Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы на радыё ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана |
Мінская архікатэдра, 16 красавіка Глыбокапаважаныя радыёслухачы, браты і сёстры, суайчыннікі! 1. Гэтым пасхальным воклічам сёння прасякнуты ўвесь хрысціянскі свет, бо сёлета ўсе вызнаўцы Хрыста разам святкуюць гэтае свята святаў. Дзякуй Богу, у апошнія дзесяцігоддзі мы свабодна і ўрачыста адзначаем Вялікдзень. Гэта вельмі добра, але існуе небяспека, каб гэтае святкаванне не стала руцінным, каб часам на пасхальны вокліч «Хрыстус уваскрос!» мы не адказалі, што ведаем аб гэтым. Як у анекдоце часоў Брэжнева: «Леанід Ільіч, — кажуць яму. — Хрыстус Уваскрос». А ён у адказ: «Ведаю, мне ўжо паведамілі». 2. Адзначаючы свята Пасхі Хрыстовай мы павінны з ўсёй сур’ёзнасцю падысці да гэтай падзеі, якая нагадвае нам, што смерці больш не належыць апошняе слова, а пасля магілы ёсць новае жыццё. Таму праўда пра ўваскрасенне Хрыста, — а гэта галоўная праўда нашай веры! — таксама павінна стаць праўдай нашага жыцця. Дзякуючы Змёртвыхпаўстанню Хрыстус аб’явіўся як Пан жыцця і смерці, вызваліў нас ад яе і адкрыў брамы вечнага жыцця. Пасхальная праўда аб’яўляе нам невядомую да гэтага новую будучыню чалавека — вечнае жыццё, да якога прызначаны кожны. Нездарма святы апостал Павел кажа: «Як Хрыстус уваскрос, таксама і мы ўваскрэснем». 3. Без веры ў змёртвыхпаўстанне Хрыста няма і не можа быць хрысціянства, бо праўда Пасхі з’яўляецца падмуркам нашай веры, як вучыць св. апостал Павел. Вера ў змёртвыхпаўстанне мае вялікае значэнне ў нашым жыцці, бо яна надае яму яго напрамак. Без веры мы былі б падобныя да капітана карабля, які ведае, як ім упраўляць, але не ведае, куды плыве. Падобна таму, як прамяні сонца ажыўляюць прыроду пасля зімовага сну, гэтаксама прамяні змёртвыхпаўстання спрыяюць развіццю нашай надзеі і нашых чаканняў. Таму сёння ўвесь хрысціянскі свет радуецца і праслаўляе пераможцу граху, смерці і злога духа. 4. Сёлетняя Пасха надзвычайная не толькі таму, што ўсе хрысціяне святкуюць яе разам, але таксама таму, што яна адзначаецца ў Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. 100 гадоў таму, калі атэістычны рэжым пагружаў нашу краіну ў цёмную магілу бязвер’я, на другім канцы Еўропы ў далёкай Фаціме Марыя дала надзею на выйсце з яе. Сёння мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі ўваскрашэння духоўна ўкрыжаванай у часы ваюючага атэізму Беларусі. Гэта вялікі дар Божай міласэрнасці і адначасова заданне перад выклікамі сучаснасці, каб ізноў, цяпер ужо самім, не ўпасці ў тую ж самую бездухоўную магілу. Мы павінны звярнуць нашу ўвагу на сучасную візію свету, які задавальняецца часовым і забывае пра вечнае. Такім чынам ён ідзе ў небыццё, а мы створаны да вечнага жыцця. Без веры ў Хрыста наша надзея становіцца ілюзіяй. Таму мы павінны выбіраць — «Бог або нічога». 5. Вялікдзень абвяшчае нам праўду пра збаўленне, якое мы атрымалі дзякуючы пасхальнай таямніцы Хрыста. У Вялікую пятніцу здавалася, што Езус быў пераможаны і ў Яго не засталося ніякай надзеі. Аднак Яго ўваскрасенне сведчыць пра перамогу жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, міласэрнасці над помстай. Такім чынам кардынальна змянілася сітуацыя чалавека. Уваскрослы Езус не належыць да мінулага, але застаецца прысутным праз паслугу Касцёла, у якім Ён жыве. Ён ім кіруе, а не магутныя гэтага свету. Гісторыя пераследу веры ў нашай краіне і яе адраджэнне сведчаць пра тое, што Езус з’яўляецца Валадаром гісторыі, што Ён піша прама на закручастых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над «і». З нашага боку трэба толькі адкрыцца на гэтую праўду, якае дае нам надзею і з’яўляецца крыніцай нашай моцы. Віншую вас, дарагія браты і сёстры! Віншую ўсіх хрысціян! Сёлетні Вялікдзень супольны і наша радасць таксама супольная. Няхай Уваскрослы Езус будзе вашай моцай і надзеяй. Шчаслівых, поўных Божай ласкі і супакою святаў Пасхі Хрыстовай. Аллелюя! Амэн. |