Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія святога Яна Марыі Віянэя аб збаўленні |
2009 год аб’яўлены ў Каталіцкім Касцёле Годам святарства ў гонар святога Яна Марыі Віянэя. Гэты ксёндз з французскай вёскі Арс быў абвешчаны Касцёлам прыкладам і апекуном усіх святароў. Ян Віянэй прысвячаў шмат часу адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і доўгімі гадзінамі спавядаў. Кожную нядзелю ў Арс з’язджаліся людзі з усёй Францыі, каб паслухаць яго гаміліі. Прапануем гамілію св. Яна Віянэя, прысвечаную збаўленню. Дзеці мае, як гэта сумна. Тры чвэрці хрысціянаў клапоцяцца толькі аб заспакаенні патрэбаў цела, якое і так неўзабаве згніе ў зямлі, і зусім не думаюць аб патрэбах душы, якая будзе шчасліваю або няшчаснаю праз усю вечнасць. Ім не хапае розуму і здаровай развагі (...). Гэта чалавек, які клапоціцца аб часовых справах, гоніцца за імі, ствараючы пры гэтым вялікі шум, хоча панаваць над усім і лічыць, што з’яўляецца кімсьці. Калі б ён мог, то сказаў бы сонцу: «Пасунься і дазволь мне асвятляць зямлю замест цябе». Прыйдзе час, і ад гэтага пыхлівага чалавека застанецца нічога, акрамя жменькі праху, які па рэках сплыве ў мора. Бачыце, мае дзеці, я часта думаю, што мы падобны на невялікія купы пяску, якія вецер збірае на дарозе і пераварочвае праз хвіліну, каб адразу ж рассыпаць іх. Кожны з нас мае ў сваёй сям’і памерлых і ведае, які прах я маю на ўвазе. Людзі грэшныя кажуць, што занадта цяжка атрымаць збаўленне. Аднак жа няма нічога больш простага: захоўваць Божыя запаведзі і касцёльныя наказы, пазбягаць сямі галоўных грахоў, рабіць дабро, а зла не чыніць — і гэта ўсё! Добрыя хрысціяне, якія працуюць над збаўленнем і клапоцяцца аб заспакаенні патрэбаў сваёй душы, заўсёды шчаслівыя і поўныя супакою. Ужо ў гэтым жыцці яны радуюцца абяцанаму ў будучыні шчасцю. Гэтыя людзі будуць шчаслівыя праз усю вечнасць. Несапраўдныя ж хрысціяне, якія патанаюць у грахах, вартыя жалю: увесь час наракаюць, ходзяць у смутку і робяць з сябе страшна нешчаслівых. Такімі ж будуць праз усю вечнасць. Бачыце розніцу?! Добрым спосабам захавання з’яўляецца чыненне толькі таго, што можна ахвяраваць Богу. Нельга ж Яму ахвяраваць паклёп, абгаворванне іншых, несправядлівасці, злосць, блюзнерствы, нясціпласць, забавы і танцы. (...) Вось бачыце, дзеці, неабходна думаць перш за ўсё пра сваю душу, якая павінна быць збаўлена, і пра вечнасць, якая чакае ўсіх нас. Гэты свет з усімі яго багаццямі, прыемнасцямі і гонарам праміне, але неба і пекла ніколі не перастануць. Будзем памятаць пра гэта! Не ўсе святыя добра пачыналі, але кожны з іх добра скончыў. Мы таксама не пачалі добра нашае жыццё, таму будзем старацца хаця б добра яго завяршыць і далучыцца да святых у небе. Паводле матэрыялаў часопіса «Miłujcie się!»
|
Адноўлена 11.09.2009 20:39 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.