29 кастрычніка 2016 г.
Душа мая прагне Бога жывога. Дарагія браты і сёстры!
1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма павінен быць праграмай жыцця кожнага хрысціяніна. Гэта азначае, што ў цэнтры яго жыцця павінен быць Бог. Мы добра ведаем, што ў рэальным жыцці гэта далёка не так. Што займае сучаснага чалавека? Чым ён найбольш цікавіцца? Чаму найбольш прысвячае часу? Штодзённае жыццё паказвае, што найчасцей справамі гэтага свету. А з іх аднымі з найбольш важных з’яўляюцца імкненне да багацця, да прамінаючай славы, да поспеху, да задавальненняў і г.д.
Сацылагічныя даследаванні паказваюць, што найбольш распазнавальным знакам у сучасным свеце з’яўляецца не крыж, не касцёл, не фігура Божай Маці, а «Макдональдс». Гэты факт вельмі добра сведчыць пра крызіс духоўнасці. Таму заклік псальміста «Душа мая прагне Бога» павінен знаходзіцца ў нашым сэрцы, а не толькі ў кнігах, нават калі гэта кнігі Святога Пісання, або на паліцах бібліятэк.
2. У гэтым сэнсе вельмі важным з’яўляецца першае сённяшняе чытанне з Паслання св. апостала Паўла да Філіпянаў. У ім Апостал язычнікаў заклікае да абвяшчэння Хрыста, што вядзе да збаўлення. Таму для Паўла жыццё – гэта Хрыстус. Гэта правіла жыцця Апостала народаў. Яно павінна быць правілам і для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, якія перажываюць небачныя дасюль выклікі секулярызму і духоўнага абнішчэння.
Адным са шляхоў, якія сведчаць аб нашай прыналежнасці да Хрыста, з’яўляецца пакора. Аб гэтым вельмі добра кажа сённяшняе Евангелле. У ім Хрыстус нагадвае нам залатое правіла, што той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а хто прыніжае – будзе ўзвышаны. Ён таксама заклікае нас браць прыклад з Яго, ціхага і пакорнага сэрцам.
3. Нездаровае імкненне ўзвысіць самога сябе з’яўляецца хваробай нашага часу. Паглядзім на спартсменаў перад спаборніцтвам. Паглядзім на палітыкаў падчас выбарчай кампаніі. Усе яны яны, кажучы вобразна, б’юць свайго суперніка ніжэй пояса. Не перабіраюць у сродках і словах. Усё падпарадкавана адной мэце – выйграць любым коштам, нават прыніжаючы годнасць чалавека. Не заўсёды гэта прыносіць адпаведны плён і не заўсёды той спартсмен ці палітык, які бачыць сябе пераможцам, на самой справе такім становіцца.
У той жа час Езус у сённяшнім Евангеллі пакорным абяцае ўзнагароду. Езус вельмі крытычна ставіцца да тых, хто шукае толькі сваёй славы і забываецца аб тым, што побач знаходзяцца іншыя людзі, якія таксама маюць сваю годнасць і якія, можа, больш, чым мы, заслугоўваюць вышэйшага месца.
Увесь свет ведае першага прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джорджа Вашынгтона, які быў не толькі выдатным палітыкам і ваеначальнікам, але і служыў для многіх прыкладам пакоры. Аднойчы на фронце ён убачыў, як салдаты з вялікімі цяжкасцямі намагаліся выцягнуць з балота пушку. У той жа час сяржант хадзіў і паглядаў на іх, пакрыкваючы, каб хутчэй працавалі. На здзіўленне сяржанта, прэзідэнт злез з каня і дапамог салдатам. Ад’язджаючы, ён сказаў сяржанту, што, калі будзе наступная патрэба дапамагчы, то ён можа паклікаць яго.
4. Сённяшняе Евангелле вучыць нас, што мы павінны шукаць славы не для сябе, але для Бога, бо тады ад Яго атрымаем адпаведную ўзнагароду. Ён не забываецца пра сваіх верных слугаў і ў адпаведны час іх праславіць.
Такім пакорным слугой Панскага жніва быў шматгадовы пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы кс. Гжэгаж Каласоўскі. Яму трэба было шмат сцярпець у часы ганенняў. Але ён з пакорай прымаў усе выпрабаванні. Дзе сёння тыя, хто пераследаваў Касцёл? Засталіся на старонках гісторыі і на паліцах бібліятэк. Іх імёнаў стараюцца не ўспамінаць. А іменем святой памяці кс. Каласоўскага названа адна з вуліц старажытнага Нясвіжа, і, ідучы ёй, мы ўспамінаем гэтага вернага слугу Хрыста.
Прыказка кажа, што дрэнны той салдат, які не імкнецца стаць генералам. Гэта праўда, што трэба ўдасканальвацца, імкнуцца да вышыняў навукі, спорту, мастацтва, высокага месца ў грамадскім жыцці і г.д. Канкурэнцыя з’яўляецца маторам прагрэсу. Аднак усё павінна адбывацца згодна з этычнымі нормамі, не прыніжаючы іншага чалавека і не ўжываючы маральна недазволеных метадаў канкурэнцыі.
Святы апостал Павел вучыць, што калі Бог з намі, то хто супраць нас. А св. Тэрэза Авільская кажа, што яна разам Хрыстом утварае большасць. Каб перамагчы, напрыклад, у выбарах, неабходна набраць большасць галасоў выбаршчыкаў. Наша моц у Хрысце і Яго Евангеллі. Калі абярэм Бога, то заўсёды будзем большасцю.
Вернікі слаўнага старажытнага Нясвіжа! Вашы продкі выбралі Хрыста і засталіся Яму вернымі. У сучасных складаных умовах не адмаўляйцеся ад Яго, заставайцеся Яму вернымі і пакорна выконвайце свае абавязкі.
Няхай слаўная гісторыя Нясвіжа будзе для вас стымулам больш за ўсё прагнуць Бога, у якім наша надзея. Амэн.
|