Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстага закрыцця Брамаў Міласэрнасці ў Пінскай дыяцэзіі

Хрыстус адзіны Пан часу і гісторыі дзеяў. Ён адчыняе і ніхто не можа зачыніць. Ён замыкае і ніхто не можа адчыніць.

Умілаваныя браты і сёстры!

Падобныя словы прамаўляе Святы Айцец падчас цырымоніі адкрыцця і закрыцця святых брамаў у вялікіх (папскіх) базыліках у Рыме. Гэтыя словы гучаць перад надыходзячай урачыстасцю Хрыста Валадара Сусвету і звяртаюць нашую ўвагу на асобу Збаўцы. Яны прыгадваюць усё, аб чым кажа Хрыстус і што кажа Бог праз факт уцелаўлення і таямніцы адкупленя. Святы Ян вельмі лаканічна свармуляваў, кім ёсць Бог: «Бог ёсць Любоў» (1 Ян 4, 16).

Юбілейны Год Міласэрнасці даў нам магчымасць увайсці ў глыбіню гэтай праўды. Той, хто з’яўляецца валадаром часу і гісторыі, той, у чыіх руках знаходзіцца мінулае, сучаснасць і будучыня свету і чалавека, з’яўляецца Міласэрным Богам. Ён — Бог, які дзеля нас і дзеля нашага збаўлення стаў чалавекам. За нас памёр на крыжы.

Дзеля нас з Яго прабітага боку выцякла кроў і вада. «О кроў і вада, якая выцякла з Найсвяцейшага Сэрца Езуса як крыніца міласэрнасці для нас, давяраем Табе». Урэшце, у хвіліне ўваскрасення Ён паказаў нам, у чым сэнс жыцця. Уся асоба Езуса, усё, пра што яна гаворыць — гэта спеў пра Божую Міласэрнасць.

На працягу года мы глядзелі на лагатып Вялікага Юбілею, які на сучасны лад прадстаўляе вобраз Міласэрнага Айца або вяртанне марнатраўнага сына з вядомай карціны Рэмбранта.

У нас перад вачыма — жэст чуласці да чалавека, які вяртаецца здалёк і адварочваецца ад граху, які ў свой час аддаліў яго ад Айца. Гэта праўда дае нам радасць. Мы створаны для таго, каб быць добрымі. Бог зробіць усё, каб мы былі добрымі. У адпаведны час і розным чынам Ён прыгадвае нам, што мы створаныя на яго вобраз і падабенства і менавіта таму з’яўляемся добрымі. Калі праз грэх мы становімся на баку зла, Бог чакае нашага навяртання. Ён чакае цярпліва і заўсёды сустракае нас з радасцю. Мае дарагія, ці ж тое самае не адбываецца ў сакрамэнце пакаяння і паяднання? Ці ж не з’яўляецца гэта вынікам прыняцця Эўхарыстыі?

«Міласэрныя, як Айцец» — гэта дэвіз, заклік і запрашэнне Юбілейнага году. Мы не можам затрымаць гэтую праўду толькі для сябе. Будзем дзяліцца з іншымі радасцю, што вынікае з яе. Гэтага патрабуе свет, патрабуе сучасны чалавек. Таму будзем міласэрныя, як Айцец.

Год ласкі, які завяршаецца, ставіць перад намі канкрэтныя заданні. Яны бяруць пачатак у закліку, які адначасова служыць дэвізам святога часу: «Будзьце міласэрнымі!» Але што значыць быць міласэрнымі? Як быць міласэрным?

Святы Айцец на генеральнай аудыенцыі ў сераду 9 лістапада нагадаў вернікам пра ўчынкі міласэрнасці, параўноўваючы іх з дарогаю да дасягнення паставы міласэрнасці.

Давайце мы таксама сёння ўзгадаем іх, бо гэта і для нас дарога і запрашэнне быць міласэрнымі, як Бог. Гэтыя ўчынкі дзеляцца на дзве групы. Учынкі адносна цела бліжняга паказваюць на клопаты і нядолю чалавека. На працягу вякоў яны адныя і тыя ж. І такімі ж самымі застаюцца спосабы дапамогі:

  • Галодных накарміць
  • Сасмаглых напаіць
  • Голых апрануць
  • Падарожных прыняць
  • Вязняў суцешыць
  • Хворых адведаць
  • Памерлых пахаваць

Апроч нядолі, якую церпіць цела, бываюць яшчэ большыя пакуты душы. І тут мы знойдзем раду:

  • Грэшнікаў настаўляць
  • Вучыць тых, хто не ведае
  • Раіць тым, хто сумняецца
  • Засмучаных суцяшаць
  • Цярпліва зносіць знявагу
  • Крыўду ахвотна дараваць
  • Маліцца за жывых і памерлых

Мае дарагія, якая канкрэтная і простая праграма! Ці ж мы не бачым вакол сябе гэтых праблем? Міласэрнасць — гэта імя Бога. Міласэрнасць з нашага боку — гэта сведчанне пра тое, што Бог ёсць. А колькі бедных людзей, не знайшоўшы дапамогі і разумення, засумнявалася ў існаванні Бога! І наадварот, колькі ж бедных знаходзіць радасць і прагу да жыцця дзякуючы сведчанню чалавечай дабрыні!

Падобна таму, як у першай палове ХХ стагоддзя свету неабходна было аб’яўленне Божай Міласэрнасці, так і сучаснаму свету патрэбна сведчанне людзей, якія паверылі ў Міласэрнага Бога і прынялі запрашэнне быць міласэрнымі.

Давайце ж і мы з радасцю і даверам адважымся прыняць гэта заданне. Падсілкаваныя моцай Юбілейнага Года, ідзём наперад у час і будучыню, якая належыць Міласэрнаму Богу. Давайце будзем сведкамі Міласэрнасці.

біскуп Пінскі
Антоні Дзям'янка

Адноўлена 13.11.2016 20:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі