Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды аплаткавай сустрэчы супрацоўнікаў «Карытас»

Браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Чарговы раз перад Божым Нараджэннем мы збіраемся на традыцыйную аплаткавую сустрэчу супрацоўнікаў «Карытас». Аддаленая ад мінскага мегаполіса і адначасова блізкая да яго Ляскоўка сёння ізноў гасцінна прымае нас, не толькі для таго, каб даць магчымасць напрыканцы года ацаніць працу дабрачынных арганізацый Беларусі, але і для таго, каб перажываць радасны час чакання прышэсця Пана.

Езус прыходзіць і мы як супрацоўнікі дабрачыннасці павінны дапамагчы, каб Ён сваёю ласкай нарадзіўся ў душах тых, хто знаходзіцца на перыферыі жыцця, хто хворы і калека, хто пакрыўджаны лёсам і г.д. Яны таксама людзі і таксама маюць права, як усе іншыя, радавацца надыходзячым святам.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як вельмі багаты і самаўпэўнены чалавек аднойчы, знаходзячыся побач з лясной каплічкай, пачуў голас Езуса з крыжа: «Заўтра прыйду да цябе». Багач узрадаваўся і паспяшыў дадому рыхтавацца да прыняцця высокага госця.

Настаў наступны дзень. Чалавек не адыходзіў ад акна з рана да вечара. Праглядзеў усе вочы. Ніхто не прыйшоў яго адведаць, акрамя беднага чалавека, якога ён, вядома, прагнаў, кажучы: «Не бадзяйся тут і ідзі адсюль хутчэй, бо я чакаю Езуса».

Тое ж самае паўтарылася на наступны дзень, і яшчэ праз дзень. Прыходзіў толькі бядняк, якога багач праганяў.

Раззлаваны ўсім гэтым, ён пайшоў у лес да каплічкі, дзе выказваў свае прэтэнзіі да Езуса: «Ты абяцаў, што прыйдзеш. Я Цябе чакаў тры дні, падрыхтаваў добры абед, прагледзеў усе вочы, а Ты не прыйшоў. Чаму? Ты ж абяцаў!» На гэта Езус адказаў: «Я ажно тры разы прыходзіў да цябе, але ты Мяне праганяў».

Іншая гісторыя распавядае пра тое, як у адзін з кляштараў у госці да настаяцеля манаскай супольнасці прыйшоў Езус. Яны сядзелі і размаўлялі пра касцёльныя пытанні і справы ордэна. Наблізіўся час абеду. Нехта пастукаў у дзверы кляштара.

Настаяцель падняўся, перапрасіў Езуса, кажучы, што павінен на пэўны час Яго пакінуць, бо пойдзе пакарміць бедняка, які стукае ў дзверы. Калі настаяцель вярнуўся, то Езус яго пахваліў і сказаў, што калі б ён не пайшоў дапамагчы бедняку, то Ён сам гэта ўчыніў бы.

Гэтыя і падобныя іншыя гісторыі з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што ў беднай і патрабуючай асобе мы сустракаем самога Езуса. Ён нездарма сказаў: «Што зрабілі аднаму з найбяднейшых, Мне зрабілі».

Нядаўна завяршыўся Год Божай Міласэрнасці, але міласэрнаць Бога не завяршылася і актуальным застаецца заклік папы Францішка не выключаць нікога з патрабуючых з поля нашага позірку. Дзверы міласэрнасці нашага сэрца павінны заставацца шырока адчыненымі, кажа ён у Апосталькім пасланні Misericordia emiseria («Міласэрнасць і беднасць»).

Бог міласэрны, такімі і мы павінны быць. Ён прабачае нам грахі і рознымі спосабамі аказвае сваю міласэрнасць, падобна і мы павінны чыніць, каб у сучасным жорсткім і неміласэрным свеце быць носьбітамі міласэрнасці. Справа міласэрнасці мае сацыяльны характар і таму неабходна вучыцца культуры міласэрнасці і яе развіваць. Езус кажа, што бедных мы будзем мець заўсёды, і таму заўсёды неабходна быць гатовымі для служэння ім па прыкладу Хрыста.

У першым чытанні мы пачулі заклік прарока Ісаі да справядлівасці. Паднятая ім праблема была актуальна не толькі ў VIII стагоддзі да нараджэння Хрыста, але застаецца актуальнай заўсёды, таксама і ў наш час. У сучасным свеце шмат гаворыцца пра неабходнасць захавання прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і салідарнасці паміж народамі. Праходзяць шматлікія канферэнцыі на самых высокіх узроўнях. Прымаюцца прыгожыя рашэнні і г.д. Аднак у той жа час як не было справядлівасці, так і няма далей, што вядзе да сацыяльнай напружанасці.

У наступным годзе мы будзем адзначаць 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў, якія вельмі моцна звязаны з нашай зямлёй. Аб’яўленні Божай Маці ў Фаціме — гэта прадказанне гісторыі развіцця Усходу Еўропы ў ХХ стагоддзі, яе трагедый і надзей, а таксама свабоды найперш ад атэістычнага прыгнёту.

Чаму 100 гадоў таму ў Расіі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя? Прычын многа. Сярод іх уплыў атэістычнай прапаганды, што рэлігія з’яўляецца опіумам для народа. Аднак адной з галоўных стала сацыяльная напружанасць, калі нізы не хацелі далей жыць па-старому, церпячы несправядлівасць, а вярхі не маглі і не былі гатовы да змены свайго менталітэту, не маглі бачыць у сваіх падуладных братоў і сясцёр.

Сацыяльная несправядлівасць, якая існуе і расце ў многіх краінах свету, з’яўляецца крыніцай нестабільнасці і пагражае новымі канфліктамі, якіх і так зашмат у сучасным свеце. Таму, выходзячы насустрач патрэбам патрабуючых, мы не толькі дапамагаем ім у вырашэнні іх праблем, але таксама спрыяем захаванню так патрэбнай кансалідацыі грамадства.

«Прыйдзі, Пане, і наведай нас у спакоі», — спявалі мы перад Евангеллем. Гэтыя словы выказваюць нашу тугу па Пану, які адзіны можа прынесці сапраўдны супакой у нашы душы і ў наша грамадства. Ён заклікае любіць бліжняга і захоўваць прынцып сацыяльнай справядлівасці. Яго славутае казанне на гары пра 8 благаслаўленняў — гэта маральны кодэкс кожнага хрысціяніна.

Стагоддзе таму ўпэўнены ў сабе і ў вайсковай моцы Германіі нямецкі канцлер Вільгельм Кайзер казаў, што на базе васьмі благаслаўленняў не будуецца трывалы супакой. Гісторыя, аднак, паказала, што войны і таталітарныя рэжымы не спрыяюць будаванню міру. Яго можна збудаваць толькі на прынцыпах Евангелля.

Сёння, калі з кожным днём сацыяльна-палітычная сітуацыя ў свеце ўскладняецца, «Карытас» павінен быць будаўніком культуры міласэрнасці і сацыяльнай справядлівасці, каб наша зямля была Бэтлеемам нашага часу, у якім рэальнымі становяцца словы анёльскага спеву: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Амэн.

Ляскоўка, 16 снежня 2016 г.

Адноўлена 16.12.2016 11:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі