Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А |
Мінская архікатэдра, 12 лютага Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Мы добра ведаем, што людзей дрэнных няма. Людзей розняць іх учынкі. Ёсць людзі, якія захоўваюць закон і якія яго не захоўваюць, людзі з добрай рэпутацыяй і дрэннай. Ёсць і такія, якія знешне выглядаюць прыстойнымі, а на самой справе такімі не з’яўляюцца. Пра гэта сведчаць розныя жыццёвыя гісторыі. Нездарма старая прыказка кажа: знешнасць падманлівая. Добрыя манеры яшчэ не азначаюць, што нашыя сэрцы поўныя дабра. Мудрых фарысеяў людзі вельмі часта лічылі святымі. Езус папракаў іх не за глыбокія веды, а за тое, што ў іх сэрцах не было духоўнай глыбіні, любові. У сваіх суджэннях і ўчынках яны кіраваліся толькі вонкавым захоўваннем габрэйскага закону, імкнуліся спадабацца іншым людзям. У той жа час іх сэрцы не былі напоўнены любоўю да Бога і людзей. Вядома, што яны не былі разбойнікамі, але дазвалялі сабе з пагардай ставіцца да іншых людзей. Яны часта хваліліся сваёй пабожнасцю і ахвярнасцю на карысць сінагогі, у якой любілі першыя месцы. І ў той жа час крытыкавалі людзей ніжэйшага саслоўя. Успомнім, як у сінагозе маліліся фарысей і мытнік. Фарысей прадстаўляў сябе перад Богам святым і называў мытніка грэшнікам. А мытнік толькі прасіў прабачэння за свае грахі. Хто выйшаў з сінагогі апраўданым? Фарысей? Не. Мытнік — таму што Бог любіць пакорных. 2. А якімі з’яўляемся мы, людзі XXI стагоддзя? Калі мы ганарлівыя і ўпэўненыя ў сабе ды лічым сябе лепшымі за іх, то трэба больш уважліва прыгледзецца да сябе. Ці слушна гэта кіравацца ў сваім жыцці толькі тым, што іншыя будуць думаць пра нас і ці спадабаемся мы ім? Гэта толькі павярхоўная і знешняя матывацыя, а кіравацца ў сваім жыцці мы павінны ўнутранай. Хрыстус хоча, каб не мы самі, а Святы Дух кіраваў намі, каб Ім былі напоўнены нашыя сэрцы і душы, бо з іх нараджаюцца нашыя думкі, намеры і дзеянні з мэтай любіць Бога і бліжняга. А вось аўтаматычнае спаўненне Божага закону прывядзе нас у духоўную пустыню. 3. У жыцці мы нярэдка прысягаем, што кажам праўду. Але ці заўсёды нашая прысяга праўдзівая? Як часта мы кажам «так», а насамрэч думаем «не». Нашае «так» — гэта нібы кантракт, які павінен успрымацца як праўда. Але ці так у жыцці? Нездарма Святы Айцец Францішак кажа, што сярод нас многа сучасных фарысеяў, падобна як гэта было 2000 гадоў таму. Не трэба далёка хадзіць — дастаткова прыкладаў дае штодзённае жыццё. СМІ часта пішуць пра ашуканых укладчыкаў ці дольшчыкаў пры будаўніцтве новага жылля або пра тое, што не былі выкананы падпісаныя кантракты, пра змену коштаў пры рэалізацыі праектаў і г.д. Суды завалены падобнымі справамі. Напэўна, ніхто з нас нікога не забіў. Але колькі людзей мы забілі і працягваем забіваць сваімі словамі? А колькі тых, у каго мы адабралі добрае імя? Колькі тых, каму мы сапсавалі жыццё і кар’еру? Гэтую літанію можна працягваць доўга. У сувязі з гэтым папа Францішак заклікае вызваліцца ад разбуральнай хваробы ўплываў гэтага свету. Ён кажа, што місія хрысціянаў у грамадстве заключаецца ў тым, каб заглушыць шкоднае насенне эгаізму, зайздрасці, абмоваў і плётак, бо яно разбурае тканку нашых супольнасцяў. 4. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа, што прыйшоў не адмяніць закон, а выканаць яго. Аднак пры гэты Ён звяртае ўвагу на нашы ўнутраныя адносіны да закону. Праблема ў тым, што многія выконваюць закон з-за боязі наступстваў у выпадку яго невыканання, баяцца пакарання. Можа здарыцца, што чалавек думае зрабіць нейкі крымінальны ўчынак, аднак горкая перспектыва пакарання стрымлівае яго. Таму грамадскае жыццё павінна будавацца на законе. Езус, аднак, глядзіць глыбей, чым толькі на захаванне закону. Ён хоча, каб матывацыяй нашых дзеянняў быў не страх перад законам, а любоў, што само па сабе накладвае на нас значна большыя абавязкі. Уявім сабе, што ў грамадстве абсалютна кожны грамадзянін захоўвае ўсе законы на 100 працэнтаў. Зразумела, што ў такім выпадку ўсе людзі будуць паводзіць сябе добра. Але ці ўсе будуць шчаслівымі? Жыццё толькі паводле закону — гэта добрая справа, але далёка не дастатковая для дасягнення поўнага шчасця. Ці такі свет быў бы светам любові? А можа, толькі светам захавання закону? Езус жадае ад нас максімуму, а не толькі мінімуму дасканаласці. Нездарма св. апостал Павел кажа, што літара закону забівае, а Дух ажыўляе. 5. Бог адарыў нас дарам свабоды і толькі ад нас залежыць, якім будзе наш выбар — дабро ці зло. Любоў не будзе сапраўднай да таго часу, пакуль яна не будзе давацца і прымацца свабодна. Бог паважае нашае рашэнне. Менавіта таму Ён ніколі не змушае нас да Яго прыняцця. Ён толькі прапануе і чакае нашага адказу. Яго любоў да нас безумоўная. Адзіным Яго законам з’яўляецца любоў, якая кіруе нашым выбарам. Пра гэта нагадвае сённяшняе першае чытанне з кнігі Мудрасці Сіраха: «Калі захочаш, то захаваеш запаведзі і застанешся верным упадабанню Бога». Прарок кажа: «Калі захочаш...» Прарок не кажа: «Калі нехта цябе змусіць» — «калі захочаш». Мы ўсе добра ведаем, што чынім і чаго не чынім. Бог, аднак, цікавіцца тым, што ёсць у нашых сэрцах: мы толькі з-за боязі захоўваем закон, каб не быць пакаранымі, ці выбіраем яго з любові да Бога і бліжняга? Дарагія браты і сёстры! Пастараемся сёння даць адказ на гэтае пытанне. А ён можа быць знойдзены толькі ў глыбіні нашых сэрцаў, якія з’яўляюцца барометрам стану нашага жыцця. Што ён паказвае? Добрае духоўнае надвор’е ці буру? Калі непагадзь, то трэба задумацца, ці адпавядае нашае жыццё Божай волі? Што ляжыць у аснове нашых выбараў: любоў да сябе ці да Бога і бліжняга? Амэн. |
Адноўлена 08.02.2017 16:49 |