Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Першынство Божай ласкі ў святарскіх служэнні

Гамілія падчас св. Імшы
ў межах агульнабеларускай сустрэчы святароў  у Год святарства
касцёл святых Сымона і Алены
Мінск, 4 жніўня 2009 г.

«Ідзіце і абвяшчайце Евангелле» (пар. Мк 16, 15)

1. Глыбокапаважаныя Эмінэнцыя, Эксцэленцыі, святары, кансэкраваныя асобы, вернікі!
Усе мы добра ведаем гэтыя словы рэфрэна рэспансарыйнага псальма з сённяшняй літургіі. У іх выражана галоўнае заданне святара, аб чым вельмі добра навучае II Ватыканскі Сабор і паслясаборнае навучанне Касцёла, — заданне абвяшчаць Евангелле.

Езус сказаў: хто паверыць, будзе збаўлены (пар. Мк 16, 16). Таму вера з’яўляецца ўмовай збаўлення. Хрыстус, каб учыніць цуд, жадаў бачыць веру. Таксама і сёння, у наш секулярны час дэхрысціянізацыі, відавочна вялікая патрэба ў веры. Вера, аднак, ад слухання (пар. Рым 10, 17), як кажа св. Апостал Павел. А каб слухаць, неабходна мець таго, хто абвяшчае. Ім у першую чаргу і з’яўляецца святар. Вера ўзмацняецца праз сакрамэнты, якія цэлебруе святар. Узмацняецца яна праз хрысціянскае сведчанне і ўчынкі міласэрнасці, да чаго таксама павінен весці людзей святар.

У сувязі з гэтым сёння, калі святары Беларусі ў першыню сабраліся разам з нагоды святкавання Года святарства, нам трэба з усёй сур’ёзнасцю задумацца над тым, якім чынам мы выконваем нашу місію.

2. Абвяшчаючы Год святарства, папа Бэнэдыкт XVI прамовіў яго дэвіз: «Вернасць Хрыста — вернасць святара». У гэтых простых словах утоены сэнс усёй дзейнасці святара: у сваім служэнні людзям і ў жыцці святар заўсёды павінен заставацца верным свайму пакліканню і місіі, падобна таму, як верным застаўся Езус Хрыстус. Ён даканца выканаў прызначаную Яму Яго нябесным Айцом святарскую, прароцкую і каралеўскую місію. Падобна павінен дзейнічаць і святар.

3. Як прыклад святара Бэнэдыкт XVI ставіць нам св. Яна Марыю Віянэя — пробашча з невялікай вёскі Арс у Францыі. Менавіта ён, бясконца давяраючы Богу, сваім жыццёвым прыкладам, праз абвяшчэнне Евангелля, цэлебрацыю Эўхарыстыі і асабліва праз удзяленне сакрамэнту пакаяння і паяднання стаўся Яго вязнем, даканца застаўся верным святарскаму пакліканню.

Нялёгка давалася яму вучоба ў семінарыі. Аднак яго ніколі не пакідаў давер Богу, і дзякуючы гэтаму ён быў упэўнены, што зможа здзейсніць вялікія справы. Кажуць, што падчас аднаго з экзаменаў незадаволены прафесар усклікнуў: што такі асёл зможа зрабіць у пастырстве! На гэта Ян Віянэй адказаў: калі Самсон сківіцай асла змог разграміць тысячу філістымлянаў, то што можа зрабіць Бог, маючы ў сваім распараджэнні цэлага асла! І сапраўды, Бог праз служэнне Яна Віянэя зрабіў многае. Нездарма тады Папа абвяшчае яго апекуном усіх святароў.

У сваім пасланні да святароў Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў св. Яне Віянэі існуе поўная ідэнтыфікацыя са святарскім служэннем. Менавіта пробашч з вёскі Арс любіў казаць, што добры пастыр — гэта пастыр паводле сэрца Божага, які з’яўляецца самым вялікім дарам, якога добры Бог можа даць парафіі, і адзін з найбольш каштоўных дароў Божай міласэрнасці. Гэта ён натхнёна казаў: «О, які вялікі ёсць святар! … Калі б мы маглі гэта зразумець, то памерлі б… Яму паслухмяны сам Бог. На яго словы наш Пан зыходзіць з неба і змяшчаецца ў маленькай гостыі».

Праз прыклад святога з Арс папа Бэнэдыкт XVI жадае дапамагчы споўніць галоўную мэту Года святарства, а менавіта — паказаць веліч ролі і місіі святара ў Касцёле і ў сучасным свеце.

4. Тоеснасць святара непарыўна звязана з ягонай місіяй. Менавіта сталае прыпадабненне да Хрыста з’яўляецца гарантыяй вернасці і плённасці евангельскага сведчання. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што ўжо сам дэвіз Года святарства «Вернасць Хрыста — вернасць святара» сведчыць пра тое, што дар Божай ласкі апярэджвае кожны магчымы адказ чалавека і рэалізацыю пастырскага плана. Таму ў жыцці святара абвяшчэнне Евангелля і Божы культ непарыўна звязаны паміж сабой.

Усё гэта сведчыць пра тое, што мэта місіі кожнага святара па сваёй сутнасці культавая, каб усе людзі маглі ахвяраваць сябе Богу як гостыю жывую, святую і Яму прыемную (пар. Рым 12, 1), якая ў саміх людзях становіцца культам і праслаўленнем Творцы. Таму галоўнае — місійнае і дынамічнае — вымярэнне тоеснасці святарскага служэння заключаецца ў абвяшчэнні Евангелля, якое нараджае веру, і ў цэлебрацыі сакрамэнтаў. Гэтае служэнне таксама павінна аб’яднаць ахвяры людзей з ахвярай Хрыста і знайсці сваё выражэнне ў любові да Бога і бліжняга.

4. Трэба памятаць, што абвяшчэнне Евангелля — гэта не рэч нейкая і нават не словы з малой літары. На самой справе — гэта Слова з вялікай літары. Гэта азначае, што сапраўднае абвяшчэнне атаясамліваецца з асобай самаго Збаўцы Езуса Хрыста. Таму аўтэнтычнае служэнне Слову з вялікай літары патрабуе ад святара жыць не самім сабой, але Хрыстом, — як заклікае св. апостал Павел (пар. Гал 2, 20).

Святар не можа лічыць сябе панам Слова, якое абвяшчае, але Яго слугою і Яго голасам. А быць голасам Слова — гэта не толькі функцыя. Гэта значна большая справа. Трэба ўвайсці ў Хрыста, нібы растварыцца ў Ім праз малітву і ўдзел у таямніцы Яго смерці і ўваскрасення. Больш за тое, трэба прымаць удзел у Яго ахвяры (пар. Рым 12, 1–2), — як навучае Апостал народаў. Толькі тады наша абвяшчэнне Евангелля будзе аўтэнтычным і дзейсным.

5. Каб заданне навучання, асвячэння і будавання хрысціянскай супольнасці магло быць паспяхова выканана ў абставінах усё больш секулярна-дэхрысціянізаванага свету і ягоных выклікаў, заўсёды трэба мець на ўвазе першынство Божай ласкі ў нашым дзеянні. Місія святара залежыць ад належнага зразумення сакрамэнтальнай рэальнасці быцця святаром. Ад дакладнага разумення сваёй, не штучна створанай, але атрыманай у дар ад Бога і так прынятай, святарскай тоеснасці залежыць выкананне місіі святара.

У энцыкліцы «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў») Бэнэдыкт XVI піша, што «імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак».

Гэтай Асобай з’яўляецца сам Збаўца — Езус Хрыстус. А Слуга Божы Ян Павел II у Апостальскім пасланні на распачацце новага тысячагоддзя «Tertio millennio adveniente» («Уступаючы ў новае тысячагоддзе») кажа, што кожная пастырская акцыя найперш павінна распачынацца ад Хрыста.

6. Атрымаўшы ў сакрамэнце пасвячэння такую асаблівую ласку, святары перажываюць сваё асабістае спатканне з Хрыстом, і моцаю гэтага спаткання праз абвяшчэнне слова Божага і цэлебрацыю сакрамэнтаў могуць паспяхова выконваць сваю місію.

На жаль, не даканца зразумелае, а часам нават дэфармаванае, навучанне II Ватыканскага Сабору прывяло да таго, што галоўным заданнем святара часта лічаць яго сацыяльную актыўнасць, калі сутнасць святарства разумеецца як служэнне грамадству. Таму ў сучасным свеце, дзе ўсё менш і менш прымаецца да ўвагі святасць, і дзе адзінай важнай і найбольш цікавай справай з’яўляецца функцыянальнасць, праўдзівае паняцце святарства можа быць страчана. Яму пагражае крызіс святарскай тоеснасці.

З іншага ж боку, як вядома, ёсць сакрамэнтальна-анталагічнае разуменне святарства, якое не адмаўляе святарства як служэння, але вучыць, што яно ўкараняецца ў быце таго, хто выконвае служэнне. Пад бытам тут маецца на ўвазе не што іншае як сам сакрамэнт пасвячэння, які складаецца з трох ступеняў: біскупства, прэзбітэрату і дыяканату.
Заўсёды актуальнае Евангелле звяртае ўвагу на тое, што Езус пасылае апосталаў абвяшчаць Евангелле і дае ім моц выганяць злых духаў (пар. Мк 16, 15–17). Таму абвяшчэнне і моц — гэта значыць слова і сакрамэнт — з’яўляюцца дзвюма калонамі служэння святара. Трэцяй калонай з’яўляецца евангельскае сведчанне. Таму трэба спытаць саміх сябе, ці мы сапраўды прасякнуты словам Божым? Ці з’яўляецца яно для нас ежай, якою мы кормімся? Ці сапраўды яго ведаем? Ці кахаем яго? Ці клапоцімся аб ім, каб яно адлюстроўвалася ў нашым жыцці і фармавала нашае мысленне? Ці мы сапраўды цэлебруем сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, з пачуццём таго, што чынім гэта «in persona Christi» — моцаю Езуса Хрыста, прыпадабняючы сябе да Яго, і з’ўляемся ўдзельнікамі Яго пасвячэння? Ці стараемся па прыкладу Хрыста служыць іншым (пар. Мц 20, 28)?

Калі не браць пад увагу сувязь святарскага пасвячэння з місіяй, то вельмі цяжка зразумець тоеснасць святара і яго служэння ў Касцёле. Кім з’яўляецца святар, як не адноўленым Святым Духам чалавекам, які жыве ў сталым асабістым кантакце з Хрыстом, прысвойваючы сабе Ягоныя Евангельскія крытэрыі? Кім, як не паяднаным з Богам і Ягонай праўдай, свядомы сваіх абмежаванняў і адначасова велічы атрыманага паклікання абвяшчаць Валадарства Божае да межаў Зямлі, моцай Хрыста цэлебраваць сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, і ў любові збіраць хрысціянскую супольнасць?

Сапраўды так! Святар –— гэта чалавек поўны Бога, бо Ён паклікаў яго і ўстанавіў для апостальскага служэння. Святар з людзей выбраны, для людзей прызначаны ў справах Божых (пар. Гбр 5, 1). У гэтых словах заключаецца нашае паходжанне — з людзей, нашае прызначэнне — людзям, і нашы абавязкі — весці людзей да Бога.

Езус Хрыстус сёння кажа нам, святарам: «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. … Хто слухае вас, Мяне слухае» (пар. Ян 17, 18; Лк 10, 16).

Удумаемся толькі: які вялікі святар!

Сапраўды, святар займае месца Бога і дзейнічае Ягонай сілай. Ён «Аlter Christus» — «Другі Хрыстус».

Святар не кажа «Бог адпускае табе грахі», але «Я адпускаю».

Святар не кажа падчас кансэкрацыі «Гэта цела Хрыста», але «Гэта маё цела».

Святар дае нам усё — духоўныя радасці, ласкі і нябесныя дары.

Святар прымае душу чалавека, калі яна прыходзіць на свет, корміць яе і ўзмацняе ў зямной пілігрымцы.

Святар падрыхтоўвае душу чалавека на сустрэчу з Богам пасля смерці.

Святар не з’яўляецца святаром для сябе. Ён не можа адпусціць сабе грахоў. Ён не сакрамэнт для сябе. Ён — для людзей.

7. Таму Год святарства павінен стаць благаслаўлёным часам ласкі і малітвы для нашага асабістага асвячэння, выканання нашай місіі і новых пакліканняў паводле думкі Хрыста: маліце Пана жніва, каб паслаў працаўнікоў на сваё жніво (пар. Мц  9, 38).

Гэта час вяртання да крыніцы нашага паклікання да святарства, які павінен быць скіраваны да ўзрастання ў імкненні да духоўнай дасканаласці і да новага адкрыцця радасці служэння.

Святар служыць людзям у Хрысце, праз Хрыста і з Хрыстом. У сілу таго, што святар належыць да Хрыста, ён можа цалкам прысвяціць сябе служэнню людзям. Ён — служыцель іх збаўлення, шчасця і свабоды дзяцей Божых. Святар узрастае ў гэтым паслядоўным прыняцці волі Божай на малітве і ў адзінстве з Ім.

Святы Ян Віянэй часта са слязамі на вачах паўтараў: «Як страшна быць святаром!». І дадаваў: «Божа мой, якое спачуванне выклікае святар, для якога цэлебрацыя Імшы становіцца чымсьці вельмі прывычным! Наколькі нешчаслівы святар, які не мае духоўнага жыцця!».

Праблема паспяховага выканання вельмі вялікіх і адказных заданняў у час нарастаючай секулярызацыі, маральнага рэлятывізму і імкнення да абсалютнай свабоды да ўсяго і ад усяго ў нашым вельмі складаным свеце ставіць нас, святароў, перад наступнымі ці падобнымі пытаннямі:
— якім павінен быць святар, каб сёння ён мог несці свету Бога?
— як дасягнуць такога ўзроўню, каб, любячы гэты свет і яго славу, не дазволіць яму паглынуць сябе?
— як быць падобнымі да гэтага свету і адначасова адрознівацца ад яго?
— як, будучы ў свеце, сведчыць, што Бог ёсць адзіным Абсалютам?

На гэтыя пытанні найлепшы адказ дае св. Апостал Павел, які кажа: «Я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага» (1 Кар 2, 2), і «З ласкі Божай з’яўляюся тым, чым з’яўляюся» (1 Кар 15, 10).

Таму заданні, якія стаяць перад сучасным Касцёлам, могуць быць выкананы толькі праз духоўна адноўленых і ўмацаваных людзей, у першую чаргу — святароў. А гэта можа стацца праз малітву, разважанне, літургічнае жыццё, Эўхарыстыю, паяднанне з Богам і людзьмі, дабрачынную дзейнасць.

Што нам неабходна рабіць?

Найперш, праз малітву, медытацыю, Эўхарыстыю, сакрамэнт пакаяння і пакаяння, праз справы міласэрнасці быць блізка Хрыста. Гэта не тэрмін і не азначэнне, але выражэнне патрэбы паглыблення духоўнага жыцця.

Адной з прычын адыходу ад святарства стала тое, што святарства не прасякнула іх даканца і не стала сутнасцю іх існавання, не было шляхам іх жыцця даканца, не было прынята іманентна, не было святарствам паводле выбару, але толькі атрыманым, і пры гэтым без ніякіх высілкаў, дарам. Мы павінны зразумець, што надышла хвіліна, каб усвядоміць: што ў нашым святарстве з’яўляецца дамінуючай каштоўнасцю, а што другараднай, што робіць нас сапраўднымі святарамі, а што толькі чыноўнікамі ад святарства.

Настаў час, каб зрабіць выбар, памятаючы пра тое, што калі хтосьці ўзбіраецца ў гару, то не глядзіць па баках, або калі хтосьці прадаў каня, то не патрабуе ўжо сядла. Вялікай справе святарскага служэння трэба аддаць усё сваё сэрца. Будуючы Касцёл, найперш у сваіх сэрцах, трэба будаваць яго ў сэрцах іншых людзей. Таму трэба быць чалавечным у адносінах да людзей. Не панаваць, але па прыкладу Хрыста служыць усім (пар. Мц 20, 28). Трэба любіць Касцёл. Не той, што без памылак і граху, не той, што без Галавы-Хрыста, без маральных нормаў і догматаў, якога так дамагаецца сучасны свет, але той, сучасны, такі, які ён ёсць — з яго праблемамі, святымі і грэшнікамі. Гэта павінна стаць нашым КРЭДА!

8. Дарагія браты ў святарстве!
Хрыстус разлічвае на нас. Па прыкладу св. Яна Віянэя дазволім быць здабытымі Ім, бо толькі тады мы зможам стаць пасланцамі надзеі, прымірэння і супакою!

Няхай Год святарства і ласка нашай сённяшняй, першай агульнабеларускай сустрэчы святароў, дапамогуць нам прыпадабняцца да Першасвятара Езуса Хрыста, каб Ён узрастаў у нас сваёю ласкаю. Прыклад жа святога апекуна з Арс праз заступніцтва Марыі, Маці святароў, няхай дапаможа і натхніць нас быць святарамі паводле Сэрца Езуса і адчуваць адказнасць за нашу місію, якая ёсць знакам прысутнасці бязмежнай Божай міласэрнасці, у якой знаходзіцца адзіная надзея свету.

А ты, верны народ Божы, з удзячнасцю прымай святароў, якія з цябе ўзятыя і табе служаць (пар. Гбр 5, 1). Прымай і падтрымлівай іх сваёй малітвай, каб мы ўсе разам, прызнаючы першынство Божай ласкі ў нашым служэнні і жыцці, маглі эфектыўна абвяшчаць вечна жывое і дзейснае слова Божае, абвяшчаць праз прапаведаванне і ўчынкі міласэрнасці, абвяшчаць як задатак нашай веры і збаўлення, і каб праз яго маглі пазнаваць любоў у праўдзе як асноўную і вядучую сілу развіцця кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва, — як навучае Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы «Caritas in veritate» («Любоў у праўдзе»). Каб цэлебруючы сакрамэнты, яны асвячаліся самі і асвячалі іншых, бо, як кажа благаслаўлёны Папа Ян XXIII, «Святар, жывучы Кнігай і Келіхам, захоўвае непарушным сваё святарства ажно да дня Езуса Хрыста».

Езу Хрыстэ, Першасвятар і наш Збаўца, будзь міласэрны да нас. Праз святкаванне Года святарства дай нам ласку вытрываць у нашым пакліканні, годна выканаць нашы абавязкі і прынесці багаты духоўны плён (пар. Ян 16, 16) на хвалу Богу, а таксама дай нам ласку збаўлення — нашага і людзей, да якіх мы пасланыя. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі