Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч дае каментар сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам
Інтэрв'ю
06.04.2010 19:36

6 красавіка 2010 г. у Мінску адбылася традыцыйная сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. У інтэрв’ю з кіраўніком партала Catholic.by кс. Аляксандрам Амяльчэнем арцыбіскуп даў каментар дадзенай сустрэчы.

— Шаноўны Эксцэленцыя, сёння адбылася Ваша традыцыйная сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі. З чаго яна распачалася?

— Прэзідэнт, убачыўшы партрэт Святога Айца, адзначыў, што вельмі добра памятае сустрэчу з Пантыфікам, які запомніўся яму перш за ўсё як добрызычлівы чалавек. Пры гэтым кіраўнік краіны выказаў занепакоенасць з прычыны нападкаў на Папу, якія правакуюць СМІ. Вядома, што гэтыя нападкі маюць пэўную тэндэнцыю, і гэта праяўленне маральнай хваробы нашага грамадства. На жаль, пад увагу бяруцца неправераныя факты і ў чыйсці адрас скіроўваецца абвінавачванне ў тым, чаго на самой справе не было. Сённяшнія нападкі цалкам беспадстаўныя. І тое, што Прэзідэнт выказаў занепакоенасць, кажа пра яго асабістае стаўленне да гэтага пытання. Касцёл таксама занепакоены гэтым і жадае падтрымаць Папу і перш за ўсё малітваю. Таму, тое, што кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць адносна вышэйадзначаных нападкаў, — гэта сапраўдны знак салідарнасці з Папам.

Трэба адзначыць сам факт нашай сустрэчы, што ўжо стала традыцыяй. Гэта можна назваць знакам пашаны да Каталіцкага Касцёла.

— Я ведаю, што сустрэча не мела фармальнага характару. Падчас яе былі закрануты практычныя пытанні, якія датычылі адносінаў Касцёла і дзяржавы, а таксама актуальныя праблемы, з якімі сутыкаецца Каталіцкі Касцёл у Беларусі.

Так, падчас сустрэчы ў асноўным уздымаліся пытанні адносна будаўніцтва новых храмаў, дазволаў на будаўніцтва, а таксама адносна будаўніцтва новай курыі. Шмат пытанняў ужо вырашана. На пэўны момант сустрэчы былі запрошаны Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка і выканваючы абавязкі старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, каб адразу ж на месцы абмеркаваць пэўныя праблемы. Думаю, што гэта дапаможа ў будаўніцтве новых храмаў і касцёльных аб’ектаў.

Вялікую ўвагу мы надалі развіццю міжхрысціянскіх адносінаў. Было падкрэслена, што сёння яны знаходзяцца на адпаведна высокім узроўні, асабліва з Праваслаўнай Царквой.

Была закранута праблема секулярызацыі сучаснага грамадства, падкрэслівалася неабходнасць адказу на сучасныя выклікі і пры гэтым быў падкрэслены экуменічны аспект у вырашэнні падобных пытанняў. Гэта патрабуе супольных намаганняў.

— Ці ўздымалася пытанне наконт лёсу касцёла і кляштара бернардынаў у Мінску?

— Адносна касцёла святога Юзафа было дадзена даручэнне яшчэ раз разгледзець гэтае пытанне, бо я выказаў занепакоенасць, як рабіў гэта ўжо неаднойчы, тым, што ў месцы, дзе ўзносіліся малітвы да Бога, плануецца пабудаваць гасцініцу, што зусім не адпавядае мэтам гэтага будынку.

— Ці абмяркоўвалася падчас сустрэчы пытанне дамовы паміж Дзяржавай Ватыкан і Беларуссю?

— Пытанне адносна падпісання дамовы паміж Дзяржавай Ватыкан і Беларуссю з Прэзідэнтам не абмяркоўвалася. Аднак я хачу сказаць, што на сённяшні дзень вядзецца інтэнсіўная праца па падрыхтоўцы гэтай дамовы. Мы ў гэтай справе — трэці бок, хоць, безумоўна, Канферэнцыя Біскупаў і выказвае сваё меркаванне. Аднак тут два бакі — Ватыкан і Рэспубліка Беларусь. Паміж імі будзе падпісана гэта дамова. Безумоўна, хочацца, каб работа над гэтым была як найхутчэй завершана і адбылося падпісанне дамовы. Гэтая дамова неабходна нам для падпісання разнастайных іншых пагадненняў з рознымі ведамствамі і міністэрствамі. Гэта аптымізуе дзейнасць Каталіцкага Касцёла.

— Дзякуем за размову.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.