Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску

Мінская архікатэдра, 17 снежня

ПАДРЫХТУЙЦЕ ДАРОГУ ПАНУ

Падрыхтуйце дарогу Пану ў пустыні (Іс 40, 3).

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Гэтыя словы прарока Ісаі, якія паўтарыў св. Ян Хрысціцель, з’яўляюцца лейтматывам Адвэнту — часу падрыхоўкі да святаў Божага Нараджэння і да другога прышэсця Хрыста. У часы Старога Запавету не было прывычных нам дарог. Замест іх былі так званыя камунікацыйныя тракты, якія з’яўляліся хаатычна, часта проста выпадкова і выкарыстоўваліся купецкімі караванамі, войскам ці каралём. Магчыма, нешта падобнае калісьці было і на нашай зямлі, да чаго схіляе, напрыклад, назва вуліцы Лагойскі тракт у Мінску.

У часы Старога Запавету пра тэхнічны стан такіх трактаў асабліва ніхто не клапаціўся — з-за малога руху і таксама з-за складаных атмасферных умоў. Пясчаныя буры засыпалі іх гарамі пяску, а ў дажджавы сезон магутныя патокі вады размывалі іх.

Аднак, калі ўзнікала патрэба, — напрыклад, прыязджаў кароль ці адбываўся вайсковы паход, — то такія тракты рамантавалі: засыпалі ямы, якія ўзнікалі пасля дажджоў, выдалялі няроўнасці і г.д. Звычайна гэтым займалася войска.  

Часам на нашых дарогах мы можам прачытаць надпіс: «Аб’езд! Рамонт дарогі». Нярэдка пры гэтым мы наракаем, бо аб’езды ўскладняюць наш шлях. Пры гэтым мы не заўсёды думаем пра тое, што адрамантаваная дарога будзе лепшай і па ёй мы будзем ехаць больш хутка і бяспечна.

2. Падобна і з нашым духоўным шляхам. Вельмі часта ён разбіты, ухабісты, няроўны, крывы, нябяспечны. Менавіта пра такі шлях нагадваюць прарок Ісая і св. Ян Хрысціцель. Праблема ў тым, што мы прывыкаем да старых, занядбаных духоўных дарог і не заўсёды хочам іх рамантаваць, калі можна так выказацца, не жадаем іх мяняць.

Таму заклік прарока Ісаі і св. Яна Хрысціцеля з’яўляецца актуальным і ў наш час. У духоўнай пустыні нашых сэрцаў і душ, сёння гучыць іх магутны голас, які заклікае да змены нашага жыцця. Падчас Адвэнту ў мітусні знешняй падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння мы павінны нанова пачуць яго, бо ён заклікае нас вярнуцца да Бога. А для гэтага нам неабходна падрыхтаваць шлях Богу да нашых душаў. Гэта азначае знесці перашкоды, якія не дазваляюць Яму ўвайсці ў нашае жыццё сваёю ласкай і трымаць дзверы нашых сэрцаў заўсёды адчыненымі.

3. У наш час вельмі лёгка сысці на жыццёвы шлях без Бога. Не трэба нават выракацца Яго. Дастаткова быць абыякавым да Яго патрабаванняў і кіравацца тэндэнцыямі секулярнага свету: плысці па яго цячэнні, а не супраць, і задавольвацца самадастатковасцю. У выніку Бог патроху пачне знікаць з гарызонту нашага жыцця, ажно пакуль мы не застанемся без Яго.

Ці здольны мы ў такіх абставінах падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану? І што для гэтага трэба ўчыніць?

Нашае жыццё напоўнена рознымі патрэбнымі і непатрэбнымі рэчамі і справамі, але, на жаль, яно застаецца пустым унутры. Многія маладыя людзі прабываюць у самоце і нават адчаі, нягледзячы на тое, што ў іх сотні, а можа, нават тысячы сяброў у Facebook. Трэба зразумець, што віртуальны свет і Facebook не запоўняць духоўнай пустэчы.

