Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нататкі місіянера: «Тут, у Афрыцы, я ўмацаваў сваю веру»
Інтэрв'ю
19.10.2012 10:43
Беларус Сяргей Гоман — святар-місіянер з Таварыства cв. Яна Боска. Вось ужо 11 гадоў ён працуе на місіях ў Афрыцы. Напярэдадні Сусветнага дня місій і распачацця Тыдня малітваў у інтэнцыі місій — 21 кастрычніка, карэспандэнт Catholic.by распытаў у манаха-салезіяніна пра тое, як ён апынуўся ў С’ера-Леонэ і ў якіх умовах жыве ў Афрыцы. 
 
«Я доўга думаў і маліўся»: рашэнне стаць місіянерам
 
— Я ніколі не думаў, што стану святаром, тым больш салезіянскім місіянерам. У 1998-м годзе ўжо пасля навіцыяту, я заканчваў курс філасофіі ў Пецярбургскай семінарыі. Блізіўся Юбілейны 2000-ны год у гісторыі Касцёла. Прыблізна ў той жа час генеральны настаяцель ордэна салезіянаў звярнуўся да кожнай з інспекторый ва ўсім свеце з просьбай накіраваць у юбілейны год хрысціянства хаця б аднаго манаха на місіі. 
 
Я доўга думаў і маліўся. А праз два тыдні сказаў інспектару, што пагаджаюся ехаць на місіі. Напісаў прашэнне генеральнаму настаяцелю. У той час я праходзіў сваю першую асістэнцыю ў маскоўскай катэдры і чакаў адказу з генеральнага дома.
 
У чаканні місій: адзін з чуллівых момантаў жыцця
 
— Я ніколі не хацеў ехаць у Афрыку (усміхаецца — Аўт.). Калі я пісаў прашэнне генеральнаму настаяцелю, то ў канцы папрасіў па магчымасці не высылаць мяне ў спякотную краіну. 
 
Калі шчыра, я хацеў бы паехаць у Манголію або Азербайджан. Або ў Ірак. Місіянеры ў таварыстве салезіянаў звычайна не выбіраюць краіну. Генеральны настаяцель ведае патрэбы місіі і вырашае сам, куды накіраваць місіянера. Я атрымаў пацвярджэнне, што паеду ў Гану. Мяне гэта не вельмі ўзрадавала, але я пагадзіўся. Спачатку я паехаў у Ірландыю на курс англійскай мовы. Затым былі місіянерскія курсы ў Італіі, пасля заканчэння якіх мне быў уручаны місіянерскі крыж. Я атрымаў магчымасць прысутнічаць на аўдыенцыі з Папам Рымскім, а таксама паглядзець месцы, дзе нарадзіўся, жыў і працаваў святы Ян Боска — заснавальнік нашай салезіянскай супольнасці. Гэта быў вельмі духоўны і чуллівы момант у маім жыцці. Ехаць у Афрыку я ўжо не баяўся.
 
«За тры месяцы я схуднеў на 12 кг»: місіі ў Гане
 
— 2001 год. 11 верасня. Усе ведаюць гэты дзень, як дзень атак на Амерыку. Для мяне гэты дзень стаў выездам з Ірландыі ў Гану (Афрыка). Афрыка пасля Еўропы — спачатку быў вялікі шок. Іншая культура. А дом, у якім я жыў, знаходзіўся пасярод вялікага поля. Само поле выкарыстоўвалася як грамадская прыбіральня. Таму маё акно заўсёды было закрыта — па начах даводзілася пацець. За тры месяца я схуднеў на 12 кілаграм.
 
У Гане я працаваў два гады: быў адказным за моладзевы цэнтр, а таксама выкладаў матэматыку ў школе. Здараліся невялікія праблемы — я нават хацеў выехаць з Афрыкі дадому. Але пасля зразумеў настаўленні майго духоўнага настаўніка ў Ірландыі — ён казаў не рабіць ніякіх вывадаў адразу, а даць сабе час, каб эмоцыі супакоіліся. Я пачакаў два тыдні і ўсё неяк уляглося. Я вельмі рады, што не выехаў з Ганы.
 
«Тут не саромеюцца прасіць грошы». Людзі і мовы С’ера-Леонэ
 
— У С’ера-Леонэ я ўжо 5 гадоў, працую ў горадзе Лунгі. Можна сказаць, жыву на востраве. Каб паехаць у сталіцу, горад Фрытаўн — у «цывілізацыю», трэба плысці на пароме. Насельніцтва С’ера-Леонэ — каля пяці мільёнаў. У залежнасці ад таго, дзе ты знаходзішся ў С’ера-Леонэ, тут можна пачуць розныя мовы — крыа, мендэ, цімні, сусу, некаторыя размаўляюць на англійскай. 
 
За час місій я пабываў у Эфіопіі, Угандзе, Танзаніі, Гане, Кеніі, Нігерыі і С’ера-Леонэ. У гэтых краінах людзі вельмі добрыя, адкрытыя на новыя рэчы (праўда, часам могуць быць агрэсіўнымі, нягледзячы на сяброўства). І яшчэ людзі вельмі прыемныя — заўсёды, калі штосьці незразумела, стараюцца растлумачыць. Хоць часам пасля могуць папрасіць аб дапамозе — тут не саромеюцца прасіць грошы, але калі скажаш, што няма грошай, то людзі не крыўдзяцца.
 
У некаторых краінах, напрыклад, у Нігерыі або ў Гане, людзі цесна звязаны са сваімі племяннымі традыцыямі. Заняткі ў вёсках — гэта, у асноўным, праца ў полі.
 
«Ад інтэрнэта адвыкаеш хутка». Умовы жыцця ў Лунгі
 
— Умовы жыцця тут трошкі іншыя чым у Беларусі (усміхаецца — Аўт.). Напрыклад, электрычнасць ёсць толькі ў сталіцы, аднак не 24 гадзіны ў дзень. У Лунгі, дзе я жыву, электрычнасці няма ўвогуле. У каго ёсць магчымасць купіць генератар, а таксама паліва для яго, той карыстаецца генератарам. У нас ён таксама ёсць, мы ўключаем яго толькі вечарам на дзве гадзіны. 
 
Інтэрнэт тут лічыцца раскошай. Калі шчыра, то да такіх умоў прывыкаеш вельмі хутка. Увогуле, узгадаўшы, у якіх умовах тут жывуць людзі, разумееш, што табе няма на што скардзіцца. Нягледзячы на недахоп электрычнасці і іншых матэрыяльных рэчаў, мы, салезіяне, эфектыўна працуем з 6-7 тысячамі маладых людзей. Гэта натхняе і дае радасць.
 
«Я — з Беларусі, яшчэ ёсць місіянеры з Індыі, ЗША і Нігерыі». Місіянерская праца
 
— Жывём мы вельмі спакойна. Нягледзячы на пасляваенны час, бо вайна тут скончылася восем гадоў таму. Салезіяне ў С’ера-Леонэ працуюць місіянерамі ўжо 25 гадоў. У асноўным гэта былі місіянеры з Амерыкі. Зараз у нас дзве абшчыны. У горадзе Фрытаўн салезіяне займаюцца працай з моладдзю і «дзецьмі вуліц», а таксама ўтрымліваюць парафію. У Лунгі, дзе я зараз знаходжуся, у нас ёсць два моладзевыя цэнтры, тры сярэднія школы, пяць школ для дзяцей (ад 7 да 14 гадоў), якія рыхтуюцца да сярэдняй школы і два дзіцячых садка. Ёсць дом для састарэлых, а таксама дом для кандыдатаў у салезіяне (т.зв. аспірантура).
 
У маёй абшчыне працуюць 4 святара-місіянера. Я — з Беларусі, яшчэ місіянеры з Індыі, ЗША і Нігерыі. З насельніцтвам мы размаўляем на крыа і па-англійску. У школах афіцыйная мова — англійская. Набажэнствы — таксама па-англійску, а вось казанні — на мясцовых мовах: часта пераклады з англійскай робяць катэхеты. І таму нядзельная служба ідзе мінімум дзве гадзіны. На Імшах мы танцуем, выкарыстоўваем барабаны і іншыя шумныя інструменты.
 
У С’ера-Леонэ 60 % насельніцтва — мусульмане, 10 % — прадстаўнікі традыцыйных мясцовых рэлігій. Хрысціяне скадаць 30 % насельніцтва, з якіх толькі 18 працэнтаў — католікі. 
 
Нягледзячы на мусульманскую большасць у рэгіёне, дзе мы жывём, я вельмі задаволены, што тут мусульмане не фанатычныя, як у Нігерыі або Самалі. Скажам, у моладзевым цэнтры перад тым, як распачаць які-небудзь занятак або забаву, усе спачатку моляцца, у тым ліку і мусульмане. Нават ёсць такія людзі, якія раней былі мусульманамі, а зараз — католікі. У мінулым годзе я ахрысціў чатырох мусульман.
 
Частка ІІ: пытанні місіянеру 
 
— Айцец Сяргей, наколькі бяспечна вы адчуваеце сябе ў Афрыцы?
 
— Вельмі часта мне задаюць гэтае пытанне, калі я еду на канікулы ў Беларусь (раблю гэта раз на два гады). Гэта праўда, што ў Афрыцы шмат розных трапічных хваробаў. Я вельмі часта хварэю на малярыю — па чатыры-пяць разоў на год, да гэтага часу на адно вуха я добра не чую. Пры гэтай хваробе трэба прымаць моцныя таблеткі і рабіць уколы, што ў сваю чаргу ўплывае на слых, вочы і печань. 
 
Таксама небяспечна выходзіць вечарам з дому. Але я пастаўлю і перад Вамі пытанне: дзе больш небяспечна быць хрысціянінам? У краіне, дзе вайна, голад і нестабільнасць? Або ў краіне, дзе ўсё ёсць? Мой адказ: вельмі небяспечна быць у той краіне, дзе можна страціць веру. 
 
Скажу вам шчыра — тут, у Афрыцы, сваю веру я ўмацаваў. Людзі тут вельмі веруючыя. Напрыклад, калі я спытаю каго-небудзь, як ён маецца, то адказ будзе «дзякуй Богу, што яшчэ жыву».
 
Сёння ў Еўропе людзі губляюць веру, не ходзяць у святыню. Я думаю, што небяспечна працаваць у той краіне, у якой людзі губляюць веру. Працаваць святаром у такой краіне вельмі небяспечна, бо таксама можна страціць веру. У С’ера-Леонэ моладзь ставіць вельмі шмат пытанняў адносна Бібліі. І часам на некаторыя пытанні даць адказ я не магу. Гэта матывуе да больш частага чытання Бібліі і іншых дакументаў Касцёла. Таму я адчуваю сябе ў Афрыцы бяспечна!
 
— Распавядзіце два словы пра сябе. Адкуль Вы родам, дзе вучыліся...
 
— Я нарадзіўся ў Дзятлаве, Гродзенскай вобласці ў 1978 годзе. Там жа скончыў школу, затым — тэхнічную школу ў Казлоўшчыне (адукацыя — зваршчык-машыніст). 
Адчуў салезіянскае пакліканне. Скончыў навіцыят у Маскве, філасофію ў Пецярбургу, пасля былі практыка і асістэнцыя ў Маскве, курс англійскай мовы ў Ірландыі, практыка і асістэнцыя ў Гане, тэалогія ў Кеніі, святарскае пасвячэнне ў С’ера-Леонэ… Зараз знаходжуся і працую ў С’ера-Леонэ. У Беларусі ў мяне засталіся мама, бабуля і двое братоў. Часта ўзгадваю іх у сваіх малітвах.
 
—  Чым Вы хацелі б займацца далей у сваім манаскім жыцці? 
 
— Пакуль у мяне ёсць здароўе, я буду на місіях. Прашу аб малітве за нас, тых, хто жыве і працуе тут. А я абяцаю маліцца за вас разам з дзецьмі са С’ера-Леонэ. Дзякуй, што звязаліся са мной. З Богам!
 
Гутарыў Ілья Лапато OCDS



Даведка:
 
Рэспубліка С’ера-Леонэ — дзяржава ў Западнай Афрыцы, на беразе Атлантычнага акіяна. Плошча краіны — 72 тысячы квадратных кіламетры.
 
Салезіяне Дона Боска, Таварыства св. Францішка Сальскага або салезіяне (абрэвіятура SDB) — каталіцкая манаская кангрэгацыя папскага права, заснаваная св. Янам Боска ў 1859 годзе ў італьянскім Турыне. Місія салезіянаў развіваецца ў трох накірунках: праца з моладдзю, пастырская дзейнасць у парафіі і місіянерская дзейнасць у краінах, дзе не ведаюць пра Хрыста. У Беларусі салезіяне і салезіянкі працуюць у Мінску, Бараўлянах, Раўбічах, Смаргоні, Жупранах, Багданаве, Нестанішках, Барунах, Варнянах.
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.