Кс. Анджэй Капроўскі: Ватыканскае радыё можа дапамагчы беларускаму грамадству адкрыць сваё культурнае багацце |
Інтэрв'ю |
27.06.2011 13:00 |
17–22 чэрвеня 2011 г. з візітам у Беларусі знаходзіўся намеснік Генеральнага дырэктара Ватыканскага радыё кс. Анджэй Капроўскі. Падчас свайго візіту святар сустрэўся з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і стаў госцем некалькіх беларускіх СМІ: інтэрнэт-партала TUT.BY і інфармацыйнага агенцтва «БелаПан». Ксёндз Капроўскі сустрэўся таксама з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі і абмеркаваў планы магчымага супрацоўніцтва. «Я ведаў, што Беларусь, як і Расія, Украіна, Літва, а, у пэўнай ступені, і ўсходняя частка Германіі, шмат пакутавалі ў перыяд атэістычнага савецкага таталітарызму, — адзначыў госць у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. — Касцёл, як супольнасць, пачынае тут сваё адраджэнне амаль „з нуля“». Аднак, дадаў святар, едучы з мінскага аэрапорта ў Віцебск, ён «бачыў вельмі добрыя дарогі і дагледжаныя дамы», і такая дагледжанасць «сведчыць аб увазе насельніцтва да сваёй краіны». «У Мінску я ўбачыў актыўную прысутнасць вернікаў у грамадскім жыцці. У Віцебску я таксама назіраў вельмі актыўных вернікаў, асабліва моладзь», — падзяліўся ўражаннямі госць. «Сваім візітам у Беларусь я хацеў падзякаваць беларускім калегам за іх удзел, а таксама выкарыстаць яго як магчымасць паразважаць разам аб тым, што мы можам рабіць як грамадскае радыё, — працягваў кс. Капроўскі, кажучы аб сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх СМІ. — Таму што Ватыканскае радыё — гэта таксама радыё, якое служыць грамадству. Я прадставіў розныя аспекты дзейнасці Ватыканскага радыё, асабліва для Афрыкі: нашу інтэрнэт-старонку www.africanews.it на пяці мовах, а таксама розныя рубрыкі, якія мне здаюцца даволі цікавымі. Кожны тыдзень мы сустракаемся з супрацоўнікамі афрыканскіх рэдакцый і выбіраем актуальныя тэматыкі для гэтых рубрык. Мне здаецца, гэтыя рэчы могуць быць цікавыя таксама іншым радыёстанцыям, таксама і свецкім. Я ўжо прадстаўляў гэтыя праекты ў Лондане, Жэневе, падчас сустрэч Еўрапейскага вяшчальнага саюза, таксама распавёў аб іх у Мінску». |