Дзякуючы сучасным сродкам масавай камунікацыі і асабліва інтэрнэту мы ведаем пра ўсё, што дзеецца ў свеце, але не маем ніякай ідэі, куды вядзе наш жыццёвы шлях. Мы падобны да чалавека, які купляе білет на цягнік і не кажа куды. Яго пытаюць, куды? Ён адказвае, мне ўсё роўна, абы толькі ехаць.

4. Як у такіх абставінах можна падрыхтваць дарогу прыходзячаму Пану? Калі мы засяроджваемся толькі на знешніх справах, якія прапануе нам сучасны свет, то ці здольныя мы супрацьстаяць ім і зразумець сэнс нашага жыцця? Ці здольныя мы шукаць прычыны, якія разбураюць нашае духоўнае жыццё?

Святы Ян Хрысціцель казаў, што пасля яго ідзе мацнейшы, які будзе хрысціць не вадой, а Духам Святым. Гэта азначае, што Езус не мае намеру акунуць нас у воды Ярдана, Ён прагне нашага ўваходу ў глыбіню Божай любові, якую сімвалізуе Дух Святы.

У час крызісу веры Адвэнт нагадвае пра тое, што мы павінны паддацца кіраванню Духа Святога. У гэты цёмны час сучаснай бездухоўнай культуры Бог праз свайго Духа сам рыхтуе шлях да нашых сэрцаў. Святы Дух з’яўляецца тым ключом, які адчыняе Богу дзверы ў нашыя сэрцы. Ён — гэта той пастыр, які пазірае на нашае жыццё і кіруе ім. Ён — гэта тая рука, якая лечыць нашы раны. Ён — гэта тая любоў, якая дае надзею.

Таму сёння, падчас Адвэнту, мы павінны адкрыцца на дзеянне Святога Духа і прасіць Яго: «Перамяні нас і вядзі шляхам міру і любові». Мэта Адвэнту —адшукаць згубленую дарогу да Бога, бо мы знаходзімся ў духоўнай пустыні. Кіроўцы славутага аўтаралі «Сахара», каб не заблукаць у бясконцых прасторах пустыні, карыстаюцца GPS. Такім GPS для нас з’яўляецца Дух Святы, які прамаўляе праз Евангелле.

5. Каб па духоўнай пустыні нашага часу Хрыстус мог прыйсці ў нашы душы, неабходна ўслухацца ў голас Адвэнтавых прапаведнікаў — прарока Ісаі і св. Яна Хрысціцеля. Гэта азначае, што мы павіны навяртацца і верыць у Евангелле, бо Божае Валадарста прыходзіць. У гэтым працэсе самае складанае — гэта прызнаць праўду пра самога сябе, прызнацца ў сваёй грэшнасці і неабходнасці навяртання.

Адной з найбольшых праблем сучаснай моладзі з’яўляецца нязгоднае з Божым правам сексуальнае жыццё і нават залежнасць. На выспе Маўрыкій у Індыйскім акіяне Касцёл правёў сацыялагічнае даследаванне сярод моладзі на тэму таго, што для іх з’яўляецца найбольш інтымным і персанальным, чым яны не хацелі б дзяліцца ні з кім. Большая палова з іх адказала, што такой рэччу з’яўляецца зубная шчотка. Тады Касцёл звярнуўся да моладзі з пытаннем: «Твая зубная шчотка настолькі інтымная для цябе рэч, што ты не хочам пазычыць яе нікому. А тваё цела? Ці думаеш пра гэта?» Думаю, што на гэтае пытанне мы павінны адказаць падобным чынам, асабліва ў час падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Пану.

6. Нам усім неабходна вярнуцца на шлях маральнага жыцця, залячыць раны варожасці, мець добрую волю выпраўлення крыўды, якую мы зрабілі бліжняму, прыходзіць з дапамогай яму і г.д.

Напэўна, можна бясконца працягваць гэтую літанію спраў, якія патрабуюць выпраўлення, каб зразумець значэнне слоў «падрыхтаваць дарогу Пану». Але справа не ўпіраецца ў нейкі каталог таго, што мы можам і павінны канкрэтна зрабіць. Найважнейшым павінна быць адкрытасць нашых сэрцаў, да якіх стукае цяжкая рэчаіснасць штодзённага жыцця і яго праблем, і адначасова стукае Езус, Які спяшаецца з дапамогай для іх вырашэння. У гэтым змаганні мы не адны. З дапамогай да нас прыходзіць Міласэрны Езус. У сакрамэнце пакаяння Ён дае нам магчымасць адчуць бязмежную Божую міласэрнасць.

Таму неабходна прасіць Бога аб святле для нашых сэрцаў, каб у падзеях свету мы бачылі Бога. Неабходна прасіць аб бальзаме для нашых вачэй і вушэй, каб мы бачылі і, слухаючы, чулі. Неабходна прасіць аб ўражлівасці нашых сэрцаў на навучанне Божых пасланнікаў — прарока Ісаі і св. Яна Хрысціцеля. Ісая прадказваў прышэсце Збаўцы, а Ян непасрэдна рыхтаваў людзей да Яго нараджэння.

7. Гэтыя два адвэнтавыя прапаведнікі — Ісая і Ян Хрысціцель — сёння, у XXI стагоддзі, прамаўляюць да нас гэтак жа моцна, як чынілі гэта тысячагоддзі таму сярод натоўпаў, якія збіраліся каля іх. Яны прапаведавалі: «Надышоў час паўстаць з магілы нашых грахоў і нядобрых учынкаў, час выйсці з няволі граху».

Бог прыходзіць з моцай, каб весці нас на сваю святую гару. Ён як міласэрны Айцец абдымае нас, каб дапамагчы. Не пабаімся ў гэты час ласкі пайсці за міласэрным Езусам, добрым Пастырам, бо Ён прыходзіць, каб не спапяліць нас, а прапанаваць нам новую зямлю і новае неба. Таму неабходна, каб Ён, прыйшоўшы, убачыў нас у чуванні».

8. Моладзь Беларусі! Услухоўвайся ў іх голас! Услухайся ў голас Касцёла! Падрыхтуй дарогу прыходзячаму Збаўцу! Адчыні Яму дзверы сваіх сэрцаў! Дазволь Яму сваёй ласкай нарадзіцца ў ім!

Услухоўвайся ў голас прарока нашых часоў Святога Айца Францішка і не будзь лежабокам — абуй сандалі і ідзі ў сучасны бязбожны свет, каб сведчыць пра Хрыста і Яго Евангелле! Памятай, што хрысціянства не сумяшчальнае з прыстасаваннем да папулізму і секулярнай культуры. Хрысціянства — гэта рэлігія змагання за Божую праўду і барацьба супраць зла ў нас саміх і ў свеце.

Папа Бэнэдыкт XVI захапляецца думкамі вядомага баварскага коміка Карла Валянціна, а асабліва яго выказваннем: «Сёння загляну да сябе. Спадзяюся, што буду дома». Мараль гэтага выказвання ў тым, што нам неабходна як мага часцей праз прызму Евангелля і вучэння Касцёла шукаць сябе саміх, заглядваць у дом нашага духоўнага жыцця з мэтай адшукаць сябе там як створаных на вобраз і падабенства Божае.

Святы Ян Павел II казаў, што моладзь — гэта надзея Касцёла і свету! Вы таксама надзея нашай Бацькаўшчыны! Будзьце вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, каб праз вас і вашае хрысціянскае сведчанне, як праз акно, свежае духоўнае паветра ўвайшло ў Беларусь і дало ўсім нам новую надзею, якая ў Богу. Амэн.

Адноўлена 15.12.2016 15:43
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі