Розныя краіны і розныя канфесіі. Але ўсе разумеюць адно аднаго, бо
размаўляюць на адзінай мове — мове хрысціянскай кінематаграфіі. Учора, 7
верасня 2010 г., Мінск сустрэў удзельнікаў і гасцей VI Фестывалю
хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач «Magnificat-2010».
Напрыканцы першага дня фестывалю, адкрыццё якога ўпершыню адбылося ў сталіцы Беларусі, здзіўлялі напоўненыя радасцю вочы арганізатараў і гледачоў, якія ўжо крыху пачырванелі ад стомленасці. І не дзіўна, бо «падобныя фестывалі і падобныя фільмы прымушаюць людзей не проста глядзець, але задумвацца над тым, што яны бачаць і ўспрымаюць», — сцвярджае Элізабета Ластана, удзельніца фестывалю, рэжысёр буйнейшай італьянскай тэлекампаніі «RAI».
Першы дзень фестывалю мінуў. Сёння яго ўдзельнікі накіруюцца ў Глыбокае, а пасля — у Удзела і Мосар — традыцыйныя месцы правядзення гэтага культурнага мерапрыемства. Пра вынікі першага дня, а таксама пра асаблівасці сёлетняга фестывалю мы запыталіся ў яго старшыні — Юрыя Гарулёва.
(2Мб)
— Якімі асаблівасцямі адзначаецца сёлетні фестываль «Magnificat», акрамя таго, што ён распачаўся ў Мінску?
— Гэта такая асаблівасць, пра якую нельга не гаварыць. Я сам адчуваю, што гэта сапраўды новы «Magnificat», бо бачу нашых гасцей, напоўненых шчасцем і радасцю ад таго, што яны ўбачылі Мінск. Думаю, вялікі плюс фестывалю, што замежным гасцям мы паказалі Мінск. А па-другое, сёлета іншы конкурс, вышэйшы па творчых асаблівасцях і па сваім узроўні.
— Які мінскі глядач? Ці апраўдаліся вашыя чаканні, звязаныя з распачаццем фестывалю менавіта ў Мінску?
— Так, чаканні апраўдаліся. Сёння да мяне падыходзіў хлопец, які казаў: «вы ад’язджаеце ў Глыбокае, а дзе нам паглядзець гэтыя фільмы, якія пазначаны ў праграме?» Будзе рэха фестывалю, і мы абавязкова пакажам гэтыя карціны. На наступным перапынку гэты хлопец ізноў падышоў і запытаў: «Дык калі ж будзе рэха фестывалю?» Для нас вельмі важна ведаць, што людзі будуць чакаць паказу гэтых фільмаў. На жаль, мы не можам прадаваць конкурсныя працы ў крамах, каб зрабіць іх даступнымі для кожнага, паколькі справа ідзе з аўтарскім правам на карціну. Хоць, безумоўна, гэта фільмы, якія патрэбны многім, асабліва маладым людзям.
— Якіх прац на фестываль дасылаецца больш — дакументальных стужак, тэлеперадач? Як вы думаеце з чым звязана гэта заканамернасць?
— Фільмаў больш. І звязана гэта з рознымі прычынамі. Адной з іх з’яўляецца стаўленне тэлебачання да мастацкіх прац, якія яны лічаць ўласнай маёмасцю, пры гэтым не лічацца з правам рэжысёра паказаць сваю працу на фестывалі. Рэжысёр становіцца чалавекам, які пасля таго, як зробіць фільм, не мае да яго ніякага дачынення. Думаю, што так не павіна быць, бо рэжысёр — гэта творца, праца якога належыць яго душы.
— Ці можна казаць пра рост папулярнаці фестывалю, улічваючы павелічэнне яго ўдзельнікаў?
— Думаю, што можна. Сёлета, напрыклад, пяць рэжысёраў з Італіі даслалі свае стужкі для ўдзелу ў нашым фестывалі. Гэта рэжысёры з той краіны, якая лічыцца самай аўтарытэтнай у сферы хрысціянскага кіно. Калі б мы не былі вядомымі і паважанымі ў свеце, не было б і гэтых фільмаў.
— Як вы ацэньваеце стан сучаснага беларускага хрысціянскага кіно?
— Стан гэты паляпшаецца з кожным днём. Праваслаўнае кіно зрабіла вялікі крок наперад, і сёлета ў фестывалі ўдзельнічаюць некалькі вельмі добрых праваслаўных стужак. Так што паступова мы рухаемся наперад. Я думаю, што з кожным фестывалем гэты ўзровень будзе ўсё вышэй і вышэй.
— Дзякуй за размову!
Ну што ж, мы таксама вельмі верым у гэта. Дзякуй, фестываль, што наведаў Мінск, бо гледачы яшчэ доўга будуць ўзгадваць цябе ў мастацкіх вобразах карцін-удзельніц.