Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв’ю з новапрызначаным рэгіянальным настаяцелем рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага |
Інтэрв'ю |
24.09.2013 16:06 |
Ужо каля двух месяцаў як кс. Віктар Гайдукевіч SDB прызначаны рэгіянальным настаяцелем рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага. Пра новую пасаду, спалучэнне яе з іншымі абавязкамі і пра свае планы святар распавёў у інтэрв’ю Catholic.by.
— Ксёндз Віктар, Вы сталі новым рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства, зарэгістраванага ў Беларусі як рэлігійная каталіцкай місія св. Францішка Сальскага. Іншымі словамі, настаяцелем беларускіх салезіянаў. Як адчуванні? — У першую чаргу — адказнасць. Да гэтага часу мы, салезіяне ў Беларусі, былі часткай адной вялікай структуры пад назвай «Усходняя акруга» з цэнтрам у Маскве. Сёння мы — самастойная структура, якая існуе аўтаномна. Адчуваецца таксама гонар і радасць ад таго, што на беларускай зямлі мы самі маем магчымасць працягваць распаўсюджванне харызмы і духу нашага заснавальніка св. Яна Боско на карысць моладзі. За ўсё ў адказе мы самі, салезіяне Беларусі. Я таксама ўскладваю вялікую надзею на тое, што з Божай дапамогай і пад апекай св. Яна Боско мы, яго духоўныя сыны, зможам супрацьстаяць выклікам часу і даць сваёй працай, працай у духу св. Яна Боско, годны і неабходны адказ на патрэбы сучаснай моладзі дзеля выратавання іх душаў. — Колькі субратоў належыць сёння да рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі і дзе працуюць браты салезіяне? — На сёння да салезіянскай дэлегатуры ў Беларусі належыць 21 субрат. 15 з іх працуюць у дзесяці парафіях і моладзевых цэнтрах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі. 5 маладых субратоў знаходзяцца на этапе пачатковай і філасофска-тэалагічнай падрыхтоўкі. Адзін субрат з Беларусі працуе на місіях у Афрыцы. — Якія цяжкасці Вы бачыце сёння ў працы місіі св. Францішка Сальскага? — Наша місія, таксама як і многія іншыя манаскія ордэны і кангрэгацыі, сутыкаецца з цяжкасцямі сучаснасці, якія дастаткова шматгранныя. Гэта і недахоп кандыдатаў да святарства і саміх святароў для працы з моладдзю, а таксама недахоп сродкаў для будаўніцтва араторыяў, г.зн. месцаў сустрэчы для моладзі. Сеня, нягледзячы на цяжкасці, мы ўсё ж стараемся развіваць сваю прысутнасць і ствараць неабходны асяродак для сустрэчы з моладдзю. Добрым прыкладам для гэтага з’яўляецца будаўніцтва комплекса ў салезіянскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў мікрараёне Серабранка ў Мінску. Дзякуючы ахвяраванням нашых парафіянаў, хоць і не надта хутка, але нам удаецца ўзводзіць святыню ў гонар нашага заснавальніка святога Яна Боско, а таксама прылеглыя да яго пабудовы (такія як араторый, тэатральная зала і іншыя памяшканні, неабходныя для працы ў духу св. Яна Боско). Мы вельмі спадзяёмся, што людзі добрай волі зацікавяцца нашым праектам і дапамогуць нам у хуткай будучыні завяршыць будаўніцтва і святыні, і памяшканняў для моладзі. Паказальным прыкладам нашай прысутнасці і працы ў духу св. Яна Боско з’яўляецца салезіянская супольнасць у Смаргоні. У Бараўлянах ідзе завяршэнне будаўніцтва моладзевага цэнтра, дзе таксама ўжо добра наладжана праца з дзецьмі і моладдзю. Не менш важным з’яўляецца для нас служэнне ў Дзятлаве. — Да прызначэння на новую пасаду Вы спаўнялі абавязкі вікарыя ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, віцэ-афіцыяла мітрапалітальнага суда ў Мінску і дырэктара Нацыянальнага Карытас у Беларусі. Як плануеце спалучаць гэтыя абавязкі з новай функцыяй? — Дзякуй за пытанне. Так, безумоўна, гэта будзе цяжка. Аднак я з надзеяй і здаровым аптымізмам гляджу ў будучыню. Я лічу, што галоўным аргументам у гэтым будзе не проста займаць месца ў кіруючай пасадзе, а здзяйсняць эфектыўную працу на карысць бліжняга. Не варта таксама забывацца, што ва ўсіх пералічаных сферах дзейнасці я працую не адзін. Паўсюль патрэбныя добрыя людзі, у якіх заўсёды можна быць упэўненым і яны ёсць: пачынаючы ад маіх субратоў салезіянаў у мінскай супольнасці, і да цудоўнай каманды ў Нацыянальным офісе «Карытас». Я думаю, што на гэты конт неабходна будзе правесці шэраг сустрэчаў з нашым кіраўніцтвам і прыняць правільнае рашэнне. — Якія прыярытэты ставіце ў сваёй працы ў пачатку кадэнцыі? — Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас перэгрынацыі рэліквій св. Яна Боско ў Смаргоні сказаў, што сёння мы патрэбныя ў Беларусі менавіта як салезіяне з нашай харызмай. Гэта гучыць для нас як заклік да дзеяння і як праграма на будучыню. Таму галоўнымі прыярытэтамі для мяне з’яўляюцца абнаўленне салезіянскай харызмы і ўзнаўленне салезіянскага стылю жыцця і працы ў салезіянскіх парафіях і супольнасцях у Беларусі. Наша салезіянская дзейнасць на тэрыторыі Беларусі мае патрэбу ў новай стратэгіі і рэструктурызацыі, а гэта азначае пераасэнсаванне сфер нашай папярэдняй дзейнасці, правядзенне неабходных унутраных змяненняў, а таксама ўнясенне адказнасці ўнутры супольнасці адзін за аднаго і за агульную справу, дзейнасць на карысць дзяцей і моладзі. Па-ранейшаму прыярытэтнай місіяй нашай арганізацыі з’яўляецца праца з моладдзю, у аснову якой пакладзена малітва і «прэвентыўная сістэма выхавання», якая ўключае ў сябе методыку прысутнасці, арганізацыю сустрэч і працы для моладзі, супольнасць, мадэль араторыя (месца сустрэч, гульняў і малітвы). Ведаючы знакі часу, бачачы патрэбы маладых людзей, важна таксама прадумаць мэтазгоднасць некаторай салезіянскай прысутнасці, а таксама неабходнасць заснавання новых салезіянскіх супольнасцяў, асабліва ў вялікіх гарадах, куды ў асноўным і з’язджае моладзь з вёсак. — Пачынаючы новую справу, аб чым бы Вы папрасілі ў кс. Боско? — Салезіянская прысутнасць мае багатую гісторыю. Мы нічога новага не адкрываем, мы працягваем пачатую нашымі субратамі даўным-даўно справу кс. Боско: пачынаючы ад вялікай і вельмі вядомай салезіянскай школы ў Дварцы, праз служэнне ў няпросты час атэізацыі і камунізму ў Ракаве, Наваельні, Дзятлаве і іншых месцах, затым падчас вяртання свабоды веравызнання і да нашых дзён, адданае і ахвярнае служэнне субратоў салезіянаў на беларускай зямлі ў нашай харызме. Узгадваючы ўсё гэта, я хачу выказаць падзяку нашаму айцу і заснавальніку св. Яну Боско за ўкараненне харызмы і сапраўды, як бы сціпла гэта ні гучала, багаты плён вялікай колькасці адрасатаў нашага служэння. А таксама маліць яго, каб ён ніколі не пакідаў, але шчодра выпрошваў у Бога патрэбныя ласкі для нас — ласкі ў працы з моладдзю. Падрыхтаваў Ілья Лапато Даведка: Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB нарадзіўся 21 чэрвеня 1978 года ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы быў прыняты ў навіцыят у п. Акцябрскі (Расія) і ў 1996 годзе склаў першыя шлюбы. У 1998 годзе скончыў курс філасофіі ў Вышэйшай салезіянскай духоўнай семінарыі ў Кракаве (Польшча). З 1998 па 2000 гг. праходзіў выхаваўчую практыку ў інтэрнаце для дзяцей і моладзі ў Рэгенсбургу (Германія). У 2003-м скончыў курс тэалогіі ў салезіянскім універсітэце ў Бэнэдыктбойерне (Германія), у 2007-м абараніў ліцэнцыят па кананічным праве ў Дзяржаўным універсітэце імя Людвіга Максімільяна ў Мюнхене (Германія), дзе ў тым жа годзе пачаў пісаць дактарат. Прэзбітэрскае пасвячэнне ён атрымаў 2 верасня 2006 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. З 2008 г. — дырэктар Салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарый парафіі Святога Яна Хрысціцеля. З 2009 г . — дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства Нацыянальны Карытас Беларусі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. З 2013 г. — віцэ-афіцыял у міждыяцэзіяльным судзе ў Мінску. 1 жніўня 2013 года Генеральны настаяцель Паскваль Чавес Вжлавэнуэва пацвердзіў кандыдатуру кс. Віктара Гайдукевіча SDB на рэгіянальнага настаяцеля рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.