Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Пальмовую нядзелю ў Мінску |
9 красавіка Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Мітрапаліт Тадэвуш, Ваша Эксцэленцыя, дапаможны біскуп Юрый, дарагія браты і сёстры, сённяшняй Эўхарыстыяй мы распачалі найпрыгажэйшы тыдзень у літургічным годзе — сэрца нашай веры. Кожны з нас запрошаны разам з Езусам перажыць Яго муку, смерць і ўваскрасенне. Літургія набліжае да нас таямніцу любові і цярпення, якая распачынаецца трыумфам. Радасны народ, які вітае Езуса ў Ерузалеме воклічамі «Гасанна Сыну Давіда!», пазней, падбухтораны першасвятарамі, будзе таксама крычаць: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Бачым, як наш Пан перажывае няўдзячнасць і здраду з боку тых, хто атрымаў ад Яго шматлікія ласкі, з боку тых, хто яшчэ ўчора ўсміхаўся і ліслівіў. Уражвае да слёз тое, што Езус нават на момант не перастае глядзець на натоўп са спагадай і пяшчотай, што пад цяжарам расчаравання і пакуты Ён не становіцца вострым і раздражнёным. Яго рэакцыя сапраўды захапляе, выклікае давер і запрашае нас наследваць Яго. Лёгка, амаль інстынктыўна, ад расчаравання можа нарадзіцца песімістычны погляд, які ахутвае людзей і рэчы. Пасля такога досведу лёгка могуць укараніцца поўнае расчараванне, якое атручвае чалавечае жыццё, і недавер, які робіць немагчымымі адносіны. Адным словам, гэта спрыяльная атмасфера, каб развілася жорсткасць сэрца, калі пакрыўджаны чалавек спрабуе захаваць сябе ад новай горычы і расчаравання: твар становіцца каменным, вочы халоднымі, усмешка згасае, цішыня аддаляе, словы становяцца рэзкімі і жэсты безасабовымі. Але з Езусам усё інакш! Ён рэагуе па-іншаму на нашы здрады, штодзённыя занядбанні, лянівую абыякавасць. Дазволім Яго пяшчоце абняць нас, адчуем на сабе Яго спагадлівы і добразычлівы позірк! Такія жэсты заахвочваюць нас чыніць дабро больш, чым любы папрок. Не боймася прасіць Яго, каб навучыў нас дзейнічаць у адносінах да нашых братоў так як Ён. Заўсёды, але перш за ўсё ў гэтыя дні асаблівай ласкі, калі размаўляем ці ўстрымліваемся ад размовы, давайце рабіць гэта з любоўю: калі ўсміхаемся — то са шчырасцю, калі глядзім на іншага — з добразычлівасцю, калі прабачаем — то ад усяго сэрца... Езус не толькі мадэль чалавечнасці, якая зачароўвае нас, Ён — невычэрпная крыніца, укрытая ў небе, але сышоўшая на зямлю, каб быць прапанаванай кожнаму чалавеку. Дарагія браты і сёстры, не адыходзьма ад гэтай крыніцы. Праз сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі мы зноў і зноў можам набліжацца да яе. Просім Яго, каб аздараўляў нашыя вочы, каб наш позірк, поўны ценяў і падазрэнняў, перамяняўся ў позірк, напоўнены небам і пяшчотай. Чым бліжэй мы да Яго наблізімся, тым больш станем на Яго падобнымі, здольнымі перажываць раны жыцця, расчараванні ў людзях і ў саміх сабе. З Ім мы бачым свет, сябе, іншых з большай добразычлівасцю. Няхай вербы, якія сёння благаславілі і занясём у нашыя дамы, нагадваюць нам на працягу ўсяго года, што нашыя радасці і цяжкасці нам трэба перажываць так як Езус, і што толькі вяртаючыся зноў і зноў да крыніцы жыцця, мы зможам захаваць тую любоў, да якой нас кліча любячы Бог. |
Адноўлена 10.04.2017 11:17 |