра нашага часу.

Сведчыць аб гэтым і яго гамілія падчас інаўгурацыі пантыфікату, калі ён сказаў векапомныя словы: «Адчыніце дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім чалавек можа спазнаць сябе». Сведчыць і яго гамілія падчас першай пілігрымкі ў Польшчу: «Няхай сыдзе Дух Святы і адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі».

Тады, амаль што 40 гадоў таму, мы стаялі на каленях перад тэлевізарамі, плакалі і пыталіся сябе: калі дзверы нашай краіны адчыняцца для Хрыста? Калі Дух Святы зменіць аблічча нашай зямлі?

5. У атэістычнай цемры, якая ахінула нашу зямлю, здавалася, што няма ніякай надзеі. Многія проста апусцілі рукі і нават думалі, што са смерцю апошняга святара Касцёл перастане існаваць. Але Ян Павел II не здаваўся, ён верыў у прароцтва Марыі з далёкай Фацімы. Ён ахвяравў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, і распачаліся такія змены, аб якіх цяжка было нават марыць. Фацімскае прароцтва пачало збывацца. Мы павінны быць не толькі сведкамі гэтага працэсу, але і яго ўдзельнікамі. Ад нас і ад нашага стаўлення да фацімскага паслання залежыць адраджэнне веры і канчатковая перамога дабра.

У гэтым годзе Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці мы адзначаем сярэбраны юбілей адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. Мы таксама набліжаемся да святкавання юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Праграма падрыхтоўкі да яго і само святкаванне ўключаюць у сябе спецыяльную Навэнну да Маці Божай Фацімскай і перэгрынацыю Яе фігуры.

6. Сёння мы знаходзімся ў Капліцы аб’яўленняў, на месцы, адкуль Марыя праз фацімскіх дзяцей перадала сваё пасланне нам і ўсяму свету. Мы знаходзімся тут са спецыяльнай місіяй асвячэння пілігрымуючай фігуры Маці Божай Фацімскай, каб у Беларусі мець цесную лучнасць з гэтым святым месцам. Дзякуючы гэтаму вернікі падчас яе перэгрынацыі па нашых парафіях будуць мець магчымасць маральна дакрануцца да яго, каб яшчэ мацней перажываць значэнне гэтых аб’яўленняў у нашай былой, сучаснай і будучай гісторыі.

Удзячныя Божаму Провіду і Табе, Марыя, за гэтую магчымасць, дзякуем  за тое, што не пакінула нас адных і без надзеі падчас доўгай, трываючай тры пакаленні, ночы атэізму і жорсткіх ганенняў на веру. Дзякуем за нязломную мужнасць мучанікаў і сведкаў веры ў тыя мрочныя часы. Дзякуем за працэс духоўнага адраджэння нашага народа, які распачаўся.

Сёння, у новыя часы свабоды веравызнання і адначасова імкнення да духоўнага самазабойства, будзь з намі, выпрасі ў свайго Сына ласку моцнай веры нам і нашаму народу. З далёкай Фацімы благаславі нашу Бацькаўшчыну, каб ёй ніколі не пагражаў духоўны Чарнобыль, каб яна не страціла надзею на новую шчаслівую будучыню і каб была белай святой Руссю. Амэн.

Адноўлена 04.10.2016 15:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі