Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў касцёле св. Тэрэзы падчас святкавання ўрачыстасцяў Апекі Божай Маці Вастрабрамскай |
Вільнюс, 19 лістапада 2016 г. Вітай Каралева, Маці Міласэрнасці! Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1. Гэтыя словы рэфрэна рэспансарыйнага псальма сёння гучаць у нашых сэрцах, калі мы, беларускія католікі, чарговы раз збіраемся ў Вострай Браме ля падножжа Маці Міласэрнасці. Сённяшняе набажэнства праходзіць напярэдадні завяршэння Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці ў Віленскай архідыяцэзіі. Юбілейны Год ва ўсім свеце завяршыўся ў мінулую нядзелю, 13 лістапада. Аднак, беручы пад увагу духоўнае значэнне традыцыйных Вастрабрамскіх урачыстасцяў, з дазволу Апостальскага Пасаду ў Віленскай архідыяцэзіі ён завяршаецца заўтра, 20 лістапада, таксама як і ў рымскіх базыліках. Таму сёння мы можам атрымаць юбілейны адпуст. Сёлетняя традыцыйная сустрэча беларускіх католікаў ля падножжа Божай Маці Вастрабрамскай адбываецца ў год сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, што з’яўляецца знакам праяўлення Божай міласэрнасці. 1–2 ліпеня гэтага года ў Будславе мы разам са спецыяльным пасланнікам папы Францішка кардыналам Крыстафам Шонбарнам з Вены дзякавалі Богу за гэты вялікі дар. Сёння мы працягваем нашу падзяку перад абліччам Маці Міласэрнасці. Тут, ля яе падножжа, на працягу многіх дзесяцігоддзяў беларускія католікі выпрошвалі свабоду веравызнання, верачы, што, дзякуючы Марыі, Яе Сын Езус Хрыстус учыніць цуд. Мы звярталіся да цябе, Марыя, з нашымі просьбамі: «Ня маем свабоды рэлігіі, не маем касцёлаў, не маем святароў, не маем рэлігійнай літаратуры, не маем семінарыі... Выпрасі ў свайго Сына цуд свабоды веравызнання для Беларусі, падобна як ты ўчыніла гэта падчас вяселля ў Кане Галілейскай», пра што нагадвае сённяшняе Евангелле. І гэты цуд, прадказаны Марыяй у Фаціме ў 1917 г., стаўся. Дарога з Вострай Брамы вядзе на Усход — на Мінск і Маскву. Дзякуем табе, Марыя, бо міласэрнасць Божая дасягнула зямлі, якую атэістычны рэжым хацеў учыніць духоўнай пустыняй. Сёння мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі ажыццяўлення фацімскага прароцтва аб навяртанні нашага краю да Бога. 2. Свабода веравызнання, як і кожная іншая свабода, — гэта не толькі вялікі дар, але і заданне. Схільныя да граху, мы часта паддаёмся спакусе жыць не паводле Божай волі, а паводле сваёй, якая не заўсёды адпавядае Божай і нават ёй супярэчыць. Так паступаючы, мы парушаем устаноўлены Творцам парадак, што вядзе да рознага роду катастроф. У наш час мы найчасцей клапоцімся аб эканамічным, фінансавым, экалагічным і іншых крызісах. Ліхаманкава шукаем выйсця з іх і не можам знайсці. Чаму так ёсць? Адказ просты: сучасны чалавек проста забывае або не хоча ведаць, што прычынай кожнага крызісу з’яўляецца крызіс веры. Вера больш не з’яўляецца той базай, на якой чалавек будуе сваё жыццё. Больш таго, у наш час мы ізноў перажываем пераслед веры. У сучасным свеце хрысціянства стала рэлігіяй, якая найбольш церпіць ад пераследу. У многіх краінах, асабліва ў Афрыцы і Азіі, відавочны фізічны пераслед. У цывілізаванай дэмакратычнай Еўропе пераслед выкліканы ліберальным заканаўствам. Амаральная разбэшчанасць прывяла да таго, што забараняюцца і высмейваюцца хрысціянскія сімвалы. Напэўна, у нашай памяці яшчэ жывы тэрарыстычны акт, здзейснены ў Вялікі аўторак гэтага года ў Брусельскім аэрапорце, падчас якога загінула многа людзей. У той жа дзень у спартыўных магазінах Бруселя можна было набыць скейтборды з выявай укрыжаванага Хрыста. У час, калі Касцёл разважае над збаўчымі мукамі Хрыста, моладзь, не зважаючы на святы для хрысціянства знак крыжа, топчыцца па ім сваімі нагамі. Ці такую Еўропу яшчэ можна называць хрысціянскай? Не, яна постхрысціянская. Сучасны свет адкідвае маральны закон і жыве сваім, які не мае нічога супольнага з Божым, і праз гэта выклікае ўсё новыя крызісы. 3. Сярод іх адным з самых сур’ёзных з’яўляецца крызіс сям’і. Сям’я, як Богам устаноўлены адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння патомства і яго выхавання, распадаецца на нашых вачах. Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму развод быў выключэннем, то сёння становіцца нормай жыцця. Зменяецца само паняцце сям’і. Паводле заканадаўства многіх краін свету, сям’я — гэта ўжо не толькі саюз мужчыны і жанчыны, але таксама саюз двух мужчын або дзвюх жанчын, і пры гэтым з правам усынаўлення дзяцей, што супярэчыць Божаму закону. З’яўляюцца паталагічныя сем’і, як напрыклад, у Швецыі, якія складаюцца з некалькіх мужчын, жанчын і дзяцей ад розных бацькоў. Найбольш каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца жыццё, становіцца таварам. Выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, ім можна маніпуляваць. Яго можна забіць, купіць і прадаць. Свет занепакоекны дэмаграфічным крызісам, але не хоча бачыць яго сапраўднай прычыны, якой з’яўляецца ўсё больш папулярная практыка абортаў. Калі чытаем евангельскі аповед пра забіццё Ірадам нявінных дзяцей, то задаемся пытаннем: як такое магло стацца? Але ў той жа час мы не задумваемся над тым, што сучаснымі Ірадамі з’яўляюцца ўрачы, якія складалі прысягу Гіпакрата бараніць жыццё і ў той жа час за грошы забіваюць ненароджаных дзяцей у найлепшых клініках. Еўропа заклапочана некіруемай міграцыяй. Але, з іншага боку, ёй патрэбны рукі для працы. Еўропа старэе. Яна падобна да старой бабулі, якая не можа нарадзіць новае жыццё, як кажа папа Францішак, а хтосьці павінен працаваць. На пасяджэнні прадстаўнікоў епіскапатаў Цэнтральнай і Сярэдняй Еўропы ў верасні гэтага года ў Братыславе (Славакія) прадстаўнік міграцыйнай службы Еўрасаюза сказаў, што калі дэмаграфічная сітуацыя не зменіцца, то ў 2050 годзе Еўропа будзе патрабаваць 60 мільёнаў рук для працы. Адкуль яны возьмуцца? Толькі з Афрыкі і Азіі, што прывядзе да яшчэ большага сацыяльнага напружання з-за розніцы культур, традыцый, менталітэту і веравызнанняў. А ўсё можна вырашыць вельмі проста. Трэба толькі шанаваць жыццё. Вялікі непакой выклікаюць сучасныя СМІ і мастацтва. Яны фармуюць маладога чалавека. Але на якіх каштоўнасцях? Маральных? Не, на амаральных. Што прадстаўляецца на экранах кіно, тэлебачання, у інтэрнэце? Якія праграмы транслюе радыё? Найчасцей гэта прапаганда свабоднага сексу, разводы, войны, тэрарыстычныя акты, алкагалізм, наркотыкі і г.д. Моладзь — гэта наша будучыня. На жаль, яна выхоўваецца не ў духу любові да бліжняга і пашаны Божага закону, але ў духу эгаізму і нават геданізму. Дзе няма Бога, там у постаці багацця, задавальненняў, наркотыкаў, алкаголю ці сексу з’яўляюцца бажкі, якім сучасны чалавек пакланяецца. Але ці яны гарантуюць шчасце? Найчасцей гэта толькі ілюзорнае шчасце, якое лопаецца, як мыльны пузыр, знікае, як туман, і настае жорсткая рэальнасць зламаных лёсаў людзей. 4. Гэта толькі некаторыя паталогіі сучаснага свету, якія ставяць слушнае пытанне: дзе шукаць паратунтку? Касцёл указвае нам на Марыю. Яна ў рашучую хвіліну гісторыі чалавецтва, калі вырашаўся яго лёс, сказала Богу сваё «так», якое змяніла свет. Як Маці Міласэрнасці Яна і сёння, у XXI стагоддзі, заклікае нас сказаць нашае «так» Богу і не верыць ліберальнай прапагандзе, якая прапануе толькі ілюзорнае шчасце. Яно пройдзе, як дым, а чалавек застанецца адзін са сваімі праблемамі. Марыя, Ты выпрасіла нам у Бога ласку свабоды. У гэты час выпрабаванняў і час нябачнага дасюль супрацьстаяння дабра са злом, выпрасі ласку захавання веры і хрысціянскай тоеснасці. Умацаваныя надзеяй, якую дае Бог праз Марыю, з адвагай кінемся ў абдымкі бязмежнай Божай міласэрнасці, каб самім зведаўшы яе, быць яе носьбітам у сучасным свеце, які патрабуе любові і жывой веры, як паветра. Калі мы, нашчадкі нашых продкаў, якія ў часы ганенняў не адракліся ад веры і захавалі яе, не ўчынім гэтага, то хто іншы? Калі не сёння, то калі? І няхай у гэтым, праз заступніцтва Марыі, нам дапаможа Усемагутны Бог. Амэн. |
Адноўлена 17.11.2016 13:07 |