Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на завяршэнне Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці

Мінская архікатэдра, 13 лістапада 2016 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Вось і завяршаецца Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які праходзіў пад дэвізам: «Міласэрныя, як Айцец». Мы прызвычаіліся да ўпрыгожанага фасаду нашай катэдры і да таго, што кожны дзень, праходзячы праз яе дзверы, якія сталі Брамай Міласэрнасці, мы маглі атрымаць поўны адпуст. Але на ўсё свой час, і сёння трэба развітвацца з гэтай брамай і з Юбілейным Годам Божай Міласэрнасці, калі само слова «міласэрнасць» стала нам вельмі блізкім.

2. Святы Аўгустын вельмі прыгожа і арыгінальна апісвае значэнне слова «міласэрнасць». Натуральна, што ён выкарыстоўвае яго лацінскую назву «misericordia». Гэтае слова складаецца з двух слоў: «cor» i «miseria». «Cor» азначае «сэрца», «miseria» — «убоства», «няшчасце», усялякую несправядлівасць. Такім чынам, гэтае слова азначае «прынятае ў сэрца няшчасце».

Гэты вялікі святы і хрысціянскі мысліцель кажа, што міласэрны чалавек — гэта той, хто атаясамлівае сябе з няшчаснай асобай, і толькі пасля гэтага імкнецца гэтаму няшчаснаму дапамагаць. Такім чынам, міласэрнасць — гэта прыняцце чужой бяды і дапамога ў яе пераадоленні.

3. Галоўным пунктам святкавання Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў Беларусі стала адзначэнне Сярэбранага Юбілею адраджэння іерархічных структур Касцёла і ўстанаўлення св. Янам Паўлам II Мінска-Магілёўскай мітраполіі, што дало новы імпульс і магчымасці для развіцця нашага Касцёла. Пасля доўгай ночы ганенняў, якая трывала тры пакаленні, настаў час, калі скрытая рака веры вырвалася вонкі, што стала знакам праяўлення Божай міласэрнасці.

Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які завяршаецца,  быў напоўнены многімі падзеямі. Сярод іх сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў, касцёльных рухаў, семінарыстаў, сем’яў, дзяцей пасля Першай святой Камуніі, катэхетаў і студэнтаў Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, працаўнікоў дабрачынных арганізацый Карытас, вязняў, супрацоўнікаў санктуарыяў, мас-медыя, розных малітоўных груп і г.д. Да гэтых падзей неабходна далучыць і шматлікія пілігрымкі да Брамаў Міласэрнасці і розных санктуарыяў у Беларусі і за мяжой.

Знакавай падзеяй Юбілейнага Года стаў XXXI Сусветны Дзень моладзі, які прайшоў у Кракаве пад дэвізам «Благаслаўлёныя міласэрныя». Гэты форум яшчэ раз паказаў маладосць і дынамізм Касцёла. Моладзь не двухсэнсоўна выказалася за духоўныя каштоўнасці, на якіх хоча будаваць будучыню, а праз сведчанне веры несці яе ў сучасны секулярызаваны свет.

4. Вялікае пасланне Юбілейнага Года заключаецца ў тым, каб зведаць тое, што наш Бог міласэрны. Гэта азначае, што Ён не абыякавы да нашых праблем і бярэ іх у сваё сэрца. Гэта асабліва бачна ў асобе Езуса Хрыста. Ён узяў на сябе нашы грахі і збавіў нас сваёй крыжовай смерцю, а ўваскрасеннем указаў на новы спосаб чалавечага быцця. Такім чынам, пасхальная таямніца смерці і ўваскрасенне Хрыста з’яўляюцца найвышэйшым праяўленнем Божай міласэрнасці.

Вядучая думка Юбілейнага Года заключалася ў тым, каб пазнаць ідэю міласэрнасці як галоўную прыкмету Бога, дасведчыць яе і ажыццяўляць у штодзённым жыцці. Міласэрнасць з’яўляецца ключавым словам дзейнасці Бога адносна чалавека, і яна нікім і нічым не абмежавана.

Бог не абмяжоўваецца толькі дэкларацыяй сваёй любові. Ён выяўляе яе бачным і яўным чынам. Таму міласэрнасць Бога — гэта не што іншае як Яго адказнасць за нас, бо Ён жадае нам дабра, шчасця, радасці і супакою, як вучыць папа Францішак.

5. А як мы ўспрымаем Бога? Хто Ён для нас? Суровы суддзя ці міласэрны Айцец?

Ён дае нам свой закон, якому павінна быць падпарадкавана ўсё. Мы ж, аднак, часта імкнёмся да неабмежаванай свабоды, прагнем прыемнасцяў, улады, багацця і г.д. Таму сучасны чалавек нярэдка ўспрымае Бога як нейкага канкурэнта на сваім жыццёвым шляху, воля якога здаецца яму непрымальнай.

У сувязі з гэтым некаторыя атэістычныя мысліцелі, як напрыклад, французскі філосаф Жан Поль Сартр, кажуць: там, дзе нараджаецца Бог, памірае чалавек. Сапраўды, там, дзе няма Бога, духоўна памірае чалавек.

6. Евангелле — гэта кніга Божай міласэрнасці, таму хрысціянства пазначана яе ідэяй. Аднак у гісторыі міласэрнасць Пана часта ўспрымалася як злагоджванне закону або чалавечай віны, што звужала яе аж да выключэння, замет таго, каб быць паўсюдным правілам, як гэтаму вучыць Хрыстус.

Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці вярнуў нам ідэю сапраўднага біблійнага аблічча Бога, імя якога — міласэрнасць.

Калі Бог міласэрны, то і мы павінны быць такімі. Для гэтага нам неабходна карыстацца лекам міласэрнасці больш, чым зброяй суровасці, — кажа святы Ян XXIII. А святы Ян Павел II заклікае да абвяшчэння міласэрнасці і сведчання пра яе ў сучасным свеце так, каб адзінай канкурэнцыяй паміж намі была канкурэнцыя ў тым, чыя любоў мацнейшая.

7. Сёння зачыняюцца Брамы Міласэрнасці, аднак міласэрнае сэрца Бога застаецца адчыненым. Калі ў кантэксце завяршэння Года Міласэрнасці перафразаваць вядомую англійскую прыказку «The King is dead, long live the King!» («Кароль памёр, няхай жыве Кароль!»), то мы скажам: «Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці завяршыўся, аднак жыццядайная моц міласэрнасці засталася». Нездарма Святое Пісанне кажа, што Божая міласэрнасць на вякі.

Міласэрны Ойча, дзякуем табе за ласкі Надзвычайнага Юбілейнга Года Божай Міласэрнасці. Перапрашаем, што, магчыма, не да канца выкарысталі яго магчымасці. Просім заўсёды заставацца міласэрным да нас і да нашай Айчыны.

Учыні нас інструментамі Тваёй міласэрнасці, каб яна дасягнула сэрца кожнага чалавека, перамяняла яго і праз гэта змяняла свет на лепшы. Няхай праз заступніцтва Марыі, Маці Міласэрнасці, і праз нашае служэнне да ўсіх людзей дойдзе бальзам Божай міласэрнасці як знак Божага Валадарства, якое прысутнічае сярод нас. Амэн.

Адноўлена 13.11.2016 20:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі