Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў XXXI Звычайную нядзелю, Год C

Маладзечна, касцёл св. Юзафа, 30 кастрычніка 2016 г.

Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула.    

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы з’яўляюцца лейтматывам сённяшняга Евангелля. Яно прадстаўляе нам гісторыю навяртання мытніка Закхея, якую з поўным правам можна назваць гісторыяй праяўлення бязмежнай Божай міласэрнасці і якая павінна стаць гісторыяй кожнага з нас.

Езус праходзіў праз горад Ерыхон і не меў ніякага намеру там застацца. Аднак нешта змяніла Яго планы. Гэтым “нешта” была любоў і міласэрнасць да грэшнікаў.

У горадзе жыў кіраўнік мытнікаў, багаты чалавек па імені Закхей, якога ўсе ненавідзелі і лічылі вялікім грэшнікма. Ён быў малога росту і таму, каб убачыць славутага Езуса, які праходзіў побач, залез на дрэва. Езус жа спыніўся каля гэтага дрэва і сказаў Закхею злезці з дрэва, бо Ён хоча наведаць яго дом.

Гэты быў сапраўдны шок як для натоўпу людзей, так і для самога Закхея. Яго рэакцыя была надзвычайнай. Ён паабяцаў аддаць убогім палову сваёй маёмасці і ў чатыры разы аддзячыць таму, каго пакрыўдзіў. Такім чынам, як сцвярджае Евангелле, збаўленне прыйшло ў дом Закхея.

2. Вельмі часта мы думаем, што багацце нясе шчасце. Спартсменам вядома імя славутага нямецкага тэнісіста Барыса Бэкера, які ў свой час был сусветным тэнісным лідарам. Ён быў нечувана багаты і мог дазволіць сабе жыццё люксавага ўзроўню. Аднак, нягледзячы на гэта, заставаўся няшчасным і казаў пра сябе, што не мае духоўнага міру і таму нават хацеў здзейсніць суіцыд.

Бэкер не адзін, хто адчувае духоўную пустату і няўпэўненасць. Шмат паспяховых людзей, якія імкнуліся толькі да багацця і занядбоўвалі духоўнае жыццё, адчуваюць сябе падобным чынам. Міліянеры звычайна адзінокія, а славутыя і вельмі багатыя артысты больш няшчасныя, чым іх публіка.

Аднойчы ў сучаснага англійскага пісменніка, аўтара вельмі папулярных сэнсацыйных твораў Джэка Гіггенса спаталіся, што ён хацеў бы ведаць з дзіцячых гадоў, калі б яны паўтарыліся. Яго адказ быў наступным: “Калі ўзыдзеш на вяршыну сваёй кар’еры, то ўбачыш, што там нічога няма”.

3. Мы ўсе заклапочаны сваёй маёмасцю, багаццем, грашыма, пазіцыяй у грамадстве і г.д. Аднак, як паказвае штодзённае жыццё, акумуляцыя гэтых часовых рэчаў і спраў не можа нас да канца задаволіць. Таму нам неабходна ўслухацца ў голас Езуса, падобна як гэта зрабіў Закхей. Хрыстус вылечыць нас з духоўнай хваробы і адорыць сапраўдным духоўным супакоем. Езус нікога не адкідвае. Ён прымае ўсіх. Сябе Ён параўноўвае да лекара, які патрэбны хворым, а не здаровым. А мы ўсе падобны да Закхея, бо ўсе духоўна хворыя.

Напэўна, многія з прысутных на плошчы св. Пятра ў Рыме падчас агульнай аўдыенцыі 2 кастрычніка 2013 г. былі моцна здзіўлены словамі Святога Айца Францішка. Верны галоўнаму прынцыпу свайго служэння ў якасці наступніка св. апостала Пятра, ён развіваў ідэю бязмежнай Божай міласэрнасці. Пры гэтым ён вельмі моцна падкрэсліў тое, што ўсе мы грэшныя – сам Пантыфік, кардыналы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і простыя вернікі.

Мы з’яўляемся Касцёлам грэшнікаў, але адначасова мы закліканы да таго, каб дазволіць Богу нас перамяніць і аднавіць. Няпраўда, працягваў Папа, што Касцёл – гэта толькі святыя. Так, Касцёл святы святасцю свайго заснавальніка Езуса Хрыста, святасцю святых, святасцю людзей, якія сапраўды вядуць святое жыццё. Але адначасова Касцёл уключае ў сябе і грэшных. У тэалогіі існуе такі выраз: “Ecclesia sancta et simul peccata” – “Касцёл святы і адначасова Касцёл грэшнікаў”. І гэты Касцёл не выракаецца сваіх сыноў і дачок, якімі вялікімі грэшнікамі яны б ні былі. Ён вядзе грэшнікаў да міласэрнага Айца, які прымае ўсіх і нікога не адкідвае, каб накіраваць на шлях святасці.

4. Нe адзін з нас кажа: Пане Божа, я грэшнік. Гэтага яшчэ мала, неабходна сказаць: вось я стаю перад Табой і дазваляю Табе ўвайсці ў мой дом. Гэтага чакае ад нас Езус. Калі так будзем рабіць, то паўторыцца евангельская гісторыя навяртання Закхея і Езус прыйдзе да нас, каб нас перамяніць.

Падчас кожнай святой Імшы Езус хоча быць з намі за адным эўхарыстычным сталом, каб карміць нас сваім Целам. Няхай нашым адказам на Яго пажаданне будуць словы, якія мы кажам падчас кожнай Імшы перад святой Камуніяй: “Пане, я не варты, каб Ты прыйшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена мая душа”.

5. Такім чынам сённяшняе Евангелле заклікае нас прыняць Божы заклік да пакуты і навяртання, бо ўсе мы, больш ці менш, падобныя да Закхея. Езус любіць нас усіх і кожнага паасобку, нягледзячы на нашу нявернасць Божаму закону, занядбанне малітвы, слабую веру, ганарлівасць, хцівасць, імкненне да багацця і поспеху любым коштам і г.д.

Евангелле распавядае, што натоўп людзей наракаў з-за таго, што Езус пайшоў у дом грэшніка Закхея пагасціць. І ў наш час нярэдка нават ад вельмі пабожных асобаў можна пачуць негатыўныя меркаванні, чаму святар прымае ўсім вядомага грэшніка і г.д. У такіх выпадках нам, грэшнікам, неабходна заняць паставу Закхея, якая вядзе да прыняцця Хрыста.

Можа здарыцца, што часам мы разам з Закхеем знаходзімся на дрэве, а часам сярод натоўпу, які следуе за Хрыстом. Але трэба памятаць, што Езус заўсёды з намі, Ён заклікае нас выйсці з вязніцы граху і злучыцца з Ім.

Пане Езу, у сваёй бязмежнай любові і міласэрнасці дай нам ласку быць сучанымі Закхеямі, каб, нягледзячы на нашы правіны, мы на Тваё запрашэнне прыняць Цябе не баяліся зысці з дрэва нашай пыхі і запрасіць да сябе, з мэтай нашага навяртання і перамянення. Амэн.

Адноўлена 30.10.2016 22:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі