Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы з удзяленнем дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэнняў

Мінскі архікатэдральны касцёл, 5 лістапада 2016 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Падчас актавы малітваў за тых, якіх Бог паклікаў да сябе і якія пераступілі парог часовага жыцця, сёння ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбываецца літургія пасвячэння ў дыяканы Аляксея Пілевіча і ў прэзбітэры дыякана Паўла Трона. І гэта глыбока сімвалічна, бо галоўная мэта святара — весці чалавека шляхам збаўлення і маліцца аб тым, каб ён дасягнуў вечнага шчасця.

Пасля завяршэння ўстаноўленага Касцёлам і пацверджанага шматстагоддзевай практыкай працэсу фармацыі гэтыя нашы духоўныя сыны адказнымі за іх падрыхтоўку былі прызнаны годнымі стаць дыяканам і прэзбітэрам.

Дзякую бацькам, блізкім і святарам, якія сваімі малітвамі і прыкладам спрыялі таму, што яны пачулі голас клічучага іх Пана і станоўча адказалі на яго. Дзякую духоўным семінарыям у Пінску і Плоцку, у якіх пад апекай выхавацеляў і выкладчыкаў яны прайшлі адпаведную чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую фармацыю. Хрыстус, які паклікаў іх да святарства, сёння праз ускладанне рук біскупа і адмысловую малітву ажыццяўляе мару дыякана Паўла Трона стаць святаром, а Аляксея Пілевіча – зрабіць сутнасны крок да гэтай мэты праз пастаўленне ў стан дыякана.

Такім чынам, Божы Провід дазваляе нам быць удзельнікамі нараджэння новага святара і новага дыякана.

2. Дыяканат з’яўляецца першай ступенню сакрамэнту пасвячэння. Дыякан пасвячаецца не для святарства, а для служэння. Дыяканы пакліканы не для таго, каб выконваць святарскія функцыі, а для таго, каб дапамагаць святарам у іх служэнні.

Слова “дыякан” паходзіць ад грэчаскага слова дыяканія, што азначае служэнне. У Дзеях апосталаў распавядаецца аб абранні першых сямі дыяканаў, галоўным заданнем якіх было служэнне. Дыяканат арганічна ўпісаўся ў дваццацістагоддзевую гісторыю Касцёла. Яго значэнне было моцна было падкрэслена на Другім Ватыканскім Саборы і ў паслясаборнай практыцы касцёльнага жыцця, асабліва адносна сталага дыяканату.

Заданні дыякана вельмі важныя ў ажыццяўленні збаўчай місіі Касцёла. Ён пакліканы для служэння Касцёлу ў паслузе літургіі, слова, і любові.

Найперш дыякан дапамагае святару ў цэлебрацыі святой Эўхарыстыі, удзяляе Камунію вернікам, заносіць яе хворым, благаслаўляе Найсвяцейшым Сакрамэнтам, узначальвае розныя набажэнствы, у тым ліку і пахавальныя, з’яўляецца ардынарным служыцелем сакрамэнту хросту, з дазволу адпаведнай касцёльнай улады благаслаўляе сужэнствы.

Далей, ён пакліканы абвяшчаць заўсёды жывое і дзейснае Божае слова. Гэтае заданне выключна важнае ў наш час адыходу ад Бога. Тут да месца ўспомніць дыякана св. Стэфана, які з такой моцай абвяшчаў Хрыста, што ніхто не мог яму супярэчыць, і які служыць усім нам прыкладам.    

Дыякан таксама асаблівым чынам павінен прысвяціць сябе служэнню бліжнім і патрабуючым. У хуткім часе завершыцца Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які стаў часам ласкі і адначасова ўмацавання нашага ўсведамлення бязмежнай Божай міласэрнасці і неабходнасці быць міласэрнымі, як міласэрным ёсць наш Нябесны Айцец.

Езус вучыць, што бедных будзем мець заўсёды; бедных матэрыяльна і духоўна. Ад нас залежыць, ці будуць яны адчуваць сябе людзьмі і ці знойдуць у сабе сілы кінуцца ў абдымкі міласэрнага Бога. Гэта заданне адносіцца да кожнага хрысціяніна, але асабліва да дыякана.

Дарагі Аляксей, праз некалькі хвілін ты станеш дыяканам. Памятай, што ад твайго служэння ля алтара, абвяшчэння Божага слова і іншай паслугі, уключаючы справы міласэрнасці, будзе залежаць лёс многіх людзей, да якіх цябе пашле Божы Провід.

3. Само слова “святар” нагадвае аб святасці. Таму яго заданне — весці людзей да святасці. Іншае значэнне гэтага слова – pontifex – мост, які вядзе да Бога.

Святар па прыкладу Езуса пакліканы быць пасрэднікам паміж людзьмі і Богам, перадаваць Яму іх просьбы, падзякі і перапрашэнні. Ён ад імя Езуса і Ягонай моцаю абвяшчае Божае слова, каб у сэрцах людзей нараджалася і ўмацоўвалася вера, а таксама цэлебруе сакрамэнты, дзякуючы якім патрэбная для збаўлення Божая ласка дасягае чалавека. Святар таксама выконвае функцыі кіраўніка і настаўніка супольнасці вернікаў. Такім чынам, дзякуючы яго дзейнасці Касцёл рэалізуе сябе як сакрамэнт паўсюднага збаўлення.

Праблемай Касцёла ў Беларусі з’яўляецца вялікі недахоп касцёльных будынкаў. Але калі б іх і было дастаткова, то без святара яны сталі б музеямі, якія распавядалі б пра мінулае і не вялі ў будучыню. Таму роля святара ў жыцці Касцёла і ажыццяўленні збаўчай місіі Хрыста незаменная.

4. Наша радасць сёння вялікая. Мы дзякуем Богу за новага святара і дыякана. Але ў гэтую радасць урываюцца ноткі трывогі за будучыню, бо колькасць семінарыстаў не павялічваецца, а памяншаецца. Гэта азначае, што калі сітуацыя не зменіцца, то будзе ўсё менш урачыстасцяў, падобных да сённяшняй, і паступова ўзнікне вялікае пытанне пра будучае развіццё Касцёла. Атрыманую свабоду веравызнання мы не зможам выкарыстаць ва ўсёй паўнаце.

Таму сённяшняя ўрачыстасць пасвячэння новых дыякана і прэзбітэра павінна таксама ўспрымацца як акцыя паклікання да святарства.

Малады чалавек, які з’яўляешся ўдзельнікам гэтага набажэнства нараджэння новага дыякана і святара, услухайся ўважліва ў голас Пана. Можа, Ён і цябе кліча да святарства. Услухайся і адкажы, бо тады сапраўды сам будзеш шчаслівым і дапаможаш іншым стаць шчаслівымі.

5. Пакліканне да святарства – гэта шлях у адным напрамку, без білета назад, як вучыць Папа Францішак. Дзякуючы прэзбітэрскаму пасвячэнню чалавек становіцца святаром на векі. Святарства ніхто не можа адабраць. Можна страціць займаемую пасаду. Можа скочыцца тэрмін служэння. Аднак святарства не завяршаецца. Дзякуючы сакрамэнту святарства чалавек пазначаецца яго незнішчальным знакам, які застаецца навечна.

Дарагія духоўныя сыны Аляксей і Павел, дзякуйце за дар выключнага паклікання да святарства і заўсёды заставайцеся вернымі яму. Прыміце яго як ласку Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. Заставайцеся ў цеснай еднасці з Хрыстом – крыніцай паклікання і паспяховага выканання святарскай місіі. А Марыя, Маці святароў, няхай вам дапамагае, каб вы заўсёды разам з Ёй згаджаліся з Божай воляй, у якой крыецца таямніца плённага служэння Богу, Касцёлу і людзям. Амэн.

Адноўлена 06.11.2016 11:50
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі