Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас набажэнства для паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў

Нясвіж, 29 кастрычніка 2016 г.

Дарагія паляўнічыя, рыбаловы і леснікі!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас у маляўнічым Нясвіжы, вядомым не толькі сваім замкам, паркам і велічным касцёлам Божага Цела, але таксама паляўнічымі традыцыямі радзівілаўскага роду. Свята апекуна паляўнічых св. Губерта ў гэтым горадзе павінна паспрыяць адраджэнню старых паляўнічых традыцый, якія перш за ўсё былі накіраваны на адпачынак і захапленне прыгажосцю створанай Богам прыроды.

2. Вы, напэўна, ведаеце шмат спосабаў, як можна злавіць дзікага звера. Аднак, магчыма, цікавым для вас будзе спосаб, як афрыканцы ловяць малпу. Яны распрацавалі вельмі просты і эфектыўны метад. Разразаюць какос на дзве роўныя часткі, вымаюць з яго мякаць і ўнутр укладваюць апельсін. Потым звязваюць гэтыя часткі і выразаюць невялікую дзірку, праз якую малпа можа прасунуць сваю руку. Далей падымаюць гэты какос уверх і прывязваюць да дрэва.

Раней ці пазней малпа пачуе запах апельсіна і ўсадзіць руку ў какос. Яна будзе старацца выцягнуць апельсін, аднак не зможа, бо дзірка занадта малая. Потым, як кажуць, справа тэхнікі. Паляўнічыя накідваюць сетку, і малпа злоўлена.

Зразумела, што адзіная магчымасць для малпы ўратавацца – гэта адпусціць апельсін і ўцякаць. Але яна гэтага ніколі не зробіць. У што ўхапілася, таго ніколі не адпусціць. Яна не разумее, што нельга ў адзін і той жа час мець апельсін і быць свабоднай. І ў гэтым яе трагедыя. Хцівасць з’яўляецца той пасткай, якую яна сама для сябе паставіла і з якой не можа выбрацца.

Калі б малпа магла маліцца, то, напэўна, у хвіліну небяспекі, калі паляўнічыя набліжаюцца да яе, яна малілася б наступным чынам: «Ратуй мяне, Пане, ратуй, але толькі не кажы адпусціць апельсін».

3. Можа, гэта выглядае і смешна, але многія з нас добра навучыліся гэтай малітве малпы. А менавіта непамяркоўнае імкненне да матэрыяльных каштоўнасцяў і прывязанасць да іх робіць нас іх нявольнікамі.

Добрым прыкладам можа служыць малады багаты чалавек з Евангелля, якое мы толькі што пачулі. Яго малітву мы можам уявіць сабе наступным чынам: «Божа, дай мне вечнае жыццё, толькі не патрабуй адмовіцца ад майго багацця».

Што казаў бы чалавек, які любіць звяроў, бачачы, што да малпы падыходзяць паляўнічыя? Напэўна, ён крычаў бы: «Пакінь апельсін і хутчэй уцякай». Гэта якраз тое, што Езус кажа багатаму маладому чалавеку, які з аднаго боку хоча быць дасканалым, каб дасягнуць вечнага жыцця, а з іншага не ўмее адмовіцца ад багаццяў, якія становяцца для яго новым богам. Езус бачыць, у якой небяспецы знаходзіцца малады чалавек. і хоча яго выбавіць з яе.

Чаму Езус так чыніць? Бо любіць гэтага маладога чалавека. Вучэнне Езуса часта ўспрымаецца як вельмі цяжкае і незразумелае, але на самой справе яно накіравана на дабро чалавека.

Евангельскі малады чалавек падобны да той малпы, якая толькі і думае пра апельсін, нягледзячы на тое, што яе жыццё знаходзіцца ў небяспецы.

4. Чаму малады чалавек, які быў рэлігійным і жыў паводле Божага закону, лічыў вучэнне Езуса цяжкім і невыканальным? Габрэі лічылі, што багацце з’яўляецца знакам Божага благаслаўлення, а беднасць – знакам пракляцця. Адсюль бярэ пачатак папулярны ў наш час тэрмін «Евангелле дабрабыту»: а менавіта, што багацце – гэта знак Божай любові да чалавека.

На самой справе «Евангелле дабрабыту» – гэта не што іншае, як матэрыялізм у рэлігійнай абалонцы. Ідэалогія матэрыялізму вучыць, што без матэрыяльных каштоўнасцяў жыццё не мае сэнсу. Таму пра багатага евангельскага маладога чалавека можна сказаць, што ён быў матэрыялістычным веруючым.

5. Вельмі цікавай у гэтым сэнсе з’яўляецца практыка лоўлі ваўкоў эскімосамі. Найперш пры вялікім марозе лязо нажа яны паліваюць крывёй нейкай жывёлы і дазваляюць ёй замерзнуць. Потым замацоўваюць нож у зямлі з лязом уверх. Калі воўк пачуе запах крыві, то падыходзіць да прынады і пачынае яе лізаць. З часам ён ліжа ўсё хутчэй і хутчэй, пакуль лязо нажа не агаліцца. На марозе ён не заўважае, што нож пачынае рэзаць яго язык і ён ужо п’е сваю кроў. Яго воўчы апетыт не можа задаволіцца тым, што мае. Ён без канца ліжа і ліжа нож. У выніку чаго з-за страты крыві памірае на снезе.

Многія, асабліва маладыя людзі, паляць цыгарэты, п’юць алкаголь, прымаюць наркотыкі, пачынаюць неўпарадкаванае сексуальнае жыццё па той самай прычыне, што і воўк пачынае лізаць лязо нажа. На пачатку ўсё здаецца бяспечным і прыемным, але з часам не задавальняе, і яны патрабуюць усё больш і больш і такім чынам трапляюць у залежнасць, з якой цяжка выйсці.    

Няхай наша сённяшняя малітва і прыклады з жыцця паляўнічых сцерагуць нас ад траплення ў расстаўленыя намі самімі пасткі «Евангелля дабрабыту», а таксама ад амаральнага воўчага апетыту, каб мы маглі жыць сапраўднай верай, без якой няма збаўлення. Амэн.

Адноўлена 31.10.2016 14:55
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі