Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас адпусту на Імшы ў парафіі св. Барбары ў Замосці |
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Часта бывае, што ў дарозе мы можам заблукаць. Што тады робім? Бяром у рукі мапу і шукаем праўдзівую дарогу. Знайшоўшы, змяняем напрамак руху, каб шчасліва даехаць ці дайсці да мэты. Падобна і ў духоўным жыцці. Калі мы заўважаем, што збочылі з указанай нам Богам дарогі, то неабходна павярнуць у правільным напрамку. Адвэнт акурат і з’яўлецца адпаведным часам, каб праверыць, ці мы жывём паводле Божага закону. Вельмі часта мы не ведаем, якой дарогай ідзём. Нярэдка нам усё роўна і мы жывём як жывецца, не задумваючыся аб тым, ці адпавядае наша жыццё Божаму плану. Яно, як цячэнне ракі, нас нясе і мы не ўплываем на яго. Гэта можа скончыцца трагедыяй. Зусім нядаўна ў Пскове ў Расіі 15-гадовы хлопец і дзяўчына пачалі страляць у паліцыю, пасля чаго застрэліліся самі. Перад гэтым у сацыяльных сетках напісалі, што не бачаць сэнсу свайго жыцця. Такіх прыкладаў можна знайсці многа. Яны нагадваюць аб духоўнай пустэчы ў сэрцы чалавека, што вядзе да трагедыі. Калі ў душы няма Бога, то няма і жыццёвага арыенціру, няма фундаменту, на якім можна будаваць сваю будучыню. А гэты арыенцір і падмурак патрэбныя. Як без падмурку нельга збудаваць дома, а без арыентыра — накіроўвацца ў адпаведным напрамку, так і без духоўнага фундаменту, якім з’яўляецца вера, і духоўнага арыенціру, якім з’яўляецца Евангелле, нельга будаваць шчаслівае жыццё. Наша апякунка жыла на тэрыторыі сучаснай Турцыі ў III-IVстагоддзях. Яна нарадзілася ў вельмі багатай паганскай сям’і. Бог адарыў яе не бачнай дагэтуль прыгажосцю і здольнасцямі. Яе бацька, Дыаскур, імкнуўся захаваць яе ад згубнага ўплыву амаральнай моладзі і таксама ад уплыву хрысціянства. Таму збудаваў вежу, у якой замкнуў сваю дачку. Аднак ён дазваляў настаўнікам вучыць яе. Сярод іх знайшоўся хрысціянін, які пазнаёміў дзяўчыну з хрысціянствам. Яго ўплыў быў так вялікі, што Барбара патаемна пахрысцілася і пастанавіла жыць у духоўнай чысціні. Калі аб гэтым даведаўся яе бацька, то біў яе і нават пагражаў смерцю, калі яна не адрачэцца ад Хрыста. Барбара не згадзілася, цярпела пераслед, яе мучылі і на канец родны бацька яе забіў. Святая Барбара ўшаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве. Мы я праслаўляем як дзеву і мучаніцу. Яна з’яўляецца апякункай шахцёраў, паміраючых, будаўнічых і пажарнікаў. У іканаграфіі прадстаўляецца як прынцэса, якая замкнута ў вежы. Яе атрыбутамі з’яўляюцца пальма мучаніцтва і келіх. 3. Чаму нас, людзей XXI стагоддзя, вучыць прыклад св. Барбары. Мы радуемся таму, што завяршыўся час ганенняў на Касцёл і веру, што атрымалі свабоду веравызнання. Многія нашы суайчыннікі падчас трох пакаленняў пераследу веры, мужна яе баранілі, нават да праліцця крыві. Яны, не гледзячы на цяжкія ўмовы, яе захавалі і перадалі маладым пакаленням. Мы цешымся, прадказанай Марыяй у Фаціме амаль што 100 гадоў таму, свабодзе веравызнання. Свабода — гэта вялікі Божы дар, але адначасова — гэта таксама і выклік. 4. У наш час мы становімся сведкамі новага пераследу хрысціянства. У некаторых краінах гэта нават фізічны пераслед. Так у мінулым годзе ў свеце загінула больш за 100 тысяч хрысціян. У іншых краінах — гэта маральны пераслед, аб чым сведчыць забарона хрысціянскіх сімвалаў, або законы, якія супярэчаць Божаму праву — аборты, разводы, эўтаназія, штучнае апладненне, гомасексуальныя саюзы і г.д. Мы жывём у час парадоксу. З аднаго боку дазваляецца свабодна дзейнічаць супраць Божага закону, а з іншага — хрысціяне павінны змагацца за свае правы і гэта ў дэмакратычных краінах. Мы перажываем таксама і іншы парадокс. Маем усё больш магчымасцяў духоўна удасканальвацца, а іх не выкарыстоўваем належным чынам. Часта жывём так, як быццам Бога няма. Нам ніхто не забараняе практыкаваць нашу хрысціянскую веру, як гэта было ў выпадку са св. Барбарай, але мы самі адмаўляемся. Замест Бога выбіраем матэрыяльныя каштоўнасці, не заўсёды маральныя прыемнасці і задаваленні і г.д. Гэта ўсё не што іншае, як ілюзорнае шчасце, якое хутка праходзіць. Езус кажа, што хто страціць сваё жыццё дзеля Яго, той будзе жыць вечна. Дзе сёння тыя, хто катаваў св. Барбару? Хто пра іх памятае? Ніхто. А Барбара на нашых вуснах і ў нашых малітвах, бо яна ў Божым Валадарстве. 5. Іканаграфія часамі прадстаўляе св. Барбару з мячом у адной руццы, як сімвалам мучаніцкай смерці, і з келіхам з гостыяй — у другой, як сімвалам Хрыста. Гэты вобраз св. Барбары мы можам прыстасаваць да нашага жыцця. У адной руцэ мы трымаем наша пакліканне быць бацькам, маці, лекарам, настаўнікам, рабочым, святаром, законнікам ці законніцай і г.д. Гэта азначае тое, што, выконваючы наша пакліканне, мы ахвяруем сябе да канца. Благаслазлёны Юрый Матулевіч хацеў быць падобным да свечкі, якая спальваецца да канца. У другой руцэ мы павінны трымаць Хрыста, для Якога ўсё гэта чынім. Адзін аповед расказвае пра дваіх законнікаў, якія прачыталі, што на краі свету знаходзіцца месца, дзе сустракаюцца неба і зямля, і распачынаецца Божае Валадарства. Вырашылі шукаць гэтае месца і не вяртацца, пакуль не знойдуць. Яны вандравалі па ўсім свеце, дасведчылі многа цяжкасцяў і спакусаў. Нарэшце дайшлі да дзвярэй, аб якіх чыталі. Трэба было толькі ўвайсці ў іх, каб знайсціся ў Божым Валадарстве. Калі адчынілі дзверы, то са здзіўленнем убачылі, што знаходзяцца ў сваім кляштары. Паглядзелі адзін на аднаго і зразумелі, што Божае Валадарства распачынаецца на зямлі і яно залежыць толькі ад нас. Святая Барбара добра ведала, да чаго імкнулася. Ведала, што шлях у Божае Валадарства не лёгкі. Для яе ён стаў шляхам мучаніцтва. Дзякуй Богу, мы можам свабодна практыкаваць нашу веру. Аднак выклікі сучаснасці з’яўляюцца тымі спакусамі, якія перашкаджаюць у нашым шляху да Божага Валадарства. У такіх складаных абставінах нам прыкладам з’яўляецца наша заступніца. Святая Барбара, наша апякунка. Ты ўжо чатыры стагоддзі падтрымліваеш веру гэтага люду. Так было ў часы яе росквіту на нашых землях. Так было ў часы ганенняў. Так ёсць цяпер. І так павінна быць у будучыні. Выпрасі ў Бога ласку, каб мы не паддаліся секулярным выклікам нашага часу, але заўсёды заставаліся вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню. Амэн. |
Адноўлена 04.12.2016 13:22 |