Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з самых вялікіх святаў — урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Вядома, што з-за непаслухмянасці Божаму закону нашых першых бацькоў Адама і Евы кожны чалавек прыходзіць у гэты свет у стане першароднага граху. Гэта правіла без выключэнняў, і яно дзейнічае на ўсіх людзей. Уся гісторыя чалавецтва пазначана гэтай трагедыяй.

Мы добра ведаем, што ёсць так званыя спадчынныя хваробы, якія перадаюцца ад бацькоў дзецям. Напрыклад, калі чалавек хварэе дыябетам, то лекары пытаюцца, ці яго бацькі ім не хварэлі і г.д. Нешта падобнае ёсць і з першародным грахом. Ён, пачынаючы ад Адама і Евы, перадаецца на ўсе пакаленні.

Аднак, у гэтым правілы міласэрны Бог зрабіў адно выключэнне: моцаю будучых заслуг Збаўцы Езуса Хрыста Ён вызваліў Марыю ад першароднага граху.

Чаму Ён так учыніў? Сын Божы — Езус Хрыстус, які нарадзіўся з Марыі — гэта сама святасць. А святасць не можа суіснаваць з грахом. Прыняўшы Божую волю, Марыя стала першым табэрнакулюмам і таму мусіла быць абсалютна чыстай. Пацвярджае гэта і сённяшняе Евангелле, калі арханёл Габрыэль называе Марыю «поўнаю ласкі».

Зыходзячы з гэтых слоў і шматвекавой традыцыі Касцёла, благаслаўлёны папа Пій IX у 1854 г. абвясціў дагмат каталіцкай веры аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Праз чатыры гады ў 1858 г. Марыя пацвердзіла гэтую праўду падчас сваіх аб’яўленняў св. Бэрнадэце Субіру ў Лурдзе, калі яна назвала сябе Беззаганным Зачаццем.

2. Дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі стаў адказам Касцёла на выклікі другой паловы XIX стагоддзя, калі пачала моцна распаўсюджвацца атэістычная ідэалогія, людзі адмаўляліся ад захоўвання маральных нормаў, а тэхнічная рэвалюцыя і індустрыялізацыя, якая хутка развівалася, ускладнялі сацыяльную несправядлівасць. У такіх складаных абставінах Касцёл звярнуў сваю ўвагу на духоўную прыгажосць Марыі і падкрэсліў, што кожны з нас павінен імкнуцца да гэтага.

3. Хаця ў Праваслаўнай Царкве няма дагмату веры аб Беззаганным Зачацці, аднак літургія спасылаецца на яго, бо Марыя праслаўляецца як «Прачыстая Багародзіцца», што нагадвае аб яе Беззаганным Зачацці. Такім чынам, тое, што Каталіцкі Касцёл называе праўдай веры, праяўляецца і ў праваслаўнай літургіі. Таму адсутнасць гэтага дагмату веры ў Праваслаўнай Царкве не з’яўляецца прычынай для разладаў ва ўзаемаадносінах паміж католікамі і праваслаўнымі. Нават у праваслаўнай катэдры ў Смаленску захавалася фрэска аб Беззаганным Зачацці Божай Маці.

4. Калі мы гаворым пра Марыю, то найчасцей узгадваем пра яе Боскае Мацярынства і называем яе Маці Бога. Айцы Касцёла ўжо ў першых стагоддзях хрысціянства праслаўлялі Марыю, бо добра ведалі, што без яе Збаўца не прыйшоў бы ў гэты свет і паслядоўна не адбылося б збаўлення чалавецтва з палону граху. Яна з’яўляецца сутнаснай часткай гісторыі збаўлення, здзейсненай Езусам.

5. Адзначаючы ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Касцёл падкрэслівае яе ўнікальную ролю і супрацоўніцтва з Богам у таямніцы збаўлення. Нават да канца не разумеючы, як яна можа стаць Маці Збаўцы, Марыя згаджаецца з Божай воляй і абсалютна паддаецца ёй. У словах «вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» выказаны намер цеснага супрацоўніцтва з Богам. У гэты момант яна становіцца Маці Бога, бо дзякуючы гэтаму Боская прырода Сына Божага прыняла чалавечую. Гэтыя дзве прыроды — Боская і чалавечая — сталі адным цэлым у яе ўлонні ў асобе Езуса Хрыста.

Марыя вядзе нас да Хрыста. Яна паказвае шлях да святасці. Таму Касцёл заахвочвае браць прыклад з яе, найперш практыкуючы цноту паслухмянасці Божай волі. Касцёл таксама заахвочвае практыкаваць яе культ і яго развіваць. Калі мы не праслаўляем Марыю, то не можам праслаўляць і яе Сына, бо яны рука ў руку ідуць побач і звязаны адно з адным.

6. З дрэва крыжа Хрыстус у асобе св. апостала Яна даў нам Марыю як нашу духоўную Маці. Евангелле кажа, што з таго моманту Ян узяў яе да сябе. Гэта прыклад і заклік для нас запрасіць Марыю ў свой дом, у дом нашых сэрцаў, бо Марыя з’яўляецца самым кароткім шляхам да Езуса. Падобна таму, як яна была адкрыта на прыняцце Божага слова і Яго волі, таксама і мы павінны паступаць, каб Езус пасяліўся ў нашых сэрцах.

З нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, Марыя ў сваёй фацімскай фігуры пілігрымуе па нашых парафіях і сем’ях. Мэта гэтай перэгрынацыі — дапамагчы людзям асэнсаваць значэнне фацімскага прароцтва аб навяртанні нашага краю да Бога пасля 70 гадоў ганенняў і актуальнасці фацімскіх аб’яўленняў.

Калі мы будзем слухаць Бога, маліцца і імкнуцца да навяртання, то ўсё будзе добра, калі не — нас чакаюць новыя катаклізмы. Прымем пілігрымуючую фігуру Божай Маці, дзеці, якія жывуць далёка ад сямейнага дома, з радасцю прымаюць сваю маці, калі яна наведвае іх. Прымем, бо яна прыносіць нам Езуса і Яго ласку.

7. У другім сённяшнім чытанні св. апостал Павел нагадвае нам, што Бог выбраў нас, каб мы былі святымі. Найкарацейшы шлях да святасці — наследаваць Марыю. Яна паказвае нам, як праз паслухмянасць і давер Богу стаць святым. Бог жадае бачыць нас падобнымі да яе, жадае, каб мы так як яна адказалі на Яго заклік.

Першае сённяшняе чытанне прадстаўляе гісторыю падзення нашых першых бацькоў — Адама і Евы. Бог іх шукае, бо яны схаваліся. Чаму схаваліся? Бо ўбачылі сябе нагімі. Нагімі, перадусім у сэнсе Божай ласкі, якую праз грэх страцілі. Сёння гэтаксама Бог шукае нас. Сёння мы таксама чуем Яго пытанне: «Адам, дзе ты?». Гэта азначае: «Чалавек XXI стагоддзя, дзе ты? Можа ты хаваешся ад Мяне, бо духоўна нагі?»

Падчас Адвэнту, калі Касцёл заклікае нас да падрыхтоўкі дарогі Пану, які ідзе, па прыкладу Марыі скажам Богу нашае «так» і праз адвэнтавыя практыкаванні апранемся ў адзенні Божай ласкі, каб нашы сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу. Амэн.

Мінская катэдра, 8 снежня 2016 г.

Адноўлена 06.12.2016 16:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі