Распачаўся Фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2010» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.09.2010 14:31 |
7 верасня ўжо з самай раніцы сонечная мінская архікатэдра пачала напаўняцца ўдзельнікамі Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2010». Стартам мерапрыемства стала святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Канцэлебравалі літургію Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. На святой Імшы таксама прысутнічалі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў спадар Леанід Гуляка, кіраўнік Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта спадарыня Ала Рабіцава, прадстаўнікі дэлегацыі Глыбоцкага раёна. У гаміліі арцыпастыр нагадаў, што кожны хрысціянін павінен выконваць сваё місійнае заданне — «пазітыўна ўздзейнічаць на свет». Для гэтага ж патрэбна надпрыродная моц, бо гаворка тут ідзе пра хрысціянскія каштоўнасці. «Чалавечыя здольнасці павінны быць узбагачаны Хрыстом і Яго ласкай, каб свет праз нас і нашае жыццё мог сустрэцца з Ім», — дадаў Мітрапаліт. Між іншым, іерарх звяртуў увагу на тое, што сёння многія жывуць нязгодна з хрысціянскім навучаннем, баяцца назваць сябе хрысціянамі пры ўдзеле ў публічнай дзейнасці ці падчас сустрэч з няверуючымі. Праз гэта ўтойванне свайго хрысціянства, як адзначыў арцыбіскуп, «мы здраджваем Хрысту і крыўдзім людзей, якія чакаюць ад нас Божага святла». Мітрапаліт падкрэсліў, што прадстаўнікі хрысціянскіх СМІ самі павінны жыць паводле нормаў хрысціянскай маралі і «не захапляцца паліткарэктнасцю адносна хрысціянскіх каштоўнасцяў». Па словах іерарха, важна, каб яны маглі «распавядаць пра вечныя каштоўнасці, маглі сказаць сучаснаму чалавеку пра сэнс жыцця, адказаць на выклікі часу і хвалюючыя яго пытанні ў адпаведнасці з навучаннем Касцёла, а таксама былі здольныя абараніць каштоўнасці сям’і, несці адказнасць за выхаванне новага пакалення, маральную чысціню, устрыманасць ад перадсужэнскага сексуальнага жыцця». Пасля літургіі адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Прадстаўнікамі дэлегацыі Глыбоцкага раёна, якія прыбылі ў Мінск на адкрыццё фестывалю, было адзначана, што для жыхароў Глыбоччыны «Magnificat» стаў сапраўднай падзеяй, з’явай у культурным і духоўным жыцці, якой яны заўсёды з нецярпеннем чакаюць. «„Magnificat“ — гэта месца сустрэчы людзей, аб’яднаных адной справай, адной ідэяй. Гэта фестываль дабрыні, справядлівасці, аптымізму, мудрасці, веры і надзеі», — было падкрэслена прадстаўніком дэлегацыі Глыбоцкага раёна. На заканчэнне Мітрапаліт падзякаваў прадстаўнікам Праваслаўнай Царквы і іншых хрысціянскіх канфесій, якія прымаюць удзел у фестывалі. Іерарх выказаў надзею, што гэтае мерапрыемства, якое накіравана на перадаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў, стане сапраўдным праслаўленнем Бога. |
Фотарэпартаж |