Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Кожны з нас добра ведае дзень свайго нараджэння, і мы яго адзначаем кожны год з вялікай радасцю, не задумваючыся пры гэтым, што становімся на год старэйшымі з усімі выплываючымі з гэтага наступствамі. Зусім нядаўна мы адзначалі Божае Нараджэнне — дзень прышэсця Божага Сына ў наш свет у чалавечым целе.

Сёння мы адзначаем Яго хрост. Але ці кожны з нас ведае дзень і месца свайго хросту? Ці памятаем мы гэты дзень? Напэўна, не многія з нас маглі б станоўча адказаць на гэтыя пытанні. А яны сутнасныя, бо з хросту распачынаецца новае жыццё: мы адраджаемся духоўна і становімся членамі Касцёла, здольнымі прымаць усе сакрамэнты. Дзякуючы сакрамэнту хросту мы таксама прымаем удзел у агульным святарстве Хрыста.

2. Сёння ўрачыстасцю Хросту Пана завяршаецца літургічны перыяд Раства Хрыстовага. З гэтай нагоды мы можам задаць сабе наступныя пытанні. Чаму Езус прасіў хросту ў св. Яна Хрысціцеля, і якія практычныя наступствы ён мае для кожнага з нас?
Мы ўсе ахрышчаны, але ёсць вялікая розніца паміж хростам Езуса ў Ярдане і хростам, які атрымліваем мы. У пэўным сэнсе хрост быў вядомы габрэям. У габрэйскай традыцыі існаваў абрад пагружэння ў ваду ці амавення з мэтай ачышчэння тых, хто парушыў закон Майсея. Гэты абрад таксама здзяйсняўся пры пераходзе язычнікаў у іўдаізм. Габрэйская хрысціянская кумранская супольнасць у часы Хрыста практыкавала хрост, як абрад хрысціянскага пасвячэння і ачышчэння.

3. З самага пачатку хрост, які ўдзяляў св. Ян Хрысціцель, канцэнтраваўся на навяртанні. Яго заклік да асабістага навяртання стаў падрыхтоўкай да прыняцця ласкаў, якія дае нам сакрамэнт хросту. Калі Янаў хрост, як рытуальнае выражэнне навяртання і пакуты, не даваў збаўчай Божай ласкі, то сакрамэнт хросту — можна сказаць, Хрыстовы хрост — дае.

Езус не патрабаваў навяртання, бо быў без граху. Чаму ж тады Ён прыняў хрост з рук св. Яна Хрысціцеля? Для гэтага было некалькі прычын.

Найперш, Езус павінен быў паказаць сябе габрэйскаму народу. У тыя часы не было інтэрнэту, тэлефона, тэлебачання. Галоўным спосабам камунікацыі паміж людзьмі быў іх непасрэдны кантакт. Хрост Яна Хрысціцеля быў такі папулярны, што вялікія натоўпы прыходзілі да яго. Таму натуральна, што Езус распрачаў сваю публічную дзейнасць ад Янавага хросту, падчас якога Ён быў прадстаўлены людзям. Такім чынам хрост Пана з’яўляецца момантам ідэнтыфікацыі Хрыста як Баранка Божага. Які бярэ на сябе грахі свету.

На працягу 30 гадоў Езус вёў прыватнае жыццё і знаходзіўся як быццам у закрыцці. Цяпер Яго Нябесны Айцец кажа Яму распачаць ускладзеную на Яго місію. Дзякуючы хросту Ён, хоць і бязгрэшны, адначасова ідэнтыфікуе сябе з народам, які прыйшоў збавіць. Ён утаясамліваецца са мной, з табой, і з кожным з нас грэшных так, што мы можам не баяцца наблізіцца да Яго з поўным даверам.

4. Калі мы разважаем пра таямніцу хросту Пана, то можам знайсці многа практычных прымяненняў, якія з яго вынікаюць. У сучаснай культуры нават ахрышчаныя людзі з вялікай цяжкасцю ідэнтыфікуюцца з хрысціянствам. Многія не ведаюць ні мэты, ні сэнсу свайго жыцця. Больш таго, яны нават не імкнуцца да гэтага.

У сённяшняй літургіі Езус паказвае значэнне, мэту і напрамак нашага жыцця. Дзякуючы сакрамэнту хросту мы становімся Ягонымі вучнямі. Ён наша дарога, праўда і жыццё, і таму ў Ім чалавецтва знаходзіць свой сэнс.  Таму нам таксама неабходна ведаць дзень нашага хросту, бо гэта дзень нашага духоўнага нараджэння.

Калі мы разважаем пра хрост Пана, то адначасова як вучні Хрыста разважаем пра нашу апостальскую місію. Езус даверыў апосталам і Касцёлу місію ісці і хрысціць народы. Прысутнасць Святога Духа ў вобразе голуба над Езусам падчас Яго хросту ў водах Ярдана падкрэслівае апостальскае вымярэнне хросту, падобна таму, як Спасланне Святога Духа на апосталаў дало пачатак місіі Касцёла хрысціць усіх людзей.

5. Сёння адбываецца аплаткавая сустрэча з чыгуначнікамі. У Беларусі патроху пачынае развівацца пастырства чыгуначнікаў. Беларуская чыгунка займае важнае месца ў жыцці нашай краіны, і працуючыя там людзі, сярод якіх нямала католікаў, таксама патрабуюць свайго спецыялізаванага пастрыства. Тым больш, што вялікую частку свайго жыцця яны знаходзяцца ў дарозе і па-за домам.

Акрамя гэтага, на іх як хрысціян ускладзены місійны абавязак. Сярод пасажыраў цягнікоў ёсць веруючыя і няверуючыя, і прыклад працаўнікоў чыгункі, іх малітва і хрысціянскае сведчанне могуць стаць рашучым фактарам у абвяшчэнні Евангелля.

6. Адна гісторыя распавядае пра тое, як англічанін ехаў цягніком у Францыі. Ён думаў, што ўсе французы таксама размаўляюць на англійскай мове. Што насамрэч не так. Дык вось, праваднік правяраў білеты і нешта на французскай мове сказаў гэтаму пасажыру.Пасажыр толькі ківаў галавой, як быццам паказваючы, што ён усё разумее. Калі праваднік адышоў, іншы англамоўны пасажыр з Амерыкі спытаў яго, ці ён размаўляе па-французску. Пасажыр адказаў, што не. Тады амерыканец сказаў: «Цяпер я разумею, чаму ты нават вокам не міргнуў, калі праваднік тлумачыў, што ты сеў у неадпаведны цягнік».

Дарагія чыгуначнікі! Усе мы знаходзімся ў цягніку — ў гэтым матэрыяльным і ў духоўным. Наша жыццё — гэта падарожжа ў краіну вечнага шчасця. І нам неабходна знаходзіцца ў адпаведным цягніку. Не дазваляльна сесці не ў той цягнік. Вашым місійным абавязкам з’яўляецца дапамога пасажырам выбраць адпаведны духоўны цягнік.

Няхай хрост Пана, які мы сёння адзначаем, дапаможа ўсім нам у новым асэнсаванні сакрамэнту хросту і нашых правоў і абавязкаў, якія з яго выплываюць. Аплатка для чыгуначнікаў няхай жа стане новым этапам развіцця гэтага спецыялізаванага душпастырства з мэтай духоўнага ўдасканальвання і місіі абвяшчэння Божага слова. Амэн.

Чырвоны касцёл. 8 студзеня 2017 г.

Адноўлена 03.01.2017 14:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі