Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас душпастырскай сустрэчы ў мінскім Чырвоным касцёле |
10 лістапада 2016 г. Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Леона Вялікага, Папу і доктара Касцёла. Ён выконваў служэнне намесніка св. Пятра ў 440-461 гг. Адзначаўся надзвычайнай пастырскай руплівасцю, моцнай і непарушнай верай, якую захоўваў і бараніў. Шмат увагі звяртаў на захаванне еднасці Касцёла. Яго папулярнасць і дзейнасць былі такімі значнымі, што яго называлі Леонам Вялікім. Хоць і прайшло больш за паўтара тысячагоддзі ад часу, калі св. Леон кіраваў Паўсюдным Касцёлам, яго прыклад і вучэнне застаюцца актуальнымі. Змяняюцца часы, з’яўляюцца новыя праблемы і выклікі, аднак вучэнне Хрыста застаецца нязменным. Яго абвяшчаў і бараніў сённяшні святы. Таксама павінны паступаць і мы. 2. У вачах Бога ўсе хрысціяне пакліканы быць вялікімі. Гэта асабліва датычыць святароў і кансэкраваных асобаў. Нас Бог паклікаў да выключнага служэння ў Касцёле: святароў — дзейнічаць ад імя Езуса і Яго моцаю; кансэкраваных асобаў — праз жыццё паводле евангельскіх парадаў чысціні, беднасці і паслухмянасці і ў харызме сваіх заснавальнікаў усё больш прыпадабняцца Хрысту і сведчыць Яго сваім жыццём, чаго так патрабуе сучасны свет. Сёння часта гучыць пытанне, ці адыгрывае яшчэ хрысціянства важную ролю ў жыцці сучаснага свету, які ўсё больш выбірае секулярны стыль жыцця? Ці адэкватна ўспрымаюцца ў ім святар або кансэкраваная асоба? А можа, для многіх яны з’яўляюцца рудыментам мінулых часоў? Многае залежыць ад нас саміх, ад нашай веры і сведчання. Ці часам мы самі не паддаёмся негатыўным уплывам часу? Ці не плывём па цячэнні, што значна лягчэй, чым плыць супраць цячэння? Ці не паддаёмся мы спакусе талерантнасці адносна маральнага зла ў імя паліткарэктнасці з мэтай спадабацца камусьці? Ці заўсёды ясна выказваемся ў маральных справах, так як вучыць Езус, што белае ёсць белае, а чорнае – чорнае? 3. Людзі ўважліва глядзяць на нас і робяць свае высновы з нашых паводзін, прыкладу малітвы і веры. Таму пазітыўны адказ на вышэйпастаўленыя і ім падобныя пытанні ў многім залежыць ад нас саміх. Людзі хочуць бачыць у нас сапраўдных духоўных кіраўнікоў у складаных духоўных лабірынтах іх жыцця. У мінулыя, яшчэ не вельмі далёкія часы, святар ці законніца асацыяваліся са святасцю. Напэўна, гэта не заўсёды так і, можа, звычайны працаўнік больш святы за святара, аднак святар успрымаўся людзьмі як святы. Таксама і кансэкраваная асоба. Людзі лічыліся з іх меркаваннямі адносна таго ці іншага пытання. Нярэдка можна было пачуць, што калі так сказаў святар, то так і павінна быць, і не было ніякіх дыскусій. Мы добра ведаем, што святар не спецыяліст ва ўсіх пытаннях і такім не павінен быць. Яго заданне іншае — быць спецыялістам у справе спаткання чалавека з Богам, як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI. 4. На жаль, аўтарытэт святара ці кансэкраванай асобы, які яшчэ не так даўно быў вельмі моцным, сёння зменшыўся. Хто ў гэтым вінаваты? Напэўна, наш секулярны час. Але вінаваты і мы самі. Падчас нашых размоваў са свецкімі асобамі ці заўсёды мы памятаем, што з’яўляемся духоўнымі? Не заўсёды. Не, не трэба ўзносіць бар’ераў у адносінах паміж духоўнымі асобамі і свецкімі, але святарская і манаская ідэнтычнасць павінны быць захаваны. У імя таннай папулярнасці мы не можам страціць сваёй ідэнтычнасці. Вельмі трапна на гэтую тэму выказаўся папа Францішак: святарства — гэта шлях у адным напрамку і без білета назад. Людзі заўсёды павінны ўспрымаць нас як пакліканых да асаблівай духоўнай місіі. Рэалізуючы яе мы, па прыкладу св. Леона, Папы і доктара Касцёла, таксама станем вялікімі, а дзякуючы нашаму служэнню людзям, яны таксама стануць такімі. 5. Сёння мы молімся за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Молімся за тых, якія ў цяжкіх абставінах ганенняў не толькі захавалі веру на нашай зямлі, але яе распаўсюджвалі і ўмацоўвалі. Яны «раздвойваліся», каб толькі данесці Евангелле да людзей, каб даць ім магчымасць спаткацца з Богам у сакрамэнтах, каб нягледзячы на складанасці будаваць хрысціянскую супольнасць. Узгадаем, якімі яны былі, чаму нас вучылі, як захоўвалі сваю святарскую ідэнтычнасць у часы ганенняў. З удзячнасцю схіляючы свае галовы з памяццю пра іх, мы разумеем, што без іх, не было б нас. Няхай добры Бог адудзячыць ім вечным шчасцем за іх вернасць святарскаму пакліканню і ўвядзе ў краіну вечнага шчасця, каб па прыкладу сённяшняга святога Леона Вялікага сталі вялікімі ў Божым Валадарстве. Амэн. |