Мінскі катэдральны касцёл, 22 кастрычніка 2016 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, катэхеты, студэнты і выкладчыкі Мінскага тэалагічнага каледжа!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Яна Паўла II, Папу і проста чалавека, які вельмі любіў Усход і ў тым ліку Беларусь. Ён да канца даверыўся Марыі, якая ў Фаціме прадказала навяртанне нашай зямлі да Бога, і паслядоўна імкнуўся да гэтай мэты. Пасля трох пакаленняў ганенняў мы атрымалі свабоду веравызнання. Тое, што яшчэ зусім нядаўна здавалася немагчымым, сталася магчымым.
У выніку гэтага, дзякуючы намаганням і смелым рашэнням св. Яна Паўла II, 25 гадоў таму былі адроджаны структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, што дало магчымасць па-новаму арганізаваць пастырскую дзейнасць і ў тым ліку катэхізацыю. Яе патрабуюць не толькі дзеці і моладзь, але і старэйшае пакаленне, якое доўгія дзесяцігоддзі не мела такой магчымасці.
2. На працягу чвэрці стагоддзя Касцёл прыклаў шмат намаганняў, каб належным чынам арганізаваць катэхізацыю. Для гэтага трэба было паклапаціцца аб падрыхтоўцы і сталай фармацыі катэхетаў, не толькі духоўных асобаў, але і свецкіх. Услед за катэхетычнымі курсамі ў Гродне былі заснаваны Катэхетычны каледж у Баранавічах і Мінскі тэалагічны каледж. Галоўнай задачай гэтых касцёльных устаноў з’яўляецца фармацыя катэхетаў.
Шмат увагі было прысвечана падрыхтоўцы падручнікаў для дзяцей і матэрыялаў для катэхетаў. Можна ганарыцца тым, што ў Беларусі яны падрыхтаваны для ўсіх класаў і таксама выдадзены.
Няспынна вядзецца сталая фармацыя катэхетаў, што адпавядае патрабаванням і выклікам часу.
Заслугоўвае ўвагу і тое, што ў парафіях усталяваны і працягваюць усталёўвацца катэхетычныя класы з неабходным абсталяваннем і біблятэкай, што спрыяе паляпшэнню якасці катэхізацыі.
3. Словам, неабходна прызнаць, што катэхізацыя сёння стала неад’емнай часткай жыцця і дзейнасці Касцёла ў Беларусі, у тым ліку ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Хаця адчуваецца патрэба ў яе ўдасканаленні, што пацвярджаюць пастырскія візітацыі. Таму сённяшняе святкаванне Юбілею катэхетаў, навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага тэалагічнага каледжа ў межах Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці, найперш неабходна ўспрымаць як знак падзякі міласэрнаму Богу за дадзеную магчымасць арганізавана і паводле апрацаванай праграмы ажыццяўляць катэхізацыю. Гэта адпаведны час зрабіць рахунак сумлення, ці належным чынам былі выкарыстаны новыя магчымасці. Гэта таксама добрая нагода зрабіць новыя пастановы згодна з патрабаваннямі часу і яго выклікамі.
4. Ніколі нельга адпачываць на лаўрах. Заўсёды застаецца актуальным старая рымская прыказка: “Qui non progredit, regredit” – “Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе”. Час не стаіць на месцы. Ён прыносіць новыя заданні, на якія неабходна адказваць імгненна, бо заўтра ўжо можа быць позна.
Трэба памятаць аб старым правіле: “Repetitio – mater studiorum” – “Паўтарэнне – маці вучэння”. Не дазваляльна занядбоўваць катэхізацыю пасля першай споведзі і Камуніі. Чый, як не Касцёла, абавязак замацаваць вывучаны раней матэрыял і духоўна фармаваць падрастаючае пакаленне?
Нельга пакінуць без духоўнай апекі моладзь. Яна знаходзіцца на скрыжаванні дарог, і існуе вялікая небяспека, што лёгка можа заблудзіцца ў віраваннях спакусаў сучаснага свету. Падчас апошніх Сусветных дзён моладзі ў Кракаве моладзь рашуча адказала Папу Францішку: “Мы хочам Бога, мы жадаем будаваць нашу будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях, мы не згаджаемся быць людзьмі канапы, але, умацаваныя Божай ласкай і ведамі, гатовы ісці ў сучасны свет і несці яму святло хрысціянскай веры”.
Праблемай у адэкватнай перадачы веры маладому пакаленню і яго фармацыі на хрысціянскіх каштоўнасцях з’яўляецца абыякавасць да гэтага працэсу бацькоў і старэйшага пакалення, якая павялічваецца. Яны не моляцца разам з дзецьмі, не прымаюць разам удзелу ў святой Імшы і г.д. Яблык не падае далёка ад яблыні.
“Verba movunt, sed exempla trahunt” – “Словы штурхаюць, а прыклады цягнуць”, кажа старая лацінская прыказка. Бацькі павінны быць прыкладам, які дапаможа дзецям і маладому пакаленню фармавацца на духоўных каштоўнасцях, не толькі расці добра адукаванымі і фізічна здаровымі, але таксама быць моцнымі сваёй верай і рэлігійным сведчаннем.
Аднак для ажыццяўлення гэтага амбіцыйнага і вельмі патрэбнага плану неабходна адпаведная катэхетычная падрыхтоўка на ўсіх узроўнях: для дзяцей, моладзі і дарослых, асабліва бацькоў.
5. Маё пакаленне расло ў абставінах забароненай катэхізацыі. Ёю займаліся нашы бацькі і дзяды, якім мы бязмежна ўдзячныя за іх старанні і прыклад. Як святар я таксама меў вельмі абмежаваныя магчымасці для катэхізацыі, якая нават у 80-я гады мінулага стагоддзя заставалася пад забаронай.
Новая сітуацыя свабоды веравызнання і нармальнай катэхізацыі – гэта не што іншае, як праяўленне бязмежнай Божай міласэрнасці. Гэта дар і адначасова заданне.
Памятаю, як нам, навучэнцам другога курса каўнаскай духоўнай семінарыі, адзін з нашых выкладчыкаў, які суправаджаў літоўскага біскупа на прысвечаны катэхізацыі Сінод Біскупаў у 1977 г., распавядаў аб тым, як кракаўскі кардынал Караль Вайтыла быў занепакоены адсутнасцю нарамальных умоваў для катэхізацыі ў тагачаснай Польшчы. Мы ўсе дзівіліся, бо калі ў Польшчы іх няма, то што можна казаць аб Савецкім Саюзе? Жыццё паказала, што ён нездарма быў заклапочаны праблемай катэхізацыі. Катэхізіс – гэта кніга веры. І адным з першых рашэнняў Папы Яна Паўла II было рашэнне падрыхтаваць новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла паводле патрабаванняў нашага часу.
Мне давялося прымаць удзел у працы адной з падрыхтоўчых сесій Катэхізіса. Напрыканцы пасяджання Папа сказаў: “Ідзіце і катэхізуйце”.
Сёння, дзякуючы за дар магчымасці свабодна катэхізаваць, будзем годнымі гэтага дару, выкарыстаем належным чынам і зробім адпаведныя планы на будучыню.
Няхай залогам поспеху ў гэтых пажаданнях будуць словы Вялікага Пантыфіка: “Ідзіце і катэхізуйце”, каб цягнік з патрабуючымі катэхізацыі не ад’ехаў без нас. Амэн.
|