Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую пятніцу

Мінская катэдра, 14 красавіка 2017 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Учора падчас літургіі Апошняй Вячэры мы разважалі пра ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі і святарства. Пры гэтым мы канцэнтравалі сваю ўвагу на тым, што Езус, устанаўліваючы Эўхарыстыю як некрывавую ахвяру, папярэдзіў сваю крыжовую смерць.

Сённяшняя літургія Вялікай Пятніцы вядзе нас на Галготу, дзе Езус насамрэч ахвяраваў сваё жыццё за нашае збаўленне. У цэнтры сённяшняга набажэнства знаходзіцца крыж, як знак нашага збаўлення і надзеі.

Мы ведаем, што крыжы могуць быць розных памераў, формаў і матэрыялу, з якога зроблены. Некаторыя простыя, іншыя залатыя, яшчэ іншыя — з дарагімі камянямі. Вялікая Пятніца вядзе нас да рэальнасці простага драўлянага крыжа, на якім Езус здзейсніў збаўленне свету.

2. Нярэдка бывае так, што калі распачынаюцца размовы пра крыж, то сучасны, нават веруючы, чалавек хутка пераходзіць да тэмы Змёртвыхпаўстання. Ён кажа: так, Хрыстус цярпеў і памёр, але ўваскрос, таму давайце лепш будзем гаварыць пра Уваскрасенне. З крыжом асацыююцца цярпенні, а з Уваскрасеннем — радасць.

Так, сапраўды, мы верым ва Уваскрасенне Хрыста і ўжо зусім хутка будзем адзначаць свята Пасхі. Аднак пры гэтым трэба памятаць, што без крыжа не было б Уваскрасення. Крыж вядзе да пасхальнай перамогі Хрыста. Пасхальная таямніца ўключае ў сябе як крыж, так і пусты гроб Езуса.

3. Нагадваючы пра крыж, трэба сказаць, што ён не меў бы ніякага значэння без укрыжаванага на ім Езуса. Без Яго ён заставаўся б толькі інструментам жудаснай смерці. Гісторыя Рымскай Імперыі перапоўнена крыжамі, якія кожны дзень паўставалі на яе бяскрайніх тэрыторыях з мэтай пакарання  злачынцаў.
Ужо Стары Тастамент прадказваў крыжовую смерць Збаўцы. Так у Кнізе псалмоў чытаем, што яго рукі і ногі былі прабітыя, так што можна было палічыць усе яго косці. Якімі прарочымі былі гэтыя словы! У іх выказана рэальнасць укрыжавання. І частка гэтай рэальнасці — гэта той боль, які пранізвае рукі, ногі і ўсё цела Езуса.

Хрыстус абяцаў прыцягнуць да сябе з дрэва крыжа ўвесь свет. Рэчаіснасць крыжа вельмі добра адлюстроўвае гэта абяцанне. Дзякуючы закону гравітацыі, добра вядомаму нам як закон Ньютона, укрыжаванае цела Езуса апускаецца ўсё ніжэй і такім чынам становіцца бліжэй да зямлі і чалавека. Гэтым самым Езус фізічна як быццам прыцягвае да сябе ўсіх людзей. Але Езус казаў пра маральнае прыцягненне і гісторыя хрысціянствыа гэта пацвярджае. Невялікая групка прыхільнікаў Езуса разраслася да двух мільярдаў хрысціян.

4. У Вялікую пятніцу мы з вялікай павагай ушаноўваем крыж, становімся перад ім на калені. Сённяшняя літургія тлумачыць нам прычыну гэтага. Яна крыецца ў словах спеву падчас адкрыцця крыжа: «Вось дрэва Крыжа, на якім павісла збаўленне свету».

Крыж з’яўляецца знакам збаўлення і сімвалам хрысціянства. На жаль, у наш час ён вельмі часта выкарыстоўваецца як сімвал упрыгожвання, як біжутэрыя. Яго носяць і веруючыя, і няверуючыя. Скандал распачынаецца тады, калі не звяртаецца ўвагі на тое, што на ім знаходзіцца Збаўца.   

Таму крыж заклікае чалавека зрабіць свой выбар — прыняць Езуса як Збаўцу ці адрынуць. Трэцяга не дадзена. Гэты выбар павінен датычыць нашага сэрца. Недастаткова толькі прыняць удзел у набажэнстве Вялікай пятніцы. Недастаткова нават стаць на калені перад крыжом і пацалаваць яго. Крыж з усёй яго трагедыяй і багаццем павінен быць у нашым сэрцы.

Папа Бэнэдыкт XVI падчас Сусветных дзен моладзі ў Мадрыдзе ў 2011 г. сказаў, што Хрыстус перамог грэх і смерць сваёй крыжовай ахвярай. Таму і мы павінны аб’яць крыж Хрыста і зрабіць яго нашым з мэтай удзельнічаць у збаўленні чалавецтва.

У Вялікую пятніцу 2005 г. за тыдзень да сваёй смерці св. Ян Павел II з-за хваробы не мог прыняць удзел у традыцыйным Крыжовым шляху ў Рымскім Калізеі. Аднак у сваёй прыватнай капліцы малітоўна яднаўся з яго ўдзельнікамі. Тэлебачанне паказала ўзрушаючую сцэну, калі амаль што паміраючы Папа трымаў у сваіх руках крыж і прыціскаў яго да сябе. Ён таксама звярнуўся да ўдзельнікаў Крыжовага шляху са сваім Пасланнем. У ім ён пісаў, што ўшанаванне крыжа вядзе нас да абавязку, які выплывае са слоў святога апостала Паўла, каб сваімі цярпеннямі дапаўняць цярпенні Хрыста.

5. За хвіліну з крыжа будзе знята заслона і мы будзем яго адараваць. Спытайма ў сябе, якімі з’яўляюцца нашы адносіны да крыжа Хрыста? Якое месца ён займае ў нашым жыцці? Як глыбока цярпенні Езуса пранікаюць у нашы сэрцы? Ці разумеем іх сэнс?

Святы Айцец Францішак кажа, што, дзякуючы пасхальнай таямніцы, у якую уваходзіць таямніца крыжа, Езус перамяніў наш грэх у прабачэнне, нашу смерць — у змёртвыхпаўстанне, нашу баязлівасць — у давер. Таму на крыжы нарадзілася і заўсёды адраджаецца наша надзея.

Таму не боймася крыжа, прымем яго з любоўю, бо на ім адбыўся цуд нашага збаўлення. Некалькі кропель Найсвяцейшай Крыві Езуса аднавіла ўвесь свет, Крыж Езуса стаўся ключом да неба.

Пане Езу, Ты ўзышоў на крыж, каб збавіць нас. Сёння з удзячнасцю за Тваю бязмежную любоў і міласэрнасць да нас, просім Цябе, адары нас ласкай мужнага нясення крыжа нашага жыцця, каб ён вывеў нас з магілы нашых грахоў і адрадзіў надзею, нават насуперак надзеі. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі