Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз Юзаф Клёх: каталіцкія СМІ не павінны пазбягаць ніякіх тэм
Інтэрв'ю
17.08.2012 10:52

Адным са спікераў кангрэса каталіцкіх СМІ ў Гродне, які адбудзецца 24–26 жніўня, стане кс. доктар Юзаф Клёх, прэс-сакратар епіскапату Польшчы. З ім мы вырашылі паразмаўляць пра развіццё, ролю каталіцкіх СМІ Польшчы і іншых краін, а таксама іх недахопы і праблемы.

— Каталіцкія сродкі масавай інфармацыі ў Польшчы вельмі развіты, маюць багатую гісторыю і, напэўна, прыносяць ужо вялікі плён у справе евангелізацыі. Ксёндз Юзаф, акрэсліце, калі ласка, у некалькіх словах, у якім святле Каталіцкі Касцёл у Польшчы прадстаўлены сёння ў масс-медыя.

— Найлепшую пазіцыю сярод касцёльных СМІ Польшчы займаюць штотыднёвікі, асабліва «Gość Niedzielny», а таксама інтэрнэт-старонкі, з якіх перш за ўсё вылучаецца www.opoka.org.pl. Радыё Марыя мае найбольш моцную пазіцыю сярод рэлігійных радыёстанцый, большыя шансы будзе мець і тэлебачанне «TV Trwam», калі знойдзе сябе ў лічбавым мультыплексе.

Польскія каталіцкія медыя не пазбягаюць ніякіх тэм, таксама і складаных, напрыклад, тэма сувязі ў мінулым некаторых духоўных асоб са службай бяспекі, а цяпер праблемы педафіліі ў Касцёле. З пашанай і аб’ектыўна апісваюць гэтыя праблемы, дадаючы статыстычныя даныя і факты, што вельмі істотна. Пры гэтым каталіцкія медыя спасылаюцца на навучанне Апостальскай Сталіцы.

Інакш, на жаль, у большасці свецкіх СМІ. Там справа ідзе перш за ўсё пра ўзровень праглядаў ці праслухоўванняў ці ўзровень прадаж і колькасць чытачоў. Важная не праўда, а сенсацыя. Больш аб’ектыўна прадстаўляюць сітуацыю Касцёла такія свецкія часопісы, як «Rzeczpospolita» і звязаны з ім тыднёвік «Uważam Rze».

— Інфармаванне — гэта адно з заданняў СМІ. Што прапануюць каталіцкія мас-медыя Польшчы?

— Інфармацыя з’яўляецца істотнай часткай развіцця сучаснага чалавека. Яго мысленне ў значнай меры залежыць ад таго, аб чым даведваецца з прэсы, радыё, тэлебачання і інтэрнэт-старонак — таксама і пра Касцёл. Таму такая важная на польскім медыя-рынку праца каталіцкіх інфармацыйных агенцтваў (нп. «КАІ»). У Польшчы каталіцкія СМІ кажуць пра тое, што адбываецца ў Ватыкане, Касцёле Паўсюдным і лакальным, а таксама ўвогуле ў свеце. Таксама ў палітыцы ці эканоміцы. Заўсёды, аднак, апісваюць рэчаіснасць ў святле Евангелля. Гэта дазваляе лепш зразумець штодзённасць не толькі католікам.

— XXI ст. — час Web 2.0. Грамадства бярэ ўдзел ў фарміраванні зместу, СМІ сацыялізуюцца. Як выглядае гэтая тэндэнцыя ў вашай краіне?

— У Польшчы вельмі папулярны Facebook i YouTube, шмат інтэрнаўтаў карыстаюцца твітэрам ці вікіпедыяй. Інтэрнэт-старонкі, якія ствараюцца грамадскасцю, з’яўляюцца сёння ўвогуле ўлюбёнай прыладай, асабліва маладых людзей. Наколькі выкарыстоўвае гэтыя магчымасці Касцёл? На маю думку, занадта мала. Наколькі сайты першага тыпу былі выкарыстаны ў супольнасці польскага Касцёла, настолькі шмат пры выкарыстанні Web 2.0 неабходна яшчэ зрабіць.

— Хто працуе ў каталіцкіх СМІ Польшчы? Ці дастатковая колькасць кадраў?

— Справа не толькі ў колькасці, але і ў якасці. У Польшчы няма недахопу журналістаў, у тым ліку каталіцкіх. Але справа ідзе пра як мага лепшую іх адукацыю і веданне навучання Касцёла, а таксама жыццё згодна з асновамі веры. Журналістыка і сацыяльная камунікацыя вывучаюцца ў каталіцкіх навучальных установах і на некаторых папскіх ці тэалагічных спецыяльнасцях і заўсёды ў кантэксце пытанняў, звязаных з Касцёлам. Гэта дае веды і веданне праблемаў, звязаных з рэлігіяй. Але гэтага замала, неабходна яшчэ фармаваць журналістаў, як у іх чалавечнасці, так і ў іх пакліканні быць хрысціянамі. Важна, каб вы, нават калі ў Беларусі будзеце мець дастатковую колькасць каталіцкіх журналістаў, не стваралі непатрэбных аднолькавых, аднатыпных СМІ. Аб’ядноўвайце намаганні, кансалідуйцеся! Стварайце медыя, няхай цесна супрацоўнічаюць адно з адным. Кожная дыяцэзія не павінна мець уласнае радыё. Дастаткова аднаго СМІ, але моцнага. Вучыцеся на нашых памылках.

— Ці праводзіцца рэгулярная праца з журналістамі?

— Фармацыйная праца з асобамі СМІ праводзіцца лакальна і, як паказвае вопыт, свая кашуля бліжэй да цела. У той жа час журналісцкія курсы найлепш атрымліваюцца ў агульнацыянальных групах. У такіх выпадках прасцей з добрымі выкладчыкамі.

— Чаго сёння, на вашу думку, не хапае ў нашых каталіцкіх медыя, а што б трэба было зрабіць, каб іх удасканаліць, каб станавіліся больш прывабнымі і таксама фармавалі грамадства?

— Нашыя медыя патрабуюць дзвюх рэчаў — прафесіяналізму і выразных каталіцкіх рысаў. СМІ кіруюць пэўныя правілы, прынцыпы. Калі яны сцвярджаюць, што інтэрв’ю не павінна быць даўжэй за 7 хвілін, то не трэба перавышаць гэтага часу. Чаму? Бо ніхто ці амаль ніхто не будзе слухаць такую радыёстанцыю. Таму патрэбны добры майстар-клас для журналістаў, гэта па-першае. А па-другое, што можа дзіўна прагучаць, але карыстаюся польскімі даследаваннямі — медыя павінны мець ясна акрэсленую праграмную лінію, звязаную з каталіцызмам. Мы павінны дапамагчы чытачам у будаванні іх веры. Пасля ўжо навучанне, публіцыстыка і каментарыі павінны быць адназначнымі. Але гэта зусім не азначае, што нуднымі.

— Рыхтуемся да Года веры, таму перад каталіцкімі СМІ стаяць вялікія выклікі. Якім чынам медыя могуць дапамагчы чалавеку ў вяртанні да хрысціянства, умацаванні ў веры?

— На мой погляд, тут важна сведчанне жыцця — ад постацяў з Бібліі да звычайных асоб. Нішто так не пераконвае, як канкрэтныя прыклады, перажыванні, узоры да наследавання, гісторыі з жыцця. А іх вы маеце шмат вакол, трэба толькі іх знайсці. Сярод нас шмат людзей, якія пераадолелі праблемы, асоб, жыццёвае сведчанне якіх вельмі каштоўнае.

Прыгадаем Аўгустына з Гіпоны — ён развіваўся ў памылковай навуцы, яго жыццё выглядала па-рознаму. Але меў побач салідных людзей, у тым ліку сваю маці, Моніку. І ў рэшце рэшт ён сам сказаў сабе: «так шмат людзей магло навярнуцца, чаму б і ты не мог, Аўгустын?» І навярнуўся. А цяпер мы ўшаноўваем св. Аўгустына і св. Моніку, якая гадамі малілася аб навяртанні сына. Сведчанне веры, гісторыі з жыцця маюць незвычайную моц — пра іх і трэба казаць у Год веры.

— Прашу скіраваць некалькі слоў, а таксама пажаданні католікам-журналістам.

— Усім журналістам жадаю цудоўных помыслаў, прафесіяналізму і шмат веры!

 Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.