Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Святога Айца Францішка падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане

Ватыканская базыліка святога Пятра
Вялікі чацвер, 13 красавіка 2017

«Дух Пана на Мне, / бо Ён намасціў Мяне / абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, / паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным / і сляпым вяртаць зрок, / каб выпусціць спакутаваных на свабоду» (пар. Лк 4, 18). Пан, Памазаннік Духа, нясе радасную Вестку ўбогім.

Усё тое, што абвяшчае Езус, а таксама і мы, святары, — гэта радасная Вестка. Радасная евангельскай радасцю: таго, хто быў намашчаны ў сваіх грахах алеем прабачэння і намашчаны ў сваёй харызме алеем місіі, каб намашчаць іншых. І нароўні з Езусам, святар робіць Навіну радаснай усёй сваёй асобай. Калі абвяшчае гамілію — па магчымасці, кароткую, — ён робіць гэта з радасцю, што кранае сэрца яго народа праз Слова, якім Пан крануў яго самога ў малітве.

Як кожны пасланы з місіяй вучань, святар робіць Навіну радаснай усёю сваёю істотаю. І, з другога боку, менавіта нязначныя дробязі — усе мы ў гэтым пераканаліся, — яны найлепш нясуць у сабе і перадаюць радасць: дробязь таго, хто робіць яшчэ на адзін маленькі крок больш і чыніць так, што міласэрнасць льецца праз край на нічыіх землях; дробязь таго, хто вырашае рэалізаваць і прызначае дзень і гадзіну сустрэчы; дробязь таго, хто з маўклівай гатоўнасцю дазваляе іншым выкарыстоўваць свой час…

Радасная Вестка можа здавацца папросту іншым спосабам сказаць «Евангелле», як «Добрая Навіна», або «добрая Вестка». І ўсё ж яна мае ў сабе штосьці, што абагульняе ў сабе ўсё астатняе: радасць Евангелля. Абагульняе ўсё, таму што яна радасная сама па сабе.
Радасная Вестка — гэта каштоўная пярліна Евангелля. Гэта не рэч, гэта — місія. Гэта ведае той, хто адчувае «салодкую і суцяшальную радасць абвяшчаць Евангелле» (пар. Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium, 10).

Радасная Вестка нараджаецца з Намашчэння. Першае, «вялікае святарскае намашчэнне» Езуса было здзейснена Святым Духам ва ўлонні Марыі.

У гэтыя дні радаснае Звеставанне прымусіла Дзеву Маці праспяваць радасны спеў Magnificat, напоўніла святым маўчаннем сэрца Юзафа, Яе абранніка, і прымусіла ўзварухнуцца ад радасці Яна Хрысціцеля ва ўлонні ягонай маці Альжбеты.

Сёння Езус вяртаецца ў Назарэт, і радасць Духа аднаўляе Намашчэнне ў маленькай мясцовай сінагозе: Дух сыходзіць і праліваецца на Яго, намашчаючы Яго алеем радасці (пар. Пс 45 (44), 8).

Радасная Вестка. Адзінае Слова — Евангелле, — якое ў дзеянні абвяшчэння становіцца радаснай і міласэрнай праўдай.
Няхай ніхто не спрабуе аддзяліць адна ад адной гэтыя тры ласкі Евангелля: ягоную Праўду, якая не абмяркоўваецца, ягоную Міласэрнасць, безумоўную для ўсіх грэшнікаў, і ягоную Радасць, унутраную і цэласную. Праўда, Міласэрнасць і Радасць — усе тры разам.

Праўда радаснай Весткі ніколі не можа быць толькі абстрактнаю праўдаю, адною з тых, якія ў поўнай меры не рэалізуюцца ў жыцці асобаў, таму што больш камфортна адчуваюць сябе ў друкаваных літарах кніг.

Міласэрнасць радаснай Весткі ніколі не можа быць падробным спачуваннем, што пакідае грэшніка ў ягонай мізэрнасці, бо не падае яму рукі, каб ён мог падняцца на ногі, і не дапамагае яму зрабіць крок наперад у яго намаганні.

Вестка ніколі не можа быць сумнай або ніякай, таму што яна выражае цалкам асабістую радасць: «Радасць Айца, які не жадае, каб згубіўся хоць адзін з ягоных малых» (пар. Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium, 237); радасць Езуса, які бачыць, як бедным абвяшчаецца Евангелле і як маленькія ідуць, каб евангелізаваць (гл. тамсама, 5).

Радасці Евангелля — цяпер я кажу пра іх у множным ліку, таму што іх шмат і яны розныя ў залежнасці ад таго, як Дух жадае прамаўляць у кожную эпоху, да кожнай асобы ў кожнай асобнай культуры, — гэта асаблівыя радасці. Іх трэба змяшчаць у новыя мяхі, пра якія кажа Пан, каб выказаць навізну свайго пасылу.

Я дзялюся з вамі, дарагія святары, дарагія браты, трыма вобразамі новых мяхоў, у якіх радасная Вестка добра захоўваецца — яе неабходна захоўваць, — не ператвараецца ў воцат і льецца ў дастатку.

Першы вобраз радаснай Весткі — гэта каменныя збаны з вяселля ў Кане (гл. Ян 2, 6). У пэўным сэнсе яны добра адлюстроўваюць той дасканалы Мех, якім з’яўляецца Яна сама, уся цалкам, Багародзіца, Панна Марыя. Евангелле кажа, што «напоўнілі іх аж да верху» (пар. Ян 2, 7). Я ўяўяляю сабе, як хтосьці са слугаў глядзеў на Марыю, каб бачыць, ці столькі будзе дастаткова, і што Яна жэстам паказала дадаць яшчэ адно вядро.

Марыя — гэта новы мех паўнаты, што перадаецца іншым. Але дарагія мае, без Багародзіцы мы не можам ісці наперад у нашым святарстве! Яна «маленькая Слуга Айца, якая скача ад радасці, праслаўляючы» (пар. Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium, 286); Маці гатоўнасці, якая, толькі зачаўшы ў сваім беззаганным улонні Слова жыцця, ідзе, каб адведаць сваю сваячку Альжбеце і служыць ёй. Яе паўната, якая перадаецца іншым, дазваляе нам пераадольваць спакусу страху: недахоп адвагі напоўніць да краёў і нават больш; маладушнасць, што не дае ісці дзяліцца радасцю з іншымі. Нічога такога, бо «радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам» (пар. тамсама, 1).

Другі вобраз радаснай Весткі, якім я хачу падзяліцца з вамі, гэта той збан, які разам са сваёй драўлянай чарпалкай пад пякучым паўдзённым сонцам несла на галаве самаранка (гл. Ян 4, 5–30). Ён добра выяўляе істотнае пытанне, якое датычыцца канкрэтыкі. Пан, Крыніца жывой Вады, не меў прылады, каб зачарпнуць вады і выпіць некалькі глыткоў. Тады самаранка чарпалкаю ўзяла вады са свайго збана і наталіла смагу Пана. Яна наталіла яе яшчэ больш, калі вызнала свае канкрэтныя грахі. Націснуўшы на мех душы гэтай самаранкі, з якой праз край лілася міласэрнасць, Святы Дух праліўся ва ўсіх жыхароў гэтай невялікай вёскі, якія запрасілі Пана спыніцца ў іх.

Новы мех з гэтай унутранай канкрэтыкай Пан падараваў у душы «самаранкі», якой стала Маці Тэрэза з Калькуты. Ён паклікаў яе і сказаў: «Прагну». «Маленькая мая, прыйдзі, занясі Мяне ў дзіры беднякоў. Прыйдзі, будзь маім святлом. Я не магу ісці сам. Яны не ведаюць Мяне і таму Мяне не хочуць. Занясі Мяне ім».

І яна, пачаўшы з аднаго канкрэтнага, са сваёй усмешкай і сваім уменнем рукамі дакранацца да ранаў, занесла радасную Вестку ўсім. Уменне дакранацца рукамі да ранаў: святарская чуласць да хворых, да тых, хто ў роспачы. Святар — чалавек чуласці. Канкрэтнасць і чуласць!

Трэці вобраз радаснай Весткі — гэта вялізны Мех прабітага Сэрца Пана: маўклівая, пакорная і бедная цэласнасць, якая ўсіх прыцягвае да сябе. У Яго мы павінны навучыцца, што абвяшчаць вялікую радасць тым, хто вельмі бедны, немагчыма ніяк інакш, як толькі з павагай і пакораю, ажно да прыніжэння. Евангелізацыя не можа быць напышлівай, чысціня праўды не можа быць жорсткай, таму што праўда сталася целам, сталася чуласцю, сталася дзіцем, сталася чалавекам, сталася грахом на крыжы (гл. 2 Кар 5, 21).

Дух абвяшчае «ўсю праўду» (пар. Ян 16, 13) і вучыць ёй, не баіцца даваць яе піць па глытку. Дух у кожны момант гаворыць нам тое, што мы павінны сказаць нашым праціўнікам (гл. Мц 10, 19) і асвятляе маленькі крок наперад, які ў гэты момант мы можам зрабіць. Гэтая маўклівая цэласнасць дае радасць бедным, ажыўляе грэшных, дае ўздыхнуць тым, каго прыгнятае злы дух.

Дарагія святары, будзем сузіраць гэтыя тры новыя мяхі і піць з іх, каб радасная Вестка дасягнула ў нас паўнаты, што перадаецца іншым, якою Багародзіца дзеліцца ўсёю сваёю істотаю, унутранай канкрэтнасці абвяшчэння самаранкі і маўклівай цэласнасці, з якой няспынна струменіць і льецца Дух з прабітага Сэрца Езуса, нашага Пана.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі