Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXIX Звычайную нядзелю, Год С

Мінскі архікатэдральны касцёл, 16 кастрычніка 2016 г.

У добры шлях, Марыя!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе на XXIX Звычайную нядзелю, нагадваюць аб малітоўным чуванні.

У першым чытанні, узятым з Кнігі Зыходу Старога Запавету, распавядаецца, як яўрэі змагаліся з амалекіцянамі. І так доўга, як Майсей трымаў узнятыя ў малітве ўверх рукі, яўрэі выігрывалі. Калі ён стамляўся і апускаў рукі, то яны праігрывалі. Знамянальна, што з дапамогай яму прыйшлі Аарон і Хур, каб падтрымліваць яго рукі і перамагчы ворага.

Узнятыя ўверх рукі Майсея – гэта сімвал малітвы Старога Запавету. У ім мы можам бачыць антыцыпатыю Хрыста, які трымае свае рукі ў такім жа жэсце, распрасцёршы іх на крыжы. Гэта знак малітвы, дзякуючы якой Ён выігрывае змаганне са злым духам і грахом.

У другім чытанні святы апостал Павел нагадвае нам аб важнасці трывання ў Божай навуцы, якую мы чэрпаем найперш са Святога Пісання. Да яго мы павінны заўсёды звяртацца, бо гэта вечна актуальнае і жывае слова самога Бога. Яго мы таксама павінны абвяшчаць у час і не ў час. Святы Геранім, апякун у справах вывучэння Святога Пісання, выразна кажа, што яго няведанне з’яўляецца няведаннем Хрыста.

Евангелле прадстаўляе прыпавесць пра пастаянную малітву. Несправядлівы суддзя выслухоўвае просьбы беднай удавы не з-за таго, каб паказаць, які ён добры, міласэрны і што ён судзіць паводле закону, але таму, каб яна яму не надакучвала, каб больш не прыходзіла да яго са сваімі просьбамі. Такім чынам, настойлівая просьба ўдавы была выслухана. Адносна сённяшняга Евангелля ёсць вельмі прыгожы грэчаскі жарт, што суддзя выслухаў просьбу беднай удавы, бо баяўся, што калі гэтага не зробіць, то яна яго сурочыць.

Сённяшнюю метафару Езуса можна таксама параўнаць да боксу. Толькі тады, калі баксёр будзе пастаянна атакаваць, ён мае шанец перамагчы. Таксама і Хрыстус заклікае нас быць пастаяннымі ў малітве. Калі несправядлівы суддзя станоўча адказаў на просьбу ўдавы, то як жа ў значна большай меры Бог адкажа нам, калі будзем пастаянна маліцца.

Напэўна, знойдзецца не адзін з прысутных у касцёле, які скажа: а што з так званымі нявыслуханымі малітвамі? Я так шмат маліўся, але Бог мяне не выслухаў. Гэта заўсёды Божая таямніца, і нам не вядома прычына, чаму так ёсць. Але ці кожная наша просьба будзе служыць нашаму духоўнаму дабру? Мы не ведаем, але Бог ведае і, можа, таму не выслухоўвае. Можа, лепей трэба было б сказаць, што Ён выслухоўвае, толькі не такім спосабам, як мы гэтага жадаем.

2. Езус з’яўляецца прыкладам пастаяннай малітвы. Перад распачаццем сваёй місіі Ён маліўся і пасціўся ў пустыні 40 дзён і начэй. Ён шмат часу праводзіў на малітве. Перад сваёй мучаніцкай смерцю маліўся і абліваўся крывавым потам у Аліўным садзе. На дрэве крыжа прасіў свайго Нябеснага Айца аддаліць ад Яго келіх цярпенняў, аднак у той жа час згаджаўся з Божай воляй. Таму мы можам сцвярджаць, што малітва была ў цэнтры жыцця і дзеяння Езуса і такой павінна быць для нас.

Гэта прыклад нам. Мы не павінны наракаць, што Бог нас не выслухоўвае, бо,  па-першае, мы не ведаем, ці будзе задавальненне нашай просьбы служыць нашаму дабру. Далей — заўсёды неабходна згаджацца з Божай воляй, бо Бог лепш за нас ведае, што нам патрэбна.  

3. Прыказка кажа, што Рым не адразу быў пабудаваны. Таксама ні адна вялікая справа не была здзейснена імгненна. Яна патрабавала шмат высілкаў. Паглядзім на творы Мікеланджэла, Бетховена, парыжскую катэдру Нотр-Дам ці славуты касцёл Саграда Фамілія ў Барселоне. Паглядзім на алімпійскіх чэмпіёнаў. Колькі яны павінны трэніравацца! Паглядзім, колькі часу трэба вучыцца, каб паспяхова даць экзамены і атрымаць дыплом!

Падобна і ў кожнай іншай справе: каб дасягнуць поспеху, патрэбна пастаянства ў працы. Патрэбна таксама і супрацоўніцтва з Богам, найперш пастаянная малітва.

4. Сёння, калі фігура Маці Божай Фацімскай адпраўляецца ў перэгрынацыю па нашых парафіях, мы павінны ўспомніць пра заклік Марыі ў далёкім 1917 г. да малітвы і навяртання. Людзі не паслухалі Яе, і сталася трагедыя – пераслед веры. Аднак падчас яго Марыя была з намі са сваім заклікам і дадзенай надзеяй, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і наша краіна навернецца.

Доўгія тры пакаленні нашы продкі і многія з нас жылі гэтым фацімскім пасланнем. Гэта быў час пастаяннай і трывалай малітвы з надзеяй, что станецца цуд і мы атрымаем свабоду веравызнання.

У гады жорсткіх ганенняў на веру і Касцёл мы асаблівым чынам звярталіся да Божай міласэрнасці. Звярталіся праз Марыю. Звярталіся ў нашым санктуарыі ў Будславе, ля падножжа Апякункі Беларусі.

Звярталіся таксама ў іншых санктуарыях, асабліва ў добра вядомай нам Вострай Браме ў Вільнюсе, дзе, нягледзячы на ганенні, людзі маглі больш свабодна звяртацца да Марыі, як Маці міласэрнасці.

Падчас урачыстасцяў апекі Маці Божай Вастрабрамскай кожны год у сераду туды ехалі святары і вернікі з Беларусі. Там яны звярталіся да Яе з гарачай малітвай: «Мы не маем святыняў, святароў, касцёлаў, рэлігійнай літаратуры, у нас адсутнічае свабода веравызнання. Выпрасі, Марыя, у свайго Сына ласку, каб мы нанова яе атрымалі, каб стаўся цуд адраджэння веры». І Марыя выпрасіла гэты цуд, падобна таму, як выпрасіла цуд перамянення вады ў віно ў Кане Галілейскай.

Добра вядомая нам назва «Вострая Брама» на літоўскай мове гучыць «Аўшрос вартай», што азначае «Брама ранішняй зоркі». Падчас доўгай ночы мы чакаем, калі на небасхіле з’явіцца першая ранішняя зорка, якая звястуе, што ў хуткім часе ўзыдзе сонца і настане дзень.

5. Той першай зоркай на небасхіле нашай ахопленай ноччу атэізму краіны стала фацімскае пасланне з фатальнага 1917 г. – года бальшавіцкай рэвалюцыі. Нягледзячы на жорсткія ганенні, тры пакаленні наш народ маліўся з надзеяй, што фацімскае пасланне ажыццявіцца. І гэты дзень настаў. Дарога з Вострай Брамы вядзе на Усход, на Мінск. І Божая міласэрнасць дакранулася да нас, каб фацімскае прароцтва пачало рэалізоўвацца.

Удзячныя Богу і Марыі, мы распачынаем вялікую перэгрынацыю фацімскай фігуры па нашых парафіях. Перэгрынацыя павінна стаць дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі і часам адраджэння і ўмацавання веры. Фігура была асвячана ў Фаціме ў Капліцы аб’яўленняў. Дзякуючы гэтаму мы маем цесную і непасрэдную лучнасць са святым месцам, адкуль Марыя дала нам надзею, якую мы павінны выкарыстаць.

У добры шлях, Марыя! Ідзі да свайго люду, які на пастаяннай малітве мужна зносіў цяжкасці ганенняў і сёння змагаецца з выклікамі секулярнага часу. Ідзі і ўмацоўвай нашу веру. Ідзі і нясі нам новую надзею ў змроку яе занядбання. Ідзі і ўмацоўвай нашу любоў, бо толькі яна творчая.

А ты, верны Божы народ, сустракай Яе з малітвай і трывай на ёй. Прымай Марыю як сваю духоўную Маці, якая ў кожную хвіліну спяшаецца да цябе з дапамогай, бо Яна — найкарацейшы шлях да Езуса, адзінага Збаўцы свету, у якім наша надзея і перамога. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі