Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас Велікапоснага чування моладзі ў Мінску |
8 красавіка Дарагая моладзь, Перш за ўсё Папа заклікае нас быць людзьмі веры. Людзьмі, якія перажываюць сваё існаванне са свядомасцю прысутнасці Бога, Божай любові і жадання збаўлення кожнага з нас. Калі навучышся заўважаць прысутнасць Бога ў сваім жыцці, яно пераменіцца. Цябе больш не будуць палохаць уласныя страхі ці абмежаванні, недахопы ці слабасці іншых, бо Бог большы за ўсё гэта. Калі Бог дакранаецца да сэрца маладога чалавека, той становіцца здольным на вялікія справы. Другі важны аспект, над якім Папа Францішак заклікае нас паразважаць — гэта тое, што быць маладымі не азначае быць адарванымі ад мінулага. Памяць пра мінулае дапамагае прыняць незвычайныя, вялікія справы, якія Бог падрыхтаваў для нас. Разважанне над тым, як Ён дзейнічаў у нашым жыцці і ў жыцці нашых папярэднікаў, дазваляе паглядзець на сябе, як на прылады Яго любові, як на Яго супрацоўнікаў у справе збаўлення свету і канкрэтнага чалавека. Таму, хто ўсведамляе моц Божай міласэрнасці і ўсемагутнасці, значна лягчэй прыняць вялікую адказнасць і згадзіцца на вялікія справы. Каб не баяцца — помні пра тое, што Бог мацнейшы за твой страх і ў мінулым ужо не раз гэта паказаў. Папа папярэджвае, што не кожны ўспамін з’яўляецца добрым, не кожны вопыт вядзе да паўнаты жыцця і можа дапамагчы надаць сэнс нашаму існаванню. Таму, дарагая моладзь, перажывайце вашае жыццё свядома і адказна, як вялікі дар, за які аднойчы прыйдзецца даць адказ. Адкідайце спакусу жыць адным імгненнем у нерэальным свеце, не гледзячы ўперад. Будзьце пратаганістамі вашай гісторыі, вырашайце самі вашую будучыню! Пра Марыю кажуць, што яна «захоўвала ўсе гэтыя справы, разважаючы ў сэрцы сваім». Гэтая простая дзяўчына з Назарэта вучыць нас, як развіваць духоўную памяць, як, злучаючы разам асобныя здарэнні нашага жыцця, можна скласці адну мазаіку, хоць і ўтвораную са шматлікіх кавалкаў. Святы Айцец дае некалькі канкрэтных парадаў: «У канцы кожнага дня можам на хвіліну спыніцца і ўспомніць, што было добра і што пайшло не так. Перад Богам і намі самімі можам выразіць нашыя пачуцці падзякі, пакаяння і даверу. Калі хочаце, можаце нават запісаць іх у сшытку, у свайго роду духоўным дзённіку. Гэта аначае — маліцца ў жыцці, жыццём і пра жыццё. І, безумоўна, гэта дапаможа вам лепш зразумець вялікія рэчы, якія Пан робіць для кожнага з вас. Як казаў святы Аўгустын, «Бога мы можам знайсці на шырокіх прасторах нашай памяці» (cfr. Confessioni, Libro X, 8, 12). Трэцяя справа, на якую жадаю звярнуць вашу ўвагу, — гэта асабістая вера Марыі. Гэтая вера сцісла звязана з традыцыяй і верай яе народа. Чытаючы Магніфікат Маці Божай, заўважаем, як добра Марыя ведае Святое Пісанне. Кожны яго радок мае аналаг у Старым Запавеце. Маладая Маці Езуса добра ведала малітвы свайго народа, так званую народную пабожнасць. Такім чынам бачым, як Марыя, сабраўшы духоўную спадчыну свайго народа, спявае абсалютна новы, уласны спеў, які, аднак, у той жа час з’яўляецца спевам усяго Касцёла. І да сёння ўвесь Касцёл спявае яго разам з ёй. Дазвольце яшчэ раз зацытаваць папу Францішка: «Для таго, каб вы, маладыя, маглі праспяваць свой уласны Магніфікат і зрабіць з вашага жыцця падарунак для ўсяго чалавецтва, фундаментальным з’яўляецца наладзіць сувязь з гістарычнай традыцыяй і малітвамі тых, хто быў да вас. Для гэтага важна добра ведаць Біблію, слова Божае, каб чытаць яго кожны дзень, параўноўваць з вашым жыццём, глядзець на штодзённыя падзеі ў святле таго, што вам кажа Пан у Святым Пісанні. У малітве і малітоўным чытанні Бібліі Езус будзе саграваць вашыя сэрцы, асвячаць вашыя крокі нават у самыя цёмныя гадзіны вашага існавання. Дарагая моладзь, Марыя — найлепшая Маці і прыклад дасканаласці, няхай заступаецца за кожнага з нас і дапамагае нам спяваць пра вялікія справы, якія Пан здзяйсняе ў нас і праз нас. |
Адноўлена 10.04.2017 10:57 |