Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Звычайную нядзелю, Год А

Мінская архікатэдра, 19 лютага

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Будзьце святымі і дасканалымі! Гэтыя словы з’яўляюцца лейтматывам сённяшніх чытанняў. Cвятасць і дасканаласць — не што іншае, як універсальнае хрысціянскае пакліканне. Гэта выклік кожнаму з нас, бо Хрыстус выразна кажа: будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны. Ніхто не выключаны з гэтага закліку — ні стары, ні малады, ні просты чалавек, ні вучоны, ні свецкі, ні духоўная асоба.

Другі Ватыканскі Сабор вельмі ясна падкрэсліў паўсюднасць паклікання да святасці. У гэтым сэнсе яго вучэнне было рэвалюцыйным, бо да сабору свецкая асоба была як быццам чалавекам другой катэгорыі. Калі казалі пра святасць, то найчасцей узгадваліся духоўныя асобы. На самой жа справе гэта не так, бо кожны чалавек адкуплены Езусам Хрыстом і кожны пакліканы да святасці. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца ўсё большая колькасць беатыфікацый і кананізацый свецкіх.   

2. Вядомы амерыканскі спартсмен і адначасова аўтар шматлікіх вельмі нелагічных выказванняў Ёгі Бэра казаў: «Вы павінны быць вельмі ўважлівымі, калі не ведаеце куды ідзеце, бо можаце туды не дайсці».

У гісторыі чалавецтва ён не быў адзіным, хто праславіўся падобнымі выказваннямі. Так слаўны ангельскі пісьменнік і матэматык Льюіс Кэррал у XIX стагоддзі напісаў дзіцячую навелу «Аліса ў краіне цудаў».

Аднойчы Аліса ўбачыла ката і спыталася яго, куды яна павінна адсюль ісці? Кот адказаў, што гэта залежыць ад таго, куды яна хоча трапіць. Аліса сказала, што ёй ўсё роўна. На што кот адказаў, што тады ўсё роўна куды і ісці. Аднак Аліса не здавалася і казала, што хоча патрапіць куды-небудзь. Тады кот з усмешкай адказаў, што яна куды-небудзь трапіць, толькі трэба будзе вельмі доўга ісці.

3. У пэўным сэнсе мы падобныя да Алісы і кажам, што не мае ніякага значэння, куды мы ідзём ці што робім. Усё, як у анекдоце. Праз вёску нясецца конь. Чалавек пытаецца ў наезніка, куды ён так спяшаецца. Той адказвае, што лепш спытаць не яго, а каня.

Ці не гэта вобраз сучаснага чалавека, які не сам кіруе сваім жыццё, а натоўп? У выніку гэтага многія кажуць, што не мае значэння, ходзім мы ў касцёл ці не. Не мае значэння, верым мы ў Бога ці не верым. Не мае значэння, вучымся мы ва ўніверсітэце ці не. Так разважаючы, мы прыходзім да высновы, што ў нашым жыцці нічога не мае ніякага значэння, нават нашае жыццё. І мы, падобна Алісе, дрэйфуем у нікуды ў нашай малой краіне цудаў, або з’яўляемся падобнымі да чалавека, якога вязе конь туды, куды сам конь хоча. Такім чынам, вельмі часта чалавек не ведае мэты свайго жыцця.

А мэта ў жыцці чалавека мае вельмі вялікае значэнне, бо інакш яго жыццё становіцца бессэнсоўным. Мэта неабходная, каб надаць сэнс нашаму жыццёваму падарожжу. Калі падчас катання на горных лыжах мы будзем глядзець толькі на кончыкі лыжаў, то ўпадзём. Але калі будзем глядзець наперад, на мэту лыжнага спуску, то будзем чыніць усё неабходнае, каб туды даехаць.

4. У сённяшнім Евангеллі Езус указвае мэту нашага жыцця — быць дасканалымі, як дасканалы Айцец наш Нябесны. Напэўна, не адзін з нас скажа, што гэта немагчыма, бо дасканалы толькі Бог.

Чаму тады Езус ставіць перад намі такое заданне? Як мы, грэшныя і недасканалыя, з нашымі праблемамі можам быць дасканалымі як Бог? Гэта падобна да сітуацыі, калі малому дзіцяці, якое толькі-толькі навучылася лічыць і пазнала літары даць камп’ютар, каб яно вырашыла нейкую праблему.

5. Каб зразумець заданне, якое Хрыстус ставіць перад намі, неабходна звярнуць увагу на значэнне слова «дасканалы» ў Яго арыгінальным арамейскім значэнні. Езус размаўляў на арамейскай мове, на якой у слове «дасканалы» ўтоена ідэя «паўнаты»: Бог поўны любові, таксама і чалавек павінен быць напоўнены любоўю да Бога і іншых людзей. Божая любоў бязмежная, такой павінна быць і наша.

Такім чынам, гаворка тут ідзе пра імкненне да сталасці. На торце, які нам падораць на дзень нараджэння, можа быць 60 свечак. Аднак яны азначаюць толькі колькасць пражытых гадоў, але не абавязкова нашу, як чалавечай асобы, сталасць і поўню любові.

Ёсць многа спосабаў, каб вызначыць рост нашага фізічнага развіцця. Самы просты — гэта памер адзення. Дзеці растуць, і кожны год ім патрэбна новае адзенне. Наступнай мерай росту нашага развіцця з’яўляюцца веды, якія мы атрымліваем на пачатку ў школе, а потым ва ўніверсітэце. Аднак найбольш цяжкім і адказным выклікам з’яўляецца развіццё любові чалавека.

«Вока за вока і зуб за зуб» — такім быў закон Старога Запавету, які абмяжоўваў адносіны паміж людзьмі ў сферы любові. Ён нагадваў пра неабходнасць злом адказваць на зло. Помста тым, хто нам учыніў зло, была ўзаконенай. Яна стала прычынай помслівых паводзін паміж людзьмі.

Такім чынам, закон любові да бліжняга, існуючы і ў Старым Запавеце, быў моцна абмежаваны. Быў ён таксама абмежаваны і самім паняццем бліжняга. Нездарма тады часта задавалася пытанне: «Хто мой бліжні?»

6. Нягледзячы на два тысячагоддзі абвяшчэння Евангелля, можна сказаць, абвяшчэння закону любові Бога і бліжняга, закон Старога Запавету, на жаль, у пэўным сэнсе дзейнічае. Вельмі часта мы нават не ведаем, хто жыве побач з намі, хто наш сусед. Мы жывём па прынцыпу: мая хата — мая крэпасць. А калі б сцены нашых дамоў маглі прамаўляць, то што сказалі б пра нас, пра тое, што мы думаем пра нашых суседзяў і блізкіх? З пачуццём абыякавасці мы праходзім каля чалавека, які ляжыць на тратуары, і кажам: «Вось, ізноў п’яніца». А можа, чалавеку дрэнна, можа нешта з сэрцам і г.д.?

У такой сітуацыі мы павінны кіравацца вучэннем Езуса пра любоў да Бога і бліжняга. Абмежаванне права любові і звужэнне паняцця «бліжні» з’яўляецца знакам нашай духоўнай нясталасці.

7. Словы Езуса «будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны», азначаюць бязмежную любоў да Бога і чалавека. Яны з’яўляюцца знакам нашай хрысціянскай сталасці і гатоўнасці прыйсці з дапамогай да кожнага, хто яе патрабуе. Гэта крытэрый нашага хрысціянства.

Калі мы не зразумеем гэтага, то, падобна Алісе, будзем блукаць у нашай уласнай маленькай краіне цудаў. А мы створаны для таго, каб не блукаць, а ісці шляхам збаўлення ў вечны Ерузалем. Амэн.

Адноўлена 20.02.2017 09:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі