Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай св. Імшы

Мінская архікатэдра, 16 красавіка

ПАН САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Па вуліцах і плошчах нашых гарадоў і вёсак адбываюцца ўрачыстыя рэзурэкцыйныя працэсіі, падчас якіх мы публічна вызнаём нашу веру ва ўваскрасенне Хрыста. Сёння наша радасць яшчэ большая з таго факту, што сёлета ўсе хрысціяне сумесна азначаюць гэтае галоўнае свята нашай веры.

Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як Магдалена пайшла да магілы Езуса, аднак там не знайшла Ягонага цела. Евангелле Пасхальнай вігіліі прадстаўляе жанчын міраносіц, якія прыйшлі да магілы Езуса, каб намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Цела ў магіле не было. А анёл, які там знаходзіўся, сказаў, што Хрыста тут няма, бо Ён уваскрос. У гэтых словах крыецца велікоднае пасланне ўсім народам і ўсіх часоў: «Хрыстус памёр, бо Ён чалавек, уваскрос, бо ён Бог».

«Пан сапраўды ўваскрос». У гэтых словах Евангелля скрыта праўда і  адначасова здарэнне, на якіх абапіраецца наша хрысціянская вера і жыццё. Гэтыя словы — гэта «пасведчанне» Хрыста як Бога і Збаўцы.  

2. Двесце гадоў таму Напалеон Банапарт захапіў амаль што ўсю Еўропу. Перад ім дрыжаў увесь свет і здавалася, што ўся зямля будзе зацеснай для яго. Тады некаторыя бязбожныя дарадцы прапанавалі яму стварыць сваю рэлігію. На што Напалеон адказаў: «Найперш трэба было б памерці на крыжы, быць пахаваным і ўваскрэснуць, а я не маю ніякай ахвоты на такія эксперыменты».

Напалеон добра ведаў, што з’яўляецца толькі чалавекам. Яму ўдалося заваяваць амаль што ўсю Еўропу, але не ўдалося перамагчы смерць. Ёе вырваўся з «абдымкаў» суровай рускай зімы, але не змог вырвацца з «абдымкаў» смерці.

Факт змёртвыхпаўстання дае права Езусу прамаўляць на тэму жыцця, бо толькі Ён адзіны ўваскрос.

3. Пустая магіла сведчыць аб тым, што з яе вярнуўся да жыцця пахаваны там Езус. Таму Ён можа стаць перад кожным з нас і перад усім чалавецтвам і сказаць: «Я — дарога, праўда і жыццё».

Хрыстус наша дарога, бо прыйшоў да нас ад нашага Нябеснага Айца і туды нас вядзе. Хто не ідзе за Ім, той блукае. Ён — наша праўда. На жаль, вельмі часта праўда, якую нясе свет, — гэта кангламерат фальшу, які вельмі хутка змяняецца і часта залежыць ад сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры і афіцыйнай ідэалогіі, якая таксама не пастаянная. Ён — крыніца нашага жыцця і вядзе ў жыццё вечнае.

4. Уваскрасенне Хрыста — гэта непахісны фундамент нашай веры. У першыя стагоддзі нашай эры падчас жудаснага пераследу хрысціянства перад суддзёй знайшлася маладая хрысціянка Маргарыта з Антыёхіі.

Суддзя спытаў яе: «Ці можа быць большае глупства, чым пакланенне прыбітаму да крыжа чалавеку?» У адказ на гэта Маргарыта спытала: «Адкуль ты ведаеш, што Хрыстус быў укрыжаваны?» Суддзя адказаў: «З вашых кніг». Маргарыта сказала: «Але ў тых самых кнігах напісана, што Ён уваскрос. Таму як можна верыць у адно і выракацца іншага? Мы верым у Езуса не таму, што Ён быў укрыжаваны, а таму, што ўваскрос».

Таксама і мы павінны верыць у Хрыста не таму, што Ён быў укрыжаваны і пахаваны, але таму, што не застаўся ў магіле, а ўваскрос.

5. Няверуючыя і атэісты кажуць, што недарэчнасцю з’яўляецца верыць у памерлага чалавека. Гэтым самым яны супярэчаць самі сабе, бо ў савецкія часы яны казалі, што Ленін жывей за ўсіх жывых, хоць мёртвае цела Леніна на самой справе знаходзіцца ў Маўзалее на Чырвонай плошчы ў Маскве. Людзі патроху забываюцца пра яго ідэі. Калі яны не з’яўляюцца жывымі і актуальнымі, што ж тады казаць пра яго цела.

Сапраўды, вялікай недарэчнасцю было б верыць у памерлага, але яшчэ большай недарэчнасцю з’яўляецца не верыць ва Уваскрослага. Ці не з’яўляецца недарэчнасцю завязаць сабе вочы і сярод белага дня пры чыстым небе казаць, што няма сонца? Не вінавата ў гэтым сонца. Вінаваты вочы, а лепш сказаць — павязка на вачах.

6. Падобна паступаюць і тыя, хто не верыць у змёртвыхпаўстанне Хрыста, бо не хочуць убачыць пустую грабніцу і пачуць голас анёла, які абвяшчае жанчынам міраносіцам уваскрасенне Хрыста. Яны застаюцца сляпымі і глухімі на гэтую праўду.

Падчас адной з пілігрымак у Святую Зямлю жанчына гід, якая была габрэйкай, спытала пілігрымаў: «Як магло стацца, што рэлігія, заснаваная чалавекам, які памёр на дрэве крыжа, трывае так доўга?» Яна прысутнічала на ўсіх набажэнствах і не ўмешвалася ў справы пілігрымаў. Проста была гідам. У святыні пустога Гробу Пана святар ёй прыпомніў яе пытанне і сказаў, што адказам на яго з’яўляецца пусты гроб Езуса, да якога тысячы і тысячы пілігрымаў ідуць кожны дзень. Ці ішлі б яны, калі б там не стаўся цуд уваскрасення? Не, не ішлі б, а так ідуць.

7. Святы Аўгустын кажа, што сутнасцю нашай веры з’яўляецца змёртвыхпаўстанне Хрыста. Без гэтага Яго імя знікла б з гісторыі, і нас таксама не было б тут, у гэтым касцёле. Таму мы павінны ісці за Хрыстом, каб не блукаць у цемры і заўсёды жыць надзеяй. Нават калі настане Вялікая пятніца нашага жыцця, то ў святле пасхальнай праўды мы павінны ведаць, што прыйдзе дзень уваскрасення.

Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца гарантам нашага ўваскрашэння. Таму мы павінны шукаць не таго, што на зямлі, а таго, што ў вышынях, бо там наша Айчына.

Сардэчна віншую вас, дарагія браты і сёстры, і таксама віншую нашых братоў і сясцёр праваслаўных і пратэстантаў з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Няхай ласка ўваскрослага Пана спадарожнічае нам, а Яго супакой напоўніць нашыя сэрцы.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя! Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі