Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння. «Proglas» — пра Бога па радыё
Інтэрв'ю
10.09.2014 10:56

На гэтым радыё гучыць фолк і класіка, тут транслююць святыя Імшы, а ў працы журналістам дапамагаюць каля 200 валанцёраў. Пра працу чэшскага сямейнага радыё «Proglas» расказвае намеснік галоўнага рэдактара і вядучы аддзела навін радыё «Proglas» Філіп Брэйндл.

Філіп прызнаецца, што сярэдні ўзрост у калектыве яго радыё адносна малады. Майму суразмоўцу 35 гадоў, а ён адзін з найстарэйшых у сваім аддзеле.

— Калі радыё толькі пачынала сваю працу, у нас працавалі пераважна студэнты. Некаторыя пасля засталіся. Сёння штат радыё «Proglas» налічвае каля 50 штатных журналістаў, а таксама да 200 валанцёраў і тых, хто працуе пазаштатна. Большасць супрацоўнікаў — журналісты, філолагі і тэолагі.

— Ці шмат католікаў у Чэхіі і наколькі запатрабавана хрысціянскае радыё?

— Увогуле ў Чэхіі жыве крыху больш за 10 мільёнаў чалавек, але практыкуючых католікаў з гэтай лічбы толькі пяць працэнтаў. Радыё «Proglas», аднак, добра ведаюць. Мы пазіцыянуем сябе як радыё для сям’і, якое абапіраецца на хрысціянскія каштоўнасці.

— З чаго ўсё пачыналася?

— Наша радыё (www.proglas.cz) пачало працаваць у 1995 годзе як прыватная ініцыятыва Марціна Холіка, чэшскага святара. У савецкі час ён належаў да т.зв. «тайнага Касцёла»: святарскае пасвячэнне ў часы камунізму кс. Марцін атрымаў таемна — у звычайным жыцці ён працаваў электраінжынерам. Ідэю стварыць каталіцкае радыё ён выношваў даўно. Але рэалізаваць яе змог толькі пасля падзення савецкай сістэмы. Сёння радыё «Proglas» — радыё для сем’яў, якія шануюць хрысціянскія каштоўнасці.

— Ці ёсць у штаце радыё святары ці кансэкраваныя асобы?

— Большасць нашых супрацоўнікаў — свецкія асобы. Некаторыя святары і кансэкраваныя асобы ў нас працуюць, але ў якасці валанцёраў. Праца радыё арганізавана ў рэдакцыі: рэдакцыя навін, музычная рэдакцыя, рэдакцыя рэлігіі і рэдакцыя дзіцяча-юнацкіх праграм. Кіраўніцтва радыё ўтварае яшчэ адну асобную рэдакцыю. Такім выглядае галоўны офіс радыё «Proglas» у чэшскім Брно. Але апрача Брно ў нас ёсць свае рэгіянальныя студыі (усяго іх сем). У кожнай з рэгіянальных студый ёсць свой рэдактар, у галоўным офісе ў нас 12 рэдактараў.

Структура перадач «Proglas»:
4,1 % Перадача для дзяцей і юнацтва
5, 6 % Фальклорная музыка
6, 3 % Малітвы і святыя Імшы
7, 5 % Культурная перадача
8, 7 % Адукацыйныя праграмы
9, 4 % Навіны і публіцыстыка
14, 9 % Класічная і духоўная музыка
43, 5 % Папулярная музыка

— У якой ступені прысутнічае на радыё цэнзура?

— Стасункі з Канферэнцыяй Біскупаў Чэхіі (ККБЧ) у нас добрыя. Канфліктаў з імі няма, наш шэф-рэдактар нават уваходзіць у склад Рады пры Канферэнцыі. Сама ж ККБЧ уключае ў сябе 17 біскупаў з васьмі дыяцэзій краіны. Але цэнзуры як такой з боку біскупаў у нас няма. Калі камусьці з біскупаў не падабаецца штосьці ў працы радыё «Proglas», то гэтае пытанне можа быць абмеркавана на пасяджэнні Медыярады пры ККБЧ. Аднак праходзіць гэта дастаткова мірна: у форме дыскусіі, без рэзкай крытыкі і цэнзуры.

Радыё «Proglas» і канкурэнцыя

— Якім чынам радыё «Proglas» удаецца быць фінансава забяспечанымі ў сённяшніх умовах крызісу сям’і і традыцыйных маральных каштоўнасцяў?

— Як я ўжо казаў, сапраўды, толькі пяць працэнтаў чэхаў — практыкуючыя католікі. Але нас слухаюць не толькі католікі. І, відаць, у гэтым ёсць адмысловая роля нашага поспеху. На радыё мы падымаем, безумоўна, рэлігійныя тэмы, але не толькі. Збольшага ахоплены ўвесь хрысціянскі спектр. Музыка ў нас таксама змешаная — шмат класікі і фолку. У перыяд станаўлення мы атрымлівалі падтрымку з Аўстрыі і ЗША, нам дапамагалі з «Рэнавабіс».

Сёння мы функцыянуем перадусім за кошт ахвяраванняў нашых слухачоў. Слухацкія ахвяраванні складаюць амаль 100 працэнтаў нашых даходаў.

— Можна казаць, што ў Чэхіі, як і ў Германіі, існуе адмысловая культура ахвяраванняў?

— Безумоўна. За год, дзякуючы падтрымцы слухачоў, мы атрымліваем да аднаго мільёна еўра прыбытку. Іншыя сумы прыходзяць у форме датацый з розных арганізацый. Ёсць у радыё «Proglas» і свой клуб сяброў (сёння ў ліку членаў клуба больш за 20 тысяч чалавек), якія таксама падтрымліваюць нас фінансава. Дадатковы прыбытак мы атрымліваем і ад продажу нашых перадач. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца т. зв. «тэалагічны лікбез», калі мы запісваем на CD-дыскі выпускі тэалагічных перадач, якія выходзяць у эфір на нашым радыё. Слухаць кожны выпуск атрымліваецца не ва ўсіх слухачоў, таму многія з іх ахвотна набываюць гэтыя перадачы ў выглядзе CD. Аднойчы такі дыск набыў нават фермер, які ўключаў нашы перадачы ў кабіне свайго трактара...

Філіп Брэндл падчас працы ў Афрыцы. Фота: прыватны архіў

— А як наконт канкурэнцыі?

— Канкурэнты ў нас ёсць, але канкурэнцыі няма (усміхаецца — заўв. аўт.). Напрыклад, пры ККБЧ выдаецца штотыднёвая газета, таксама працуе каталіцкае тэлебачанне (падтрымліваецца за кошт ахвяраванняў гледачоў). Але на гэтым рынку радыё «Proglas» мае вялікае дамінаванне. У некаторых аспектах (найперш фінансавым) мы з’яўляемся канкурэнтамі, бо ахвярадаўцы ў нас амаль тыя ж самыя. Але канкурэнцыі паміж намі не адчуваецца. Я сказаў бы, хутчэй наадварот: ёсць кааперацыя і сумесная праца. Напрыклад, дзесьці каталіцкае тэлебачанне здымае сюжэт, і мы пасля бяром у іх гук, а дзесьці мы дзелімся гукам, і карцінка проста накладваецца.

— Хто слухае радыё «Proglas»: якімі Вы бачыце сваіх слухачоў?

— Цяжка акрэсліць партрэт звычайнага слухача. Адмысловых даследаванняў мы не праводзілі. Але я ведаю дакладна, што нас слухаюць розныя пакаленні: як 12-гадовыя, так і 80-гадовыя. Шмат нас слухаюць у вёсках. Дарэчы, пажылыя людзі з глыбінкі — адна з асноўных катэгорый слухачоў, якія падтрымліваюць нас сваімі ахвяраваннямі.

Гутарыў Ілья Лапато

Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Таксама ў гэтай рубрыцы:
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.