Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Адна гісторыя распавядае пра маленькага хлопчыка, як вырашыў напісаць пісьмо Езусу з просьбай паспрыяць яму атрымаць на Божае Нараджэнне ў падарунак прыгожую чырвоную машыну, аб якой ён марыў увесь час. Пісьмо ён распачаў словамі: «Пане Езу, ты ведаеш, што я заўсёды быў добрым хлопчыкам». Потым ён падумаў, што Езус, напэўна, у гэта не паверыць, парваў паперу і выкінуў у сметніцу. Пачаў пісаць  новае: «Пане Езус, ты ведаеш, што я вельмі часта быў добрым хлопчыкам».

Ізноў падумаў, што і на гэты раз яго словы, напэўна, не ўзрушаць Езуса. Парваў паперку і выкінуў, як і першую ў кош са смеццем. Тады ўзяў рушнік і захінуў у яго фігуру Божай Маці. Паклаў яе на стале і распачаў наступнае пісьмо. «Пане Езу, калі ты хочаш бачыць сваю Маці, то павінен мяне выслухаць, бо інакш…»

Далей ён адкрыта выказаў сваю праблему, будучы перакананы, што Езус, напалоханы стратай сваёй Маці, выслухае яго. Напэўна, мы скажам, што гэта наіўная пастава веры малога шантажыста, але пры гэтым мы павінны прызнаць: хлопчык стратэг.

У дарослага хрысціяніна такая пастава, аднак, павінна прымаць іншае вымярэнне. Нам варта слухаць Марыю, якая кажа нам рабіць тое, што наказвае яе Сын Езус Хрыстус.

2. Глыбокапаважаныя прыхільнікі Маці Божай Фацімскай. Сёння яна як верная слуга Бога і наша духоўная Маці збірае нас у маладзечанскай святыні св. Юзафа, апякуна Святой Сям’і. Маладзечанская парафіяльная супольнасць сёння ў’яўляецца нам як адзіная Божая сям’я, маці якой з’яўляецца Марыя.  Натуральна, што маці хоча быць са сваімі дзяцьмі, а дзеці — са сваёй маці. Толькі тады ўсе адчуваюць сябе шчаслівымі. Такімі і мы павінны стаць, ушаноўваючы Марыю.

3. Перад тым, як стаць Маці Збаўцы, Марыя жыла як усе іншыя людзі таго часу — са сваімі радасцямі і цяжкасцямі. Але вось да яе ў Назарэт завітаў надзвычайны госць — Арханёл Габрыэль. Менавіта ён прывітаў яе як поўную ласкі, гэта азначае Беззаганна Зачатую, і перадаў ёй просьбу самога Бога стаць Маці Збаўцы. Звернем увагу на тое, што Бог абумоўлівае збаўленне чалавека згодай зноў-такі чалавека.

Што адкажа Марыя? Пекла, зямля і неба накіравалі свой позірк на Назарэт. Пекла было ўпэўнена, што ўсё адбудзецца так, як адбылося з Евай, і Марыя не згодзіцца з Божай прапановай. Зямля з надзеяй чакала, калі ж прыйдзе Збаўца. А неба ведала, што Марыя не адрыне Божай прапановы. Так і сталася. Хвіліна няўпэўненасці, і наступіла перамога даверу да Бога, які хоча толькі дабра. І Марыя кажа сваё «Так». Менавіта гэта простае, але адначасова такое значнае слова з’яўляецца ключом да разумення таямніцы Богаўцелаўлення і ў выніку збаўлення чалавека. Яно таксама з’яўляецца ключом да яго шчасця.

Марыя як слуга Пана заставалася вернай Богу ўсё сваё жыццё. Пасля Звеставання яна, пад сэрцам якой білася сэрца Збаўцы, спяшаецца дадому Альжбеты і Захарыі, каб там адспяваць свой велічны гімн Magnificat. Потым у Бэтлееме з радасцю глядзіць на народжанага ёю Збаўцу і ўслухоўваецца ў спеў анёлаў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі».

Затым з надзеяй у Богу вымушана ўцякаць у Егіпет, каб бараніць жыццё Немаўлятка Езуса. Далей наступае цуд перамянення вады ў віно ў Кане Галілейскай. Не хапіла віна на вяселлі. Тое, што павінна было застацца прыгожым успамінам і перажываннем, магло замяніцца ў прыніжэнне і скандал. Але так не сталася, бо на вяселлі была Марыя, па просьбе якой Езус учыніў свой першы цуд. Менавіта тады Марыя сказала вясельным слугам учыніць тое, што ім скажа яе Сын.

Бог даў нам Марыю — нашу Маці, каб наша жыццё не стала скандалам і не ператварылася ў грэх.

4. Фацімскія аб’яўленні Марыі сталі першымі прызнанымі Касцёлам аб’яўленнямі ў ХХ стагоддзі. У іх Марыя, прадказваючы трагічную гісторыю Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, прапанавала лек дзеля зратавання ад бяды, якая стукала ў дзверы нашай Бацькаўшчыны 100 гадоў таму. Гэта малітва і навяртанне. З малітвы Марыя на першае месца ставіць Ружанец, Эўхарыстыю і набажэнства першых субот месяца, заклікаючы нас да прысвячэння сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу.

Падчас ганенняў на Касцёл у часы атэізму вера нашага народа захавалася дзякуючы малітве ў сем’ях. Асабліва дапаможнай была малітва святога Ружанца, якая з’яўляецца скарачэннем Евангелля. Падобна таму, як Езус навучыў нас малітве «Ойча наш», таксама і Марыя навучыла нас малітве Ружанца.

Калі за два дні да смерці св. Айца Пія спыталіся, што ён хоча перадаць людзям, той адказаў, што неабходна штодзённа маліцца малітвай Ружанца, якая з’яўляецца шчытом супраць спакусаў злога духа.

Мэтай набажэнства пяці перапрашальных суботаў месяца з’яўляецца перапрашэнне Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, каб жыць у духу сталага перапрашэння, прыклад якога даюць дзеці з Фацімы.

Далей Марыя заклікае да ўдзелу ў Эўхарыстыі. Эўхарыстыя — гэта самы вялікі цуд свету і яна павінна знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця, каб нас пастаянна перамяняць, рабіць больш боскімі. Святая Фаўстына Кавальская казала, што Эўхарыстыя з’яўляецца самым важным момантам яе жыцця. Калі б анёлы маглі ёй зайздросціць, то найперш зайздросцілі б магчымасці прымаць Святую Камунію.

І нарэшце, пасвячэнне сябе Марыі. Як вядома, у папскім гербе св. Яна Паўла II знаходзіцца крыж і літара «М», і таксама дэвіз Totus Tuus, што азначае «Увесь твой, Марыя». Папа прысвяціў сваё служэнне Марыі і здзейсніў вялікія рэчы. 25 сакавіка 1984 г. ён прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, як яна прасіла ў Фаціме. І адразу ў былым СССР распачалася трансфармацыя атэістычнай рэчаіснасці ў рэчаіснасць свабоды веравызнання.

Сёння, праз 100 гадоў пасля фацімскіх аб’яўленняў, мы павінны памятаць пра іх і жыць іх ідэяй. Яны актуальныя і ў наш час.
Новая сусветная вайна, якая часткова ўжо пачалася, пагражае ахапіць увесь свет і заглядае нам у вочы. З-за пагрозы тэрарызму людзі, выходзячы зранку з дому, не ўпэўнены, што вернуцца. Сям’я, замест таго, каб быць супольным домам бацькоў і дзяцей, стала месцам іх выпадковых сустрэч, як быццам інтэрнатам. Яна ўжо больш не ўспрымаецца як устаноўлены Богам адзіны, непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства, бо ўсё часцей прапагандуюцца грэшныя гомасексуальныя саюзы. Не шануецца Божы дар жыцця, які, выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, маніпулюецца. Да традыцыйнага п’янства далучылася наркаманія. Бачны паўсюдны заняпад маральнасці...

Гэтыя і іншыя паталогіі сучаснага свету патрабуюць свайго вырашэння. Адкуль яно прыйдзе? Сучасны свет не ў стане яго даць. Яго можа даць толькі міласэрны Езус, найкарацейшы шлях да якога — праз Марыю.

Таму сёння, у прысутнасці пілігрымуючай фігуры Божай Маці Фацімскай, прысвячаем табе, Марыя, нас саміх, нашы малітвы і цярпенні, усё, што маем, і аддаёмся ў палон тваёй любові. Сваімі сіламі мы самі нічога не зможам. Ты ж, Марыя, можаш выпрасіць у свайго Сына для нас ласку навяртання і жыцця згодна з Божай воляй. Навучы нас здзяйсняць тое, што кажа нам твой Сын. Няхай гэта будзе наша новая дарога, якая дапаможа будаваць шчасце на гэтай зямлі і прывядзе да вечнага шчасця ў небе. Амэн.

Адноўлена 11.05.2017 15:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі