Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Папяльцовую сераду

Вялікі пост — час пазнання сябе, навяртання і духоўнага росту

Мінская архікатэдра, 1 сакавіка

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Здаецца, што яшчэ зусім нядаўна мы распачыналі Адвэнт — час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Потым адзначалі ўрачыстасць Богаўцелаўлення, спявалі вясёлыя калядкі, арганізоўвалі батлейкі і г.д. А сёння распачынаем новы літургічны перыяд — Вялікі пост. Гэта час разважання над цярпеннямі Хрыста, час нашага асабістага навяртання і дасканалення. Ён распачынаецца Папяльцовай серадой, назва якой паходзіць ад слова «попел».

Гэта вельмі сімвалічна, бо попел азначае знішчэнне. Попел — гэта тое, што застаецца пасля пажару ці ад спаленага дрэва. Падчас Вялікага посту Касцёл заклікае нас спаліць усё тое, што не патрэбнае ў нашым духоўным жыцці, а менавіта грэх, каб ён не перашкаджаў у нашым духоўным развіцці.

Попел — гэта таксама знак пакаяння. Яшчэ ў часы Старога Запавету на знак пакаяння габрэі пасыпалі сябе попелам. Вядома таксама, што некаторыя аскеты нават дабаўлялі попел у ежу.

Сімвалізм сённяшняга набажэнства таксама і ў тым, што яно нагадвае пра нашую смяротнасць і тленнасць. Святар, пасыпаючы галовы вернікаў попелам, кажа: «Памятай чалавек, што ты прах і ў прах вернешся». Бог стварыў чалавека з пылу зямлі, і ў пыл ён заменіцца пасля сваёй смерці. Цела раскладзецца, але душа застанецца, і яе лёс будзе залежаць ад нашага зямнога жыцця, ад яго духоўнай якасці.

Кажучы, што чалавек «прах і ў прах вернецца», Касцёл адначасова падкрэслівае, што Бог нас уваскрасіць у апошні дзень. Таму пасыпанне нашых галоў попелам не трэба ўспрымаць як знак абсалютнага знішчэння, але як знак пераходу ў новую фазу нашага існавання, якая завершыцца ўваскрасеннем.

2. Кожны вадзіцель добра ведае, што ў аўтамабілі ёсць кніга сэрвіснага абслугоўвання. Там запісана, калі праводзіўся тэхагляд, калі замянялася масла, калі быў здзейснены кантроль працы рухавіка і яго адпаведная рэгуліроўка і г.д. Усё гэта патрэбна, каб машына была добра функцыянавала. І такім чынам мы клапоцімся не толькі пра аўтамабіль, але і пра саміх сябе.

Час ад часу — нават калі не хварэем — мы ходзім да ўрачоў, каб праверылі стан нашага здароўя. Мы правяраем ціск крыві, здаем аналізы, кантралюем стан нашых зубоў, лёгкіх і г.д. Усё гэта патрэбна, каб у добрым стане падтрымліваць наша здароўе і своечасова выявіць хваробу, бо тады з ёй лягчэй змагацца.

Усё гэта прапісные ісціны, якія мы вельмі добра ведаем.

3. Аднак чалавек — гэта не толькі цела, але і душа. Таму мы павінны сачыць за здароўем не толькі цела, але і душы — свайго роду духоўны «check up».

Трэба заўважыць, што калі праверкай нашага здароўя займаюцца ўрачы, то праверкай душы мы павінны займацца самі, перадусім з дапамогай святароў. Аднак якасць праверкі залежыць толькі ад нас саміх. Гэта заданне Вялікага посту, які з’яўляецца часам самакантролю, свайго роду «selfcheсk up». Падчас гэтай праверкі мы павінны праз прызму Святога Пісання і вучэння Касцёла вельмі ўважліва паглядзець на сябе, каб заўважыць усе недахопы нашага духоўнага здароўя.

4. Катэхізіс вучыць, што мы прызначаны для вечнага шчасця. Але ён таксама вучыць, што не ўсе яго дасягаюць. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: «Ці ёсць такія рэчы ці справы, якія не дазваляюць нам дасягнуць неба?» Так, яны ёсць. Гэта грэх і нашы злыя схільнасці.

Мы добра ведаем, што можна было б пазбегнуць паломкі аўтамабіля, калі б мы звярталі ўвагу на сігналы кантрольных лямпаў і своечасова звярталіся ў аўтасэрвіс. Таксама можна было б пазбегнуць аварыі маста, калі б яго своечасова правяралі на прыдатнасць да далейшай эксплуатацыі. Можна было б захаваць сям’ю ад катастрофы распаду, калі б маладыя людзі належным чынам рыхтаваліся да заснавання сям’і, а потым кантралявалі свае паводзіны ў духу ўзаемнай любові і адказнасці. Можна было б пазбегнуць трагедыі адыходу ад святарства, калі б кандыдат адказна рыхтаваўся да пасвячэння і звяртаў увагу на з’яўленне пэўных небяспек. Можна было б пазбегнуць хваробы, калі б мы звярталі належную ўвагу на нядобрыя аналізы.

Аднак у наш час існуе тэндэнцыя не звяртаць увагі на небяспечныя паказчыкі тэхнічнага стану тэхнікі, канструкцыі, будынка або нашага здароўя. Да ўсяго гэтага ў нас дадаецца добра ўсім вядомае «можа, пранясе», якое засталося ад савецкіх часоў.

Падобна і з духоўным станам. Мы не звяртаем на яго належнай увагі. Жывём так, як нам падабаецца, хоць чырвоная лямпа Божага закону свеціць і папярэджвае, што мы адхіліліся ад зададзенага Богам курсу.

Існуе таксама іншая праблема. Звычайна мы добра ведаем нашыя грахі, нядобрыя тэндэнцыі, адносіны і слабасці, бо яны праяўляюцца ў незахаванні Божага закону і іх няцяжка заўважыць. Гэта як быццам грахі «шматразовага выкарыстання», калі так можна выказацца. Аднак часам неабходна зазірнуць глыбей, неабходна зрабіць духоўную каланаскапію, каб выявіць скрытыя грахі або іх незаўважанне, бо не дастаткова сказаць: я нікога не забіў і нічога не скраў, таму не маю патрэбы спавядацца.

5. У гэтым акурат і крыецца галоўнае заданне Вялікага посту. Паспяхова яго выканаць нам могуць дапамагчы наступныя або падобныя пытанні:

  • ці штодзённа мы молімся?
  • ці кожную нядзелю і свята прымаем удзел у св. Імшы?
  • ці церпялівыя?
  • ці ахвотна дапамагаем патрабуючым?
  • ці прабачаем тым, хто абразіў нас?
  • ці не ставім матэрыяльных рэчаў вышэй за духоўныя і ці не абагаўляем іх?
  • ці не лянуемся?
  • ці справядлівыя ў адносінах да іншых людзей?
  • ці клапоцімся аб рэлігійным выхаванні дзяцей і моладзі?
  • ці стараемся дасканаліцца ў цнотах і ў веры?
  • ці не адзначаемся пасрэднасцю?
  • ці баронім сям’ю і Божы дар жыцця?
  • ці часта прыступаем да споведзі і святой Камуніі?

 

Спіс гэтых пытанняў можна працягваць доўга. Падчас Вялікага посту неабходна на іх адказаць — шчыра і сумленна.

6. У сённяшнім другім чытанні мы пачулі голас св. апостала Паўла. Ён кажа, што цяпер настаў час ласкі і збаўлення. Ці сапраўды гэты час будзе такім, залежыць толькі ад нас саміх.

Прымаючы на свае галовы попел на знак тленнасці нашага зямнога жыцця і пакаяння, даверымся бязмежнай Божай міласэрнасці, каб гэты Вялікі пост сапраўды стаў часам пазнання нашага духоўнага здароўя, часам навяртання і часам духоўнага росту. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі