Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з навучэнцамі Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля ў межах аплаткавай сустрэчы |
БУДЗЬЦЕ СУЧАСНЫМІ ЯНАМІ ХРЫСЦІЦЕЛЯМІ Мінск, Чырвоны касцёл, 17 снежня Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, навучэнцы каледжа. 1. Свята ўжо зусім хутка, бо праз тыдзень — Божае Нараджэнне. Мы ізноў будзем засяроджвацца над таямніцай уцелаўлення Божага Сына, дзякуючы якому распачалася практычная рэалізацыя Божага плану збаўлення чалавецтва. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе ў Адвэнце, дапамагаюць нам лепш асэнсаваць гэтую праўду веры. З дня на дзень яны вядуць нас да Бэтлеема, дзе больш за 2000 гадоў таму адбыўся цуд прышэсця Бога з чалавечым сэрцам і абліччам на нашу зямлю. Дзякуючы гэтаму далёкі і недасягальны Бог стаў блізкім. Ён увайшоў у нашае жыццё, каб раздзяліць нашы радасці і смуткі, дапамагаць у цяжкую хвіліну і вярнуць страчаную надзею. Таму Божае Нараджэнне ўвайшло ў гісторыю чалавецтва як зваротны яе пункт. Людзі, знаходзячыся ў грахоўнай цемры, убачылі святло, якое ззяе і цяпер у вечна жывым і дзейсным Божым слове, і якое з’яўляецца арыенцірам у нашым жыцці. Чалавецтва атрымала новую надзею, нават насуперак надзеі. Перад ім адкрылася новая перспектыва вечнага жыцця. 2. На Божае Нараджэнне неабходна глядзець не толькі як на ўспамін той гістарычнай падзеі, якая адбылася больш за дваццаць стагоддзяў таму. Такое ўспрыняцце гэтага свята абядняе яго і не раскрывае поўнага сэнсу. На яго неабходна глядзець як на новае перажыванне таямніцы Богаўцелаўлення, як на сакрамэнт Нараджэння Хрыста, як кажа св. Леў Вялікі. Таму на святы Божага Нараджэння батлеемская падзея перажывае сваё новае ажыццяўленне, дзякуючы якому ў Касцёле і душы чалавека сваёю ласкай нараджаецца Хрыстус. На Божае Нараджэнне таксама нельга глядзець як на час магічных святаў, як гэта часта можна пачуць, але перадусім як на Божае пасланне, якое наш міласэрны Айцец імкнецца перадаць нам, сваім дзецям. Сэнс гэтага паслання ў тым, што Бог так палюбіў чалавека, што паслаў свайго адзінароднага Сына, каб той праз сваю смерць збавіў яго. Прышэсце на свет Божага Сына ў чалавечым целе было абавязковай умовай збаўчай ахвяры, якая была здзейснена на Галгофе. Прыбітае на дрэве крыжа Цела Езуса з’яўляецца тым самым Целам, якое нарадзілася з Марыі ў Бэтлееме. 3. Як бачна, збаўленне чалавека — гэта найперш ініцыятыва Бога, знак Яго бязмежнай любові да грэшнага і нявернага чалавека. Гэты факт указвае на тое, што збаўленне чалавека мае большае значэнне для Бога, чым для самога чалавека. Таму ў святле праўды нашай веры пра Богаўцелаўленне і ідучае за гэтым збаўленне чалавека ў пасхальнай таямніцы Хрыста чалавек не пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі. Божая любоў ахінула яго дваццаць стагоддзяў таму і працягвае ахінаць, бо Хрыстус жыве ў сваім Касцёле і прыходзіць да нас у сваім слове, сакрамэнтах, справах міласэрнасці. Бог не пакінуў свой народ і не дазволіў, каб зло перамагло. Ён верны сваім абяцанням і Яго ласка большая, чым грэх. Любоў — тая зброя, якою Ён перамагае грэх. Гэтая любоў ва ўсёй сваёй паўнаце праявілася ў таямніцы ўцелаўлення Божага Сына, у якой Бог схіліўся над чалавечай грэшнасцю, каб сваёй бязмежнай міласэрнасцю ў пасхальнай таямніцы збавіць чалавека. 4. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе радавод Хрыста, Яго генеалогію. Пералічваюцца імёны, якія амаль нічога не кажуць сучаснаму свету. І тым не менш, гэты радавод нясе з сабой вельмі важнае пасланне: Хрыстус укаранёны ў гісторыі чалавецтва і з’яўляецца яго часткай. Ён прыйшоў збавіць як сваіх продкаў, так і сучаснага чалавека, і апошняга, які будзе жыць на зямлі. Наш абавязак — паказаць Хрыста сучаснаму свету і дапамагчы яму пазнаць Яго, каб свет мог жыць Божай праўдай. 5. Прайшло больш за дваццаць стагоддзяў з часу прышэсця Збаўцы ў свет і збаўлення чалавецтва, а яно жыве так, як быццам Бога няма. Мы ізноў, як 2000 гадоў таму, апынуліся ў духоўнай пустыні. Тады Бог паслаў св. Яна Хрысціцеля. Ён стаў голасам, які клікаў на пустыні, а заданнем яго было прадрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Ён выдатна выканаў даручанае Божым Провідам яму заданне. У яго вучэнні не было славутай паліткарэктнасці ў справах маралі. Белае ён называў белым, а чорнае — чорным. Яго папулярнасць паходзіла не з дыктатуры грамадскага меркавання, а з дыктатуры Божай праўды. Вернасць свайму пакліканню ён пацвердзіў мучаніцкай смерцю. 6. Сучасны свет патрабуе св. Янаў Хрысціцеляў па меры выклікаў ХХI стагоддзя. Патрабуе тых, хто зможа нанова паказаць свету, які тоне ў балоце секулярызму, дарогу, па якой да яго прыйдзе Хрыстус. Гэта заданне не толькі для святароў і кансэкраваных асобаў, а для ўсіх хрысціян. І вядучая роля належыць выкладчыкам і студэнтам тэалагічнага каледжа. Нездарма ён носіць імя св. Яна Хрысціцеля. Вы, навучэнцы каледжа, як будучыя катэхеты і бліжэйшыя памочнікі святароў у яго сценах павінны набірацца адпаведных ведаў і практыкі, каб быць галасамі, якія клічуць у сучаснай духоўнай пустыні. Вам неабходна будзе несці сучаснаму чалавеку праўду Евангелля, а праз яе — праўду Богаўцелаўлення, якая з’яўляецца сакрамэнтам Нараджэння Хрыста, каб Ён сваёю ласкай нараджаўся ў душах сучасных людзей і яны станавіліся Бэтлеемамі нашага часу. Амэн. |
Адноўлена 16.12.2016 17:52 